Кім быць? Дзе жыць?

- 10:36Навіны рэгіёнаў

Пытанне “Кім быць?” маладыя людзі вырашаюць, як правіла, задоўга да пачатку ўступнай кампаніі. А вось пытанне “Дзе жыць?” перад многімі паўстае значна пазней, і большасць іншагародніх студэнтаў, зразумела, разлічваюць на месца ў інтэрнаце. Большасць гэтае месца звычайна і атрымлівае: забяспечанасць студэнтаў такімі месцамі паступова расце. Таксама важна, каб гэтае жыллё было прыстасаваным для патрэб студэнтаў, утульным. Лета якраз той час, калі УВА і іншыя ўстановы адукацыі рыхтуюць свае інтэрнаты да засялення — яно пачынаецца гэтымі днямі. Мы вырашылі даведацца, якія ўмовы і магчымасці прапануюць інтэрнаты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Cучасныя інтэрнаты ўражваюць нават знешнім выглядам.

Дзевяць студэнцкіх дамоў

Інтэрнатаў у БДЭУ дзевяць, размяшчаюцца яны на розных вуліцах сталіцы, пабудаваны ў розны час. У іх больш за 5 тысяч месцаў для пражывання, частка з якіх (1 тысяча з лішкам) прадастаўлена для тых, хто вучыцца ў іншых УВА. У інтэрнатах №№ 1, 9 ёсць 17 месцаў для пражывання студэнтаў з інваліднасцю. У сувязі з эпідэміяй каранавіруса ў інтэрнатах №№ 1, 3, 5, 6, 8, 9 арганізаваны ізалятары агульнай умяшчальнасцю 45 ложкаў, у якіх устанавілі бактэрыцыдныя лямпы, закупілі камплекты біялагічнай засцярогі для работнікаў інтэрнатаў. 

Сёлета забяспечанасць месцамі студэнтаў БДЭУ скла­дзе каля 70%. Летась усе першакурснікі былі забяспечаны месцамі ў інтэрнатах, спадзяёмся, што і сёлета будзе гэтак жа. 

Самы новы інтэрнат эканамічнага ўніверсітэта знаходзіцца ў студэнцкай вёсцы, ён жа і самы вялікі. У гэтым 25-павярховым будынку жывуць больш за 600 студэнтаў эканамічнага ўніверсітэта, а таксама студэнты іншых УВА: Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — усяго ў інтэрнаце 446 блокаў на 1808 месцаў. Ёсць блокі двухпакаёвыя для пражывання чатырох і шасці чалавек, ёсць аднапакаёвыя, дзе жывуць тры чалавекі. 

Студэнты маюць магчымасць карыстацца пакоямі самападрыхтоўкі (іх больш за 50), спартыўнымі пакоямі, памяшканнямі для настольных гульняў, пакоем гуртковай работы, канферэнц-залай, залай пасяджэнняў студэнцкага савета, ёсць тут і музей беларускай нацыянальнай культуры і быту, метадычны кабінет. Акрамя таго, абсталяваны пральня самаабслугоўвання на 22 пральныя і 6 сушыльных машын, а таксама прасавальны пакой на 22 рабочыя месцы. У гэтым жа будынку знаходзіцца амбулаторыя 33-й студэнцкай паліклінікі. Карацей, зручнасцей шмат і гэта пры тым, што я, напэўна, пералічыла не ўсе з іх.

Зразумела, што любы інтэрнат у студэнцкай вёсцы служыць прыкладам сучаснага, найбольш камфортнага і добра ўладкаванага жылля для студэнтаў. Але гэта не значыць, што іншыя інтэрнаты, нават самыя старыя, немагчыма вывесці на новы ўзровень. Так, адзін з найбольш старых будынкаў сярод інтэрнатаў БДЭУ займае інтэрнат № 1 на вуліцы Бабруйскай, што недалёка ад чыгуначнага і цэнтральнага аўтобуснага вакзалаў, — будынку больш за 60 гадоў. І тым не менш некалькі гадоў назад гэты інтэрнат стаў лепшым, перамог у сваёй намінацыі на лепшы інтэрнат УВА сталіцы. Экскурсію, якую для журналістаў “Настаўніцкай газеты” тады арганізавалі супрацоўнікі інтэрната, я памятаю і сёння: у параўнальна маленькім інтэрнаце (на 242 месцы) былі абсталяваны спартыўная зала з трэнажорамі, пральня, гасцёўня і шмат іншага, што з’явілася тут пасля капітальнага рамонту, на які выкарыстоўваліся ў вялікай ступені пазабюджэтныя сродкі.

