Кінаклуб. Дубль 1

- 10:29Культура

Чорна-белая хлапушка ганарова выпячвае бок з надпісам “Кінаклуб. Дубль 1”, рэжысёрскі стол асвятляе настольная лямпа — і ўвагай прысутных авалодвае юнак з гітарай ва ўмелых руках. Гэта Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” крочыць насустрач свайму гледачу: тут адкрываюць кінаклуб, у межах якога аматары айчыннага кіно змогуць акунуцца ў яго гісторыю, прапусціць праз сябе.

“Пра наш кінаклуб нічога не гаварылі, і месцаