Кім быць? Можа, праграмістам? Я паспрабую

Кожны ўрок — гэта адкрыццё, кожны вучань — першаадкрывальнік. Што можа зрабіць педагог, каб дапамагчы вучыцца з захапленнем, максімальна развіваць здольнасць да самастойнага мыслення? Як узбагаціць душу дзіцяці, каб яна ажыла, як вялікі Сусвет, усеяны далёкімі зоркамі? Няхай гэта будзе зарапад ведаў!

У рамках міжнароднай акцыі “Гадзіна кода” ў нашай школе на працягу тыдня зладзілі шэраг мерапрыемстваў: незвычайны ўрок “Робат у падводным свеце. Кіруем ім з дапамогай уласнага кода”, падчас якога вучні 7 класа працавалі ў інтэрнэце і кіравалі робатам у падводным свеце, самастойна знаёміліся з камандамі, якія дазвалялі пераадолець усе ўзроўні; пазнаёміліся анлайн з выпускніцай школы Наталляй Самайловіч, праграмістам адной з вядомых кампаній Беларусі. Відэаролік, дасланы Наталляй, дапамог дзецям зразумець сутнасць работы праграміста, а станоўчы воблік асобы героя роліка запэўніў, што кожны з вучняў класа ў будучыні можа дасягнуць поспехаў у праграмаванні.

Зацікавіла старшакласнікаў дзелавая гульня “Кім быць? Можа, праграмістам? Я паспрабую”. Даведадліся аб інтэрнэт-тэхналогіях, аб выкарыстанні камп’ютара ў розных сферах дзейнасці, прафесіях, звязаных з гэтай сферай. З мэтай выяўлення інтарэсаў вучняў і іх асабістых якасцяў выпускнікі выканалі тэст на прафарыентацыю “Хто ты ў ІТ”.

Вучні паспрабавалі сябе ў ролі праграмістаў: з дапамогай уласных праграм кіравалі аўтамабілем на дарозе і паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі.

Вучань 9 класа Ілья Карповіч, прызёр раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, правёў майстар-клас “Навучы дзіця праграмаванню” для чацвёртакласнікаў.

Настаўнік інфарматыкі Л.М.Самайловіч прыйшоў да разумення складніка простага настаўніцкага шчасця: патрэбна не проста навучыць дзяцей свайму прадмету, але і знайсці шлях да кожнага вучня, зразумець яго, надаць упэўненасці ў поспеху. Дасягненні яго вучняў — неацэнны скарб педагога: Леанід Мікалаевіч падрыхтаваў больш за 100 пераможцаў і прызёраў розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, конкурсаў і алімпіяд па праграмаванні.

Яго вучні не спяшаюцца пасля ўрока выйсці з кабінета, а застаюцца, каб пагаварыць аб тым, што іх хвалюе, падзяліцца радасцю, расказаць аб сваіх марах.

Леанід Мікалаевіч — настаўнік сучасны. На яго ўроках дзеці хочуць вучыцца, таму што ведаюць, для чаго і навошта ім гэта трэба.

Людміла ВАЗВЫШАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.