Казкатэрапія для дзяцей і дарослых

“Чытаючы дзецям казкі, мудрыя бацькі і педагогі ствараюць у іх пэўны запас псіхалагічнай трываласці, сімвалічны банк жыццёвых сітуацый. Галоўнае, каб сэнсы і ўрокі казак былі імі ўсвядомлены і засвоены. Для гэтага трэба працаваць з казкамі, аналізаваць іх”, — адзначае Святлана Валяр’янаўна Рэзнік, выхавальнік-метадыст ясляў-сада № 77 Гродна, педагог-псіхолаг з 20-гадовым стажам, якая вучылася казкатэрапіі ў аўтарскай школе беларускага псіхолага Наталлі Аляксандраўны Саковіч і сёння сама праводзіць семінары-практыкумы, майстар-класы і трэнінгі для педагогаў па інавацыйных метадах работы з казкай.

“У Ваўкавыскім педвучылішчы, дзе я вучылася, псіхалогію выкладала Таццяна Уладзіміраўна Жывіца, — прыгадвае Святлана Валяр’янаўна. — Калі я ўбачыла, як яна ўзаемадзейнічае з людзьмі, як падае матэрыял па псіхалогіі, я па-дзіцячы была захоплена, мне хацелася стаць такой, як яна. Паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на факультэт практычнай псіхалогіі. У пэўны момант зацікавілася такім кірункам у псіхалогіі, як бібліятэрапія, або тэрапія лячэння кнігай. Некаторы час працавала бібліятэкарам і заў­важыла, што пэўныя кнігі, якія прапаную людзям для чытання, дапамагаюць ім у пераадоленні той ці іншай сітуацыі або праблемы. І гэта не толькі духоўная літаратура, але і мастацкая, у тым ліку казкі. У дзяцінстве я чытала шмат казак, асабліва любіла Андэрсена, Фолькмана, з народных мне падабаліся, напрыклад, кубанскія казкі і, вядома, беларускія”.

Як расказала Святлана Валяр’янаўна, казкі бываюць а­ўтарскія і народныя, чароўныя і павучальныя, авантурныя і сацыяльныя, у форме легенд, навел і жартаў, а таксама казкі, якія дазваляюць атрымаць веды, уменні і навыкі, казкі, звязаныя са шлюбнымі адносінамі, а яшчэ — створаныя на аснове міфа пра ўзнікненне свету і яго будову. Па мэтавым прызначэнні вылучаюць казкі дыдактычныя (выкарыстоўваюцца для “ўпакоўкі” вучэбнага матэрыялу); псіхакарэкцыйныя (для мяккага ўплыву на паводзіны дзяцей, тлумачэння сэнсу таго, што адбываецца (да 11—13 гадоў); псіхатэрапеў­тычныя (лечаць душу, дапамагаюць выйсці з крызісу, раскрываюц­ь глыбінны сэнс падзей, што адбываюцца; не заўсёды адназначныя і са шчаслівым канцом, але глыбокія і пранікнёныя); медытатыўныя казкі (для назапашвання станоўчага вобразнага вопыту, зняцця псіхаэмацыянальнага напружання, стварэння ў душы лепшых мадэлей узаемаадносін, развіцця асобаснага рэсурсу; у іх няма канфліктаў і злых герояў).

Усе казкі з’яўляюцца развіццёвымі, паколькі фарміруюць пэўныя якасці асобы. Напрыклад, авантурная казка пра тое, як Братка Ліс ніяк не мог да­гнаць і з’есці Братку Труса. Тады ён вырашыў схітраваць, сказаўшы, што хоча жыць з Браткам Трусам у міры і згодзе. Але Братка Трус не даў сябе падмануц­ь. Гэтая казка не толькі пра хітрасць, але і пра кемлівасц­ь. Развіццю эмацыянальнай сферы спрыяе казка “Калабок”, да якой Святлана Рэзнік распрацавала 7 карэкцыйна-развіццёвых заняткаў з дзецьмі. У пачатку казкі мы адчуваем сум, але бабуля з дзядулем увасабляюц­ь радасць, дарога — здзіўленне, Заяц — страх, баязлівасць, Воўк — гнеў, злосць, агрэсію, Мядзведзь — самазадаволенне, уладу, Ліса — ліслівасць, хітрасць, цікаўнасць.

 “У 2015 годзе я скончыла аўтарскія курсы па казкатэрапіі Надзеі Аляксандраўны Саковіч — старшага выкладчыка кафедры псіхалогіі РІВШ, сэндплей-тэрапеўта, арт-тэрапеўта, казкатэрапеўта і практычнага псіхолага, — расказала Святлана Валяр’янаўна. — Гэтыя курсы не толькі навучылі мяне розным спосабам і метадам работы з казкай, але і моцна паўплывалі на мяне асабіста. Калі падчас групавых заняткаў мы складалі і аналізавалі казкі, адбываліся маё глыбіннае ўсведамленне самой сябе, карэкцыя ўнутраных крызісаў і паводзінскіх якасцей. Я зразумела і тое, што ў кожнага чалавека суб’ектыўны по­гляд на казку, кожны аналізуе яе скрозь прызму свайго света­погляду. Калі я, напрыклад, хрысціянін, веруючы чалавек, то казку буду аналізаваць з таго пункту гледжання, ці развівае яна духоўна-маральныя якасці, ці адлюстроўвае хрысціянскія каштоўнасці. І, напрыклад, у чароўнай казцы пра Ямелю на печы найперш адзначу, што галоўны герой незласлівы, просты, сціплы. А ў казцы “Лёгкі хлеб” звярну ўвагу на такую якасць, як працавітасць. Нашы продкі ў казках шмат гаварылі пра хрысціянскія каштоўнасці, не заўсёды называючы іх так: аб паслухмянстве і дабрыні, любові і пакоры, цярплівасці і лагоднасці, праўдзівасці і міласэрнасці, суперажыванні і су­працоўніцтве, уменні выходзіць з канфліктных сітуацый і перамозе дабра над злом. Бываюць казкі, дзе няма відавочнай перамогі дабра над злом і шчаслівага канца, як у нанайскай казцы “Айога” аб гультаяватай, скупой, злой і зайздроснай дзяўчынцы, якая была грубай са сваёй мамай, не хацела ёй дапамагаць і ў выніку ператварылася ў гусяня. У казцы гаворыцца пра пакаранне, каб чытачы разумелі, што вынікі дрэнных паводзін бываюць сумныя. Таксама ёсць вельмі натуралістычныя і нават жорсткія казкі, напрыклад, у Шарля Перо або Братоў Грым. Узгадайце “Воўка і семярых казлянят”, “Чырвоную Шапачку” ці “Спадарыню Мяцеліцу”. Як псіхолаг магу сказаць, што такія казкі цікавыя дзецям, бо дапамагаюц­ь перажываць і пераадольваць моцныя пачуцці (страх, агрэсію, адчай і г.д.). У той жа час дзіця праз такую казку бачыць дрэнны вынік, да якога прыводзяць агрэсія, злосць, нянавісць”.

Работа з казкай дае зваротную сувязь, паказвае, як ацэнь­ваюць паводзіны галоўнага героя тыя, хто побач, і што яны пры гэтым адчуваюць. Разам з педагогам дзеці павінны шукаць адказы на пытанні: пра што гэтая казка? Чаму яна вучыц­ь? Чаму герой робіць менавіта так? Чаго ён хацеў на самай справе? Як герой вырашае праблему, які спосаб паво­дзін або рашэння выбірае? Якія эмоцыі прыносяць паво­дзіны героя тым, хто побач? Якія эмоцыі выклікае кожны з эпізодаў і чаму? Хто ж такі па сутнасці галоўны герой?

“Для мяне работа з казкай кожны год раскрываецца новымі гранямі і ракурсамі, — адзначае Святлана Валяр’янаўна. — Вучу магчымасцям казкатэрапіі педагогаў. Распрацавала 6 семінараў-практыкумаў па казках, разлічаных на паўтары гадзіны кожны. Часам для сваіх выступленняў раблю кампіляцыю матэрыялаў з некалькіх семінараў. Першымі маімі слухачамі былі калегі з нашай установы. Таксама дзялілася вопытам і напрацоўкамі на ўзроўні горада, вобласці і краіны. Сёлета правяла майстар-клас па казкатэрапіі на базе дзіцячага філіяла Гро­дзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага для дзіцячых бібліятэкараў, якія працуюць у сельскай мясцовасці. Маімі слухачамі былі таксама педагогі нядзельнай школы пры храме.

Падчас семінараў “Падарожжа ў казачны свет” і “Даследаванне казак” звяртаюся да слухачоў: “Кожны чалавек, часта не ўсведамляючы таго, жыве ў сваёй казачнай прасторы, якую атрымаў у далёкім дзяцінстве. Мы ўсе з’яўляемся яго героямі. Часам гэта вельмі для нас стваральна, часам — драматычна, а часам — трагічна. На семінары кожны з вас пазнаёміць нас з казачнай прасторай, у якой ён, магчыма, таго не ўсведамляючы, жыве. Мы паспрабуем прааналізавац­ь праграмныя і любімыя вамі казкі па тыпах і функцыях, якія яны могуць выконваць для вас і вашых дзяцей”. У далейшым педагог прапануе калегам даследаваць іх любімыя казкі з выкарыстаннем псіхадраматычнай гульні. Казка — гэта заўсёды нешта чароўнае. Чараўніцтва валодае асаблівым станоўчым эфектам. Чараўнік — той, у каго ёсць незвычайныя стваральныя здольнасці: мастацтва фарміравання асаблівага стану душы, праяўлення стваральнай творчай сілы, трансфармацыі, ператварэння, змены і г.д. У­дзельнікі семінара-практыкуму “Чароўныя прадметы ў казках” вучацца развіваць у сабе сімвалічнае мысленне, разглядаюць спосабы пазбаўлення ад вядзьмарства ў чароўных казках, вывучаюць магчымасці і рэсурснае значэнне чароўных прадметаў на занятках з дзецьмі і ва ўласным жыцці і г.д. Існуючыя ў казках віды вядзьмарства: сон, ператварэнне ў жывёлу і інш. — можна спраектаваць на рэальныя жыццёвыя сітуацыі і праблемы чалавека. Казкі прапануюць спосабы пазбаўлення ад вядзьмарства, напрыклад: чароўнае зелле, жывую ваду, замову, якія таксама можна ператварыць у рэальныя псіхалагічныя практыкі (тэхналогіі) па пошуку вырашэння праблем. Напрыклад, слёзы (жывая вада, ачышчэнне, пазбаўленне ад цялесных заціскаў). Або замовы — у псіхалагічных тэхналогіях гэта работа з метафарамі, прыёмы пераканання, афірмацыі, аўтагенныя трэніроўкі, асабістая мантра (у будызме), малітва (праваслаўная псіхалогія), пацешкі, калыханкі і г.д. Адпраўляючыся ў падарожжа па казачных сюжэтах на семінары “Распрацоўка заняткаў з казкамі”, педагог ставіць мэту навучыць калег розным метадам распрацоўкі заняткаў з казкамі, узбагаціць іх педагагічнымі сакрэтамі выкарыстання казак, напісаць метафарычную казку пра жыццё, распрацаваць заняткі-прыгоды і карэкцыйна-развіццёвыя казкатэрапеўтычныя заняткі. На семінары-практыкуме “Складанне казак” Святлана Валяр’янаўна навучыць метадам і прыёмам складання развіццёвых, псіхакарэкцыйных, медытатыўных і псіхатэрапеўтычных казак.

Святлана Рэзнік займаецца з дзецьмі ў рамках дадатковай адукацыйнай паслугі “Урокі дабра”. Ва ўстанове з 2013 года дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Калектыў дзіцячага сада пачынаў працаваць у гэтым кірунку ў 2007 годзе з укаранення адпаведных праграм і інавацыйных праектаў. Педагогаў, якія заняты ў рабоце рэсурснага цэнтра, запрашаюць дзяліцца вопытам на курсы ў Гро­дзенскі абласны ІРА, а таксама ва ўстановы адукацыі вобласці.

На ўроках дабра Святлана Валяр’янаўна расказвае малышам пра Святое Пісанне, абмяркоўвае з імі біблейскія гісторыі пра жыціе Багародзіцы, Ісуса Хрыста, бітву Давіда і Галіяфа, пра Ноеў каўчэг. Праводзіць дыдактычныя і рухавыя гульні, фізкультхвілінкі і псіхагімнастыку. Выкарыстоўвае вучэбны наглядны дапаможнік — фланелеграф казак і біблейскіх гісторый (дошку, абцягнутую фланеллю, на якую мацуюцца выразаныя фігуркі), а таксама макет каласка, які дапамагла зрабіць выхавальніца Алена Іванаўна Дабрыянец, дзе кожнае зерне — пэўная дабрадзейнасць, напрыклад, пакора. На прыкладзе прытчаў з жыцця Ісуса Хрыста Святлана Валяр’янаўна расказвае выхаванцам пра дабрадзейнасц­ь, дзе яна прадстаўлена ў Святым Пісанні. Дамашні ўклад праваслаўнай сям’і можна разгледзець з выкарыстаннем макета дома. Яго падмурак з камянёў — гэта вера, на­дзея, любоў. Праца змацоўвае цэментам камяні. Сцены — гэта межы паміж знешнім і ўнутраным, фасад дома — тое, што сям’я дазваляе бачыць іншым, за фасадам дома — унутраны свет сям’і.

“Мы разважаем з выхаванцамі аб тым, чаму вучыць тая ці іншая казка, які герой ім больш за ўсё спадабаўся і чаму, на каго б яны хацелі быць падобнымі, — гаворыц­ь педагог. — Знаёмлю дзяцей з асновамі праваслаўнай культуры з пункту гледжання культуралагічнага аспекту, абрадавых форм не праводзім. Ставім спектаклі ў нашым ценявым тэатры, а таксама батлеечныя пастаноўкі. Музычны кіраўнік Наталля Фёдараўна Валуевіч з’яўляецца рэжысёрам і пастаноўшчыкам, а выхавальніца Святлана Іванаўна Васілеўская — аўтар сцэнарыяў. Батлеечных лялек вырабляе выхавальніца Тамара Ва­сільеўна Якаўчык”.

“Разам з калегай з дзіцячага сада Вольгай Аляксандраўнай Чайкоўскай і са старшакласнікамі-валанцёрамі з сярэдняй школы № 6 Гродна мы ездзім у сацыяльны прытулак вёскі Лойкі, дзе праводзім арт-тэрапеўтычныя трэнінгі з дзецьмі, — расказвае Святлана Рэзнік. — У дзяцей, якія знаходзяцца там, абвостраны пачуцці, шмат страхаў: альбо іх вернуц­ь у сям’ю, калі бацькі выправяцца, альбо адправяць у дзіцячы дом. Улічваючы псіхалагічны стан і патрэбы гэтых дзяцей, стараемся дапамагчы ім перажыц­ь гэтыя моманты пры дапамозе метадаў арт-тэрапіі, знайсці ўпэўненасць у сабе, зразумець сваю ідэнтычнасць. Напрыклад, робім з імі маскі. Я задаю дзецям любое пытанне, напрыклад: “Што ў вас ёсць добрага?” Яны па чарзе адказваюць. Потым расказваю, што ў італьянскай Венецыі праходзяць цікавыя фестывалі і карнавалы, дзе лю­дзі надзяваюць маскі, паказваю ім відэаролік з такога фестывалю і прапаную самім зрабіць маскі з тых нарыхтовак, што мы прыносім (кардон, паеткі, пластылін, клеявыя пісталеты, пацеркі, тасёмкі і інш.). На працягу 40 мінут кожнае дзіця з нашай дапамогай робіць маску і прэзентуе яе. Часта іх маскі з адмоўнай ідэнтычнасцю, бо яны думаюць пра сябе дрэнна. Напрыклад, дзіця гаворыць: “Я пажар, я ўсё спальваю”. Але я гавару яму: “Каля цябе можна пагрэцца, з тваёй дапамогай можна згатаваць ежу”. Такім чынам, мы пашыраем яго разуменне самога сябе і тое, у якіх сітуацыях яму можна сябе праявіць (не толькі ў адмоўных). Ці, напрыклад, хлопчык або дзяўчынка гаворыць: “Я мячык, мяне ўсе штурхаюць”. І зноў мы з калегай выцягваем падапечнага з гэтага стану: “Дзякуючы табе адбываецца цікавая гульня, ты дапамагаеш вый­граць спаборніцтвы камандзе”.

Калі ў дзіцяці шмат агрэсіі, прапаную зрабіць барэльеф пачуццяў. Пазначаем колерамі пачуцці, напрыклад: страх бу­дзе чорным, злосць — чырвоная і г.д. Дзеці бяруць пластылін адпаведнага колеру і размазваюць па кардоне, як бы перажываючы пэўнае пачуццё, а потым на гэтым фоне робяць прыгожую карціну пры дапамозе паетак, пацерак, каб суцэльны чорны фон зрабіць больш пазітыўным. Так мы дапамагаем дзецям пражыць свае эмоцыі. Можам зрабіць рыцарскія мячы з газеты, каб яны пагулялі і такім чынам праявілі сябе.

Падчас такіх заняткаў мы, дарослыя, дапамагаем не толькі дзецям, але і самім сабе, таму ўнутранаму дзіцяці, якое ёсць у кожным з нас і якое таксама мае патрэбу ў чараўніцтве”.

Надзея ЦЕРАХАВА.