Кіданні мяча

Спецыяльна-падводзячыя і спецыяльна-падрыхтоўчыя лёгкаатлетычныя практыкаванні

Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя вялікі педагог і арганізатар фізкультурнага руху Пётр Францавіч Лесгафт гаварыў, што “кіданні разам з бегам складаюць самыя старажытныя, самыя натуральныя і самыя распаўсюджаныя практыкаванні, пры дапамозе якіх выгадней за ўсё падтрымліваць правільнае развіццё арганізма”. Гэтае сцвярджэнне застаецца актуальным і сёння.

Асаблівасці тэхнікі кіданняў патрабуюць добрай каардынацыі рухаў, дастатковай рухавасці ў суставах, выбуховай сілы, развіцця асноўных мышачных груп чалавека, што актуальна для фізічнага развіцця і фізічнага выхавання навучэнцаў. Кіданні маюць таксама важнае прыкладное значэнне, навык кідальных рухаў выкарыстоўваецца ў гульнявых дзеяннях у гандболе, бейсболе, народных і рухавых гульнях многіх народаў свету. Усё гэта сведчыць пра важнасць і значнасць кідальных рухаў у фізічным выхаванні навучэнцаў.

Дзеці вучацца кіданням значна пазней, чым скачкам, таму навучанню кідальным рухам павінна ўдзяляцца асаблівая ўвага ўжо з І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Ад таго, наколькі правільна і дакладна ў гэтым узросце навучэнцы авалодаюць асновамі тэхнікі кідальных рухаў, будзе ў значнай ступені залежаць паспяховае засваенне праграмнага матэрыялу па фізічнай культуры і здароўі на ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама пры навучанні ў спартыўных школах, на занятках у гуртках і секцыях.

Заняткі на кіданне мяча патра­буюць выканання мер засцярогі ў дачыненні да навакольных і тых, хто сам займаецца, таму што пры парушэнні тэхнікі бяспекі гэтая лёгкаатлетычная прылада ўяўляе сур’ёзную пагрозу. Фарміраванне тэхнікі лёгкаатлетычных кіданняў мяча звязана з развіццём у навучэнцаў такіх якасцей, як сіла, хуткасць, трыва­ласць. Шляхам шматразовых трэніровачных заняткаў навучэнец развівае гэтыя якасці і набывае пэўны рухальны навык у выбраным ім варыянце тэхнікі кіданняў спартыўных прылад. Важна адзначыць, што класы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі значна адрозніваюцца адзін ад аднаго ўзроўнем фізічнай падрыхтаванасці.

Як паказвае практыка, адны з самых нізкіх вынікаў па лёгкай атлетыцы назіраюцца ў кіданні мяча — як у хлопчыкаў, так і ў дзяўчынак. На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў гэтых навучэнцаў закладаюцца самыя простыя асновы кідання малога мяча, таму падчас вучэбных заняткаў, у секцыі агульнай фізічнай падрыхтоўкі для паспяховага засваення тэхнікі кідання мяча неабходна паслядоўна вырашаць наступныя задачы: навучанне кіданню малога мяча пасля выканання скрыжаванага кроку, навучанне кіданню малога мяча пасля шматразовага выканання скрыжаваных крокаў, навучанне адвя­дзенню рукі з мячом у хадзьбе і ў час павольнага бегу. Толькі пасля гэтага мэтазгодна падыхо­дзіць да галоўнай мэты — навучання кіданню мяча пасля выканання кідковых крокаў.

Ужо на першых занятках неабходна адпрацоўваць кідок мяча з месца спосабам з-за галавы праз плячо з зыходнага становішча, стоячы левым бокам у напрамку кідання, з адведзенай рукой пасля замаху. У гэтым практыкаванні навучэнцы выконваюць асноўныя элементы тэхнікі кідання — падрыхтоўку да фінальнага намагання і сам кідок. Гэтыя элементы тэхнікі (рухі пачатку фінальнага намагання (у выглядзе імітацыі гэтага руху) і сам кідок) навучэнцы павінны адпрацоўваць як на ўроках, так і на секцыйных занятках па агульнай фізічнай падрыхтоўцы.

Пры выкананні кідковых крокаў асноўную ўвагу неабходна звяр­таць на тое, што ногі, якія выконваюць крокі наперад і ў пэўным рытме і з паскарэннем у напрамку кідання, абга­няюць верхнія звёны цела кідальніка (руку з мячом, плечавы пояс) і таз, спрыяючы прыняццю найбольш зручнага становішча для выканання магутнага намагання для завяршальнага кідка і выклікаючы пры гэтым аптымальнае расцягванне мышцаў, якія актыўна ўдзель­нічаюць у кіданні. На занятках важна звяртаць увагу навучэнцаў і на характар крокаў пры падрыхтоўцы да кідка (яны спружыністыя і эластычныя), бо пастаноўка напружаных (пругкіх) ног, гатовых да імгненнай работы, у апошніх кроках узмацняе рэакцыю ў адказ з боку апоры і тым самым стварае ўмовы для выканання больш магутнага фінальнага руху пры кідку.

Пры выкананні кідковых крокаў асабліва важнай з’яўляецца ўзгодне­насць руху ног і адвядзення рукі з мячом у спалучэнні з адначасовым паваротам плечавога пояса ўправа. Для авалодання трэцім кідковым крокам (скрыжаваным) дзеці вучацца спалучэнню махавога руху правай нагой з акцэнтаваным адштурхоўваннем левай і вынасам яе ўперад да прызямлення на правую, а таксама своечасоваму пачатку разгінання правай нагі. Важным на гэтым этапе з’яўляецца навучанне практыкаванню кідання з 2—4 скрыжаваных крокаў, якое выконваецца ў рытме кідковых крокаў, а потым у рытме звычайнага бегу бокам уперад скрыжаванымі крокамі, хуткім вынасам і пастаноўкай нагі ва ўпор. Пры прызямленні на правую нагу левая павінна быць уперадзе апоры.