Кароткі перапынак у рабоце.

Час рамонтаў

Напэўна, два інтэрнаты, пра якія расказана вышэй, прадастаўляюць максімум таго, што могуць атрымаць ад часовага агульнага жылля студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Але гэта не значыць, што іншыя інтэрнаты ў меру сваіх магчымасцей не імкнуцца да “залатога стандарту”. З капітальнымі рамонтамі, канечне, не так проста, але яны плануюцца, дзе гэта трэба. З касметычнымі прасцей, іх робяць, як мінімум, кожнае лета. 

— Акрамя таго, з верасня мінулага года да чэрвеня гэтага для інтэрнатаў набылі 1177 адзінак мэблі больш чым на 95 тысяч рублёў, 67 адзінак электрабытавога абсталявання на 20 з лішкам тысяч, 475 адзінак мяккага інвентару на суму 54 622 рублі, — расказвае Вольга Станіславаўна Руткоўская, якая часова выконвае абавязкі начальніка студгарадка БДЭУ. — На працягу навучальнага года эксплуатацыйна-тэхнічны аддзел універсітэта сумесна з адміністрацыяй студэнцкага гарадка праводзіць абследаванні ўмоў пражывання ў інтэрнатах для падтрымання іх у належным стане. Спецыялісты вымяраюць параметры мікраклімату ў жылых пакоях: тэмпературу, адносную вільготнасць.

Таксама заменены ўсе вокны ў жылых пакоях інтэрната № 7, часткова — у інтэрнатах №№ 6 і 8, работы па замене вокнаў вядуцца ў інтэрнатах №№ 3 і 4. Прадугледжана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі па рэканструкцыі будынка інтэрната № 2, распрацоўка такой дакументацыі для замены ліфтавога абсталявання ў інтэрнаце № 6. На сёлетняе лета ва ўніверсітэце, у адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы інтэрнатаў да засялення студэнтаў, выконваецца нямала работ: прафілактычныя і бягучыя работы месцаў агульнага карыстання, замена сантэхнікі і электрычнага абсталявання. 

Фарбаванне — адна з найбольш частых работ, якія выконваюць байцы будатрадаў.

Што можам, робім самі

Зразумела, што многія работы могуць выконваць толькі кваліфікаваныя спецыялісты. Але ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, як і ў многіх іншых установах адукацыі, пасільны ўклад у падрыхтоўку інтэрнатаў і вучэбных карпусоў уносяць студэнцкія будаўнічыя атрады. Напрыклад, у інтэрнаце № 3, куды мы заглядваем з Вольгай Станіславаўнай, у трэнажорнай зале сустракаем дзяўчат і хлопца, якія фарбуюць сцены і падлогу памяшкання. Камандзір будаўнічага атрада Ганна Паддубоцкая, студэнтка 3 курса факультэта міжнародных эканамічных адносін, расказвае, што камандзірам яна была і ў папярэднім месяцы. Той будатрад называўся “Наргас”, цяперашні — “Эканаміст”. У ліпені ў атра­дзе працавалі 53 чалавекі, у жніўні — 47 з розных факультэтаў і розных курсаў.

— Летась я сама працавала падсобным рабочым, а сёлета стала камандзірам, — расказвае дзяўчына. — У нашым будаўнічым атрадзе ёсць два падраздзяленні: мабільная брыгада, у якой працуюць 10 хлопцаў, падраздзяленне для ўсіх астатніх членаў атрада, якія працуюць у розных інтэрнатах. Хлопцы з мабільнай брыгады выконваюць цяжкія работы па пагрузцы-разгрузцы, я кожны дзень агучваю новыя заданні на планёрцы.

Варта дадаць, што байцы студатрадаў маюць ільготы пры размеркаванні месцаў у інтэрнатах, але пры ўмове, што маюць (пэўны і даволі высокі) сярэдні бал. Працуюць у студатрадах і мінчане, якім месцы не патрэбны, але якія жадаюць папрацаваць і зарабіць пэўныя грошы. Адна з дзяўчат расказала, што ў ліпені атрымала 560 рублёў, як прыкладна і разлічвала, ідучы ў будатрад.

У інтэрнаце № 4 студэнты таксама заняты фарбаваннем. Гэты будынак, узведзены ў 1976 годзе, разлічаны на 544 месцы. Адна з дзяўчат, з якой мы сустракаемся, студэнтка факультэта права, расказвае, што ўжо другі месяц праводзіць у будаўнічым атрадзе. Яна і яе калегі па атрадзе гавораць, што займаліся не толькі фарбаваннем, але і шпаклявалі, мылі вокны і г.д. Прызнаюцца, што 8-гадзінны працоўны дзень на фізічнай рабоце аказаўся больш цяжкім, чым яны ўяўлялі, але пра свой выбар не шкадуюць. “Затое я цяпер разумею, чаму бацькам, калі яны прыходзяць з работы, так важна адпачыць”, — дадае адна з маіх суразмоўніц. Расказвае таксама, што скарысталася летнім часам для вучобы на курсах па ваджэнні аўтамабіля. Ды і атрад — гэта не толькі работа, гэта яшчэ і сумесныя мерапрыемствы, паходы ў кіно, напрыклад. 

У іншых інтэрнатах будатрадаўцы таксама паспява­юць многае. Так, у інтэрнаце № 6 студэнты выконвалі афарбоўку, тынкоўку, грунтоўку сцен і падлогі, клеілі шпалеры, у іншых інтэрнатах таксама фарбавалі будынкі, трубы, рашоткі і г.д. як звонку, так і знутры будынкаў, ды і наогул, заўсёды былі на падхваце. 

Але вернемся ў інтэрнат 

№ 4. Яго загадчыца Алена Мікалаеўна Драбудзько на будатрадаўцаў не нарадуецца: працуюць многа і якасна. А яшчэ яна расказвае, што летам інтэрнат не цалкам пусты — у ім жывуць больш за 230 удзельнікаў маладзёжнага працоўнага праекта “Атлант-2021”. Між іншым менавіта з гэтай прычыны засяленне ў гэты інтэрнат пачнецца пазней, чым у большасць іншых — 28 жніўня. У астатнія інтэрнаты тыя, хто атрымаў месца, пачнуць засяляцца 23 жніўня. Плата за пражыванне залежыць ад катэгорыі інтэрната. Напрыклад, з 1 студзеня 2021 года ў інтэрнатах №№ 1 і 9 яна складала ў месяц 34,80 рубля, у інтэрнатах №№ 5, 6, 7, 8 — 23,20 рубля, у інтэрнатах №№ 2, 3, 4 — 11,60 рубля. Плата ўстанаўліваецца ў памерах, кратных базавай велічыні: для інтэрнатаў 1-й катэгорыі гэта 1,2 базавай велічыні, 2-й катэгорыі — 0,8, 3-й — 0,4. 


Пасля засялення на першы план выходзіць пытанне пра тое, як зберагчы зробленае. Дзеля гэтага, і ў першую чаргу для бяспекі саміх студэнтаў, у інтэрнатах створаны камісіі па праверцы выканання жыльцамі правіл пажарнай бяспекі і санітарных норм. На жаль, маюць месца выпадкі парушэння студэнтамі правіл пражывання ў інтэрнатах. Парушэнні ў першую чаргу разглядаюцца на пасяджэннях студэнцкіх саветаў, і самі студэнты прымаюць рашэнне, якія меры ўздзеяння прымяніць: грамадскае ганьбаванне ці дысцыплінарнае пакаранне. 

Думаю, што хлопцы і дзяўчаты, якія рамантуюць свае інтэрнаты і вучэбныя карпусы падчас летніх канікул, да зберажэння будынкаў і маёмасці, выканання правіл пражывання ставяцца адказна. Яны веда­юць, што нават бягучы рамонт — гэта вялікая праца, цяжкая работа. 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц інтэрнэту.