Казка наяве

Падчас навагодніх святаў усе чакаюць цуду. Асабліва дзеці, абдзеленыя бацькоўскай увагай. Вось і выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку СПЦ Ашмянскага раёна дачакаліся часу цудаў: з мяшком падарункаў касмічных памераў завіталі Дзед Мароз і вясёлая Снягурка.

Падрыхтоўка да свята пачалася задоўга да яго наступлення. Педагогі з дзецьмі развучвалі вершы, песні і танцы, праводзілі гутаркі на тэму Новага года і навагодніх традыцый, рыхтавалі касцюмы. Зала дзіцячага сацыяльнага прытулку ператварылася ў зімовы пейзаж з упрыгожанай ёлкай і белымі гурбамі з арганзы і сняжынак.

Выступленне каля ёлкі глядзелі бацькі выхаванцаў і шматлікія госці. Павіншаваць калектыў са святам прыйшлі намеснік старшыні КДН Ашмянскага РВК Валянціна Яўташук, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Тэрэза Кураловіч, прадстаўнік Ашмянскай раённай арганізацыі “Белая Русь” Марына Ігнатовіч, актывісты БРСМ, а таксама прадстаўнікі ААТ “Аграпрамтэхніка”, ААТ “Агатбудсэрвіс” і інш.

Дзеці і дарослыя змаглі акунуцца ў святочную атмасферу прыгод, паўдзельнічаць у цікавых конкурсах, якія праводзілі Снягурка, Баба Яга і Лясун. Са з’яўленнем Дзеда Мароза пачалося сапраўднае свята з песнямі і танцамі, карагодамі вакол ёлкі. І хай кожны год злыя героі спрабуюць сапсаваць свята, выкрадаючы то Дзядулю Мароза або Снягурку, то падарункі, то навагодні настрой, яшчэ ні разу ім не ўдалося адмяніць Новы год. І цуд здараецца зноў і зноў: пад запаветнае “Раз, два тры, ёлачка, гары!” на навагодняй прыгажуні запальваюцца агеньчыкі, а шчаслівыя дзеці з поўнымі захаплення вачыма прымаюць падарункі з віншаваннямі, загадваюць запаветныя жаданні…

Новы Год — не проста свята з падарункамі, а час, калі мы можам паказаць усю любоў сваім родным, сябрам і блізкім. Кожны дом напаўняецца радасцю. На сэрцы цяпло, каля ззяючай агнямі ёлкі ўсе весяляцца і загадваюць жаданні. Бой курантаў… І вось надыходзіць Новы год!

Дык няхай спраўджваюцца жаданні і нашых выхаванцаў, галоўнае з якіх — каб мама і тата заўсёды былі побач!

Надзея КАМІНСКАЯ,
выхавальніца дзіцячага сацыяльнага прытулку СПЦ Ашмянскага раёна.