Навучаючы адвядзенню рукі з мячом, асаблівую ўвагу трэба звяртаць на своечасовы пачатак гэтага руху. Пачынаецца ён, як правіла, з кроку правай нагі. Кідальнік пры гэтым паварочвае плечы ўправа і адначасова выпроствае руку (па іх восі) з мячом. Вельмі важна, што пры выкананні другога кроку (да моманту яго заканчэння) рука выпростваецца цалкам, а кісць з мячом пры гэтым не апускаецца ніжэй за вуха, а погляд кідальніка павінен быць накіраваны ўперад уверх.

Падчас падрыхтоўкі да спаборніцтваў таксама асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца развіццю фізічных якасцей навучэнцаў. Для гэтага неабходна прымяняць спецыяльна падабраныя практыкаванні, якія спрыяюць развіццю і ўдасканаленню рухавасці ў плечавых суставах, у грудным аддзеле пазваночніка, а таксама развіццю хуткасна-сілавых якасцей, гнуткасці. На занятках таксама неабходна выкарыстоўваць і рухавыя гульні, якія спрыяюць замацаванню тэхнікі кідання, разві­ваюць рухальныя здольнасці навучэнцаў.

Паляпшэнню кідання малога мяча на дальнасць спрыяе правільнае выкананне кідковых крокаў. Пры іх выкананні вельмі важна, каб кідальнік прыйшоў у такое становішча, якое спрыяе ўздзеянню на прыладу ў фінальным намаганні на вялікім шляху і ў патрэбным напрамку. Гэта ў сваю чаргу стварае аптымальныя ўмовы для скарачэння мышцаў за кошт іх папярэдняга расцягвання і забяспечвае эфектыўнае ўзаемадзеянне знешніх і ўнутраных сіл дзякуючы выкарыстанню хуткасці разбегу.

Для дасягнення больш высокіх вынікаў у кіданні мяча навучэнцам у якасці дамашняга задання прапаноўваюцца розныя практыкаванні.

У перспектыве неабходна выкарыстоўваць магчымасці трэнажорных залаў школы для падрыхтоўкі навучэнцаў у лёгкаатлетычных кіданнях мяча на працягу ўсяго навучальнага года з мэтай паспяховага выступлення на спаборніцтвах рознага ўзроўню. А для папулярызацыі лёгкай атлетыкі ва ўстановах адукацыі накіроўваць навучэнцаў у спартыўныя секцыі адпаведнага профілю дзіцячых юнацкіх спартыўных школ.

Вельмі важным аспектам з’яўляецца выпраўленне памылак, якія ўзнікаюць пры навучанні кіданню мяча.

Памылкі ў разбегу. Змяншэнне хуткасці ў канцы папярэдняга забегу, непападанне на кантрольную адзнаку. Напружаны бег. Занявольванне рукі з мячом. Выпраўленне памылак. Удакладніць даўжыню і колькасць крокаў папярэдняга разбегу, паўторнае выкананне разбегу з мэтай дабіцца свабодных і натуральных рухаў. Удзяліць больш увагі бегавой падрыхтоўцы, дабіваючыся стандартных крокаў у разбегу.

Памылкі пры выкананні кідковых крокаў. Празмернае зніжэнне хуткасці ў кідковых кроках, асабліва перад кідком. Вельмі высокае ці вельмі нізкае становішча рукі з прыладай перад кідком. Адсутнасць дастатковага абгону прылады, вялае ці вельмі кароткае выкананне скрыжаванага кроку. Выпраўленне памылак. Паўторнае выкананне разбегу з адвядзеннем мяча ў зыходнае становішча перад кідком. Практыкаванні ў адвядзенні мяча на патрэбную вышыню на месцы, у ха­дзьбе і бегу. Трэніроўка ў выкананні кідковых крокаў з мэтай своечасовага абгону прылады, бег скрыжаванымі крокамі.

Памылкі ў кідку мяча. Апусканне локця ў час кідка, кіданне сагнутай рукой. Адхіленне кідальніка ўлева, кідок збоку. Ранні рух тулавам пры кідку з месца. Кіданне выконваецца ў асноўным адной рукой. Выпраўленне памылак. Імітацыя захопу пры падтрымцы настаўнікам локця рукі, якая кідае. Імітацыя выканання кідка без адхілення ўлева, павелічэнне павароту плячэй і адвядзенне рукі за спіну пры абгоне прылады. Утрымліваць тулава да моманту пастаноўкі левай нагі на грунт; умацаванне ног, выкананне скачковых практыкаванняў і практыкаванняў для тулава, звязаных з захаваннем паставы. Захоп пачынаць з адрыву правай пяткі ад грунту, утрымліваючы пры гэтым вось плячэй і нахіл тулава.

Для тэхнічна правільнага выканання лёгкаатлетычных кіданняў мяча навучэнцы павінны валодаць гнуткасцю, спрытнасцю і трываласцю, для чаго неабходна выкарыстоўваць практыкаванні, якія характарызуюцца вялікай фізічнай нагрузкай і кароткачасовасцю яе выканання. Метадычна правільна распрацаваныя комплексы спецыяльна-падводзячых і спецыяльна-падрыхтоўчых практыкаванняў, якія выкарыстоўваюцца на занятках, дазваляюць эфектыўна фарміраваць тэхніку лёгкаатлетычных кіданняў мяча ў навучэнцаў ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Аляксандр ЯРАШ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 16 Мазыра.
Фота Віктара ЦЫРУЛІКА.