Казка ажывае ў… пясочніцы

- 10:00Навіны рэгіёнаў

На карэкцыйна-развіццёвых занятках актыўна звяртаюся да пясочнай арт-тэрапіі. Спачатку прапаную дзецям стварыць карціну свайго настрою з дапамогай цацак, якія найбольш падабаюцца. Затым вучу маляваць хвалістыя лініі на пяску, пакідаць на ім сляды, адлюстроўваць розныя фігуры.

Дзякуючы пяску, ажываюць казкі, дзеці становяцца рэжысёрамі розных гісторый і адразу бачаць вынікі сваёй працы. Зрабіць гэта дапамагаюць сухі і вільготны пясок, вада і калекцыя мініяцюрных фігурак.

У казачную краіну дашкольнікі адпраўляюцца разам з Пясочным чалавекам — ахоўнікам чароўнай пясочніцы. Малышы ствараюць падводны свет, садок будучыні, краіну чароўных чалавечкаў і прынцэс…

Пясочная арт-тэрапія развівае творчае ўяўленне, мысленне і дробную маторыку. З дапамогай казкі дзеці пазбаўляюцца сарамлівасці і нерашучасці, закамплексаванасці. Гульня з пяском дапамагае выказаць тое, што малыш пакуль сам не ўсведамляе і не разумее.

Лілія КНУРЭНКА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 4 Ганцавіч.