Казкі старажытнай “Батлейкі”

У яслях-садзе № 15 Смаргоні (Гродзенская вобласць) шмат увагі ўдзяляецца выхаванню ў дзецях патрыятызму, паважных адносін да духоўнага багацця краіны, фарміраванню ў маленькіх грамадзян пачуцця гордасці за сваю прыналежнасць да народа, які мае такую багатую культуру, развіццю ў іх цікавасці да беларускага казачнага эпасу праз удзел у тэатры “Батлейка”.

“Батлейка”— старажытны лялечны тэатр. Яго творчасць з’яўляецца адной з самых цікавых старонак у гісторыі народнага тэатральнага мастацтва. Таму ў педагогаў нашага сада і ўзнікла ідэя стварыць ва ўстанове такі тэатр. На працягу апошніх сямі гадоў я з’яўляюся яго кіраўніком.
Стварэнне “Батлейкi” праходзіла наступным чынам. Батлеечную скрыню мы вырабілі з фанеры і ўпрыгожылі яе геаметрычнымi фiгурамi з саломы. Наша батлейка мае гарызантальныя ярусы-сцэны з адтулінамі, прызначанымі для кіравання лялькамі. Да вырабу лялек мы таксама падышлі з усёй адказнасцю.З ліку таленавітых супрацоўнікаў стварылі творчую групу “Пралесачка”, якая і займалася непасрэдна вырабам лялек для садаўскага тэатра. Выраблялі іх з тканіны, пенапласту, паралону, а потым апраналі і размалёўвалі. Кожную ляльку мы прымацоўвалі да драўлянага або металічнага стрыжня, пры дапамозе якога можна было кіраваць персанажамі праз адтуліны ў ярусах сцэны.
“Пралесачка” прадставіла сваіх лялек на раённым конкурсе сярод дашкольных устаноў “Гульня і цацка сваімі рукамі” і ў намінацыі “Тэатральныя цацкі” заняла прызавое месца.Тэма нашай першай пастаноўкі была біблейскай. Потым мы перайшлі да беларускага казачнага эпасу, таму што найбольш папулярнымі і даступнымі для дашкольнікаў з’яўляюцца казкі. Яны знаёмяць дзяцей з мудрасцю продкаў, выхоўваюць у іх назіральнасць, кемлівасць, фарміруюць эстэтычны густ.
Кожны наш спектакль пачынаецца выхадам на сцэну беларускіх народных персанажаў — пеўніка, гаспадара і гаспадыні, казы і г.д. Музычнае суправаджэнне з’яўляецца найважнейшым кампанентам спектакляў. Яно служыць своеасаблівым сімвалічным падтэкстам, бязмежна абагачаючы сэнс пастаноўкі. Музыка дапамагае акцёрам настройвацца на ролю, а гледачам — лепш успрымаць дзейства. Пастаноўкі лялечнага тэатра “Батлейка” радуюць гледачоў падчас правядзення музычнай гасцёўні, з’яўляюцца неад’емнай часткай усіх забаў і свят.
Спачатку выхаванцы былі толькі гледачамі спектакляў, а потым паступова і самі сталі акцёрамі і пачалі агучваць ролі персанажаў. Дзеці заўсёды знаходзяцца за батлейкай і агучваюць лялек, а дарослыя дапамагаюць ім кіраваць лялькамі. Усе казкі гучаць па-беларуску, што дазваляе далучаць дзяцей да багацця роднай мовы, фарміраваць паважныя адносіны да яе. Тэатральна-гульнявая дзейнасць спрыяе развіццю творчых здольнасцей выхаванцаў, уменню перадаваць настрой персанажа, яго характар.
У апошнія гады ўдзельнікамі тэатра “Батлейка” было паказана шмат прадстаўленняў, такіх як “Зайкава хатка”, “Казка пра гаспадара Хвядоса, яго жонку, яе дачку Хвеську і Настачку”, “Як кот звяроў напалохаў”, “Мядовая хвароба”, “Каза-манюка” і інш.
І дзеці, і дарослыя любяць казкі і вераць у цуды. А іх можна стварыць сваімі рукамі, трэба толькі быць больш настойлівымі, абудзіць сваю фантазію, і тады вас чакаюць вясёлыя прыгоды, цікавыя сустрэчы з казачнымі персанажамі і чароўны настрой.

Алена ТРАСКОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 15 Смаргоні.