Казярог Угі запрашае ў Гранаду

- 12:36Спартыўныя падзеі

У іспанскую Гранаду, дзе праходзіць другі этап Сусветнай зімняй універсіяды-2015, прыбылі спартыўныя дэлегацыі. Нагадаем нашым чытачам, што першая частка спаборніцтваў, якія называюць студэнцкімі Алімпійскімі гульнямі, прайшла ў цэнтры зімовых відаў спорту Штрбске-Плеса і Осрблье (Славакія). Учора ўвечары адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця (справаздачу пра якую чакайце крыху пазней), а праграма спаборніцтваў пачалася з выступлення гарналыжнікаў, фігурыстаў і хакейных матчаў.

На жаль, беларускага студэнцкага хакея мы ў Гранадзе не ўбачым, а вось фігурнае катанне будзе прадстаўлена ў поўнай меры. Павел Ігнаценка, студэнт Расійскага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, спорту, моладзі і турызму, які з’яўляецца грамадзянінам Беларусі і на сённяшні дзень нумарам адзін беларускага фігурнага катання, а таксама Антон Карпук, які прадстаўляе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, выступяць у адзіночным катанні. Марыя Палякова і Мікіта Бачкоў, якія вучацца ў Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэте (таксама грамадзяне Беларусі), прадставяць парнае фігурнае катанне.
У гарналыжным спорце чакаем выступлення студэнтаў БДУФК Марыі Шканавай і Данііла Чарціна, студэнта Нацыянальнага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, спорту і здароўя імя Лесгафта грамадзяніна Беларусі Юрыя Данілачкіна.
Напярэдадні ў Гранаду са Славакіі прыбылі агонь і сцяг універсіяды. Сустракаючы сцяг, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FISU) Клод-Луі Гальен падзякаваў усім, хто далучыўся да гэтай знакавай падзеі і тым самым выказаў сваю павагу да спартыўнага форуму, які праводзіцца ў розных краінах свету. Мэр горада і прэзідэнт аргкамітэта Хасэ Торэс Уртада падкрэсліў, што ўніверсіяда ў Гранадзе — сапраўднае шчасце, бо гэта магчымасць паказаць свой горад усяму свету. Таксама ён выказаў упэўненасць, што арганізацыя ўніверсіяды ў Гранадзе стане па-сапраўднаму паспяховай.
Талісманам сёлетняй зімняй універсіяды стаў іспанскі казярог Угі, распрацаваны дызайнерам Пабла Унсетабарэнечэа. Па задуме Пабла, ён сімвалізуе такія каштоўнасці, як сіла, уменне і годнасць, — усё, што характэрна для спорту. Пабла прызнаецца, што спецыяльна зрабіў вочы Угі крыху асіметрычнымі, каб надаць яго позірку больш мяккасці і дружалюбнасці.
Пасламі ўніверсіяды ў Гранадзе сталі шасціразовая пераможца Кубка свету гарналыжніца Марыя Хасэ Рыенда, член іспанскай нацыянальнай зборнай па гарналыжным спорце Караліна Руіз, а таксама вядомы ў Іспаніі мотагоншчык Мігель Пуэртас. Акрамя непасрэдна спартыўнай кар’еры, паслы займаюцца папулярызацыяй каштоўнасцей, што і з’яўляецца сутнасцю ўніверсіяды.
Сёння цэнтрам спартыўных падзей сталі гарналыжныя спускі курорта Сьера-Невада, а таксама спартыўны палац і спартыўны комплекс “Іглу Гранада”, дзе праходзяць хакейныя матчы і спаборніцтвы па фігурным катанні.

Хварэем за нашых!

Наталля АЛЁХІНА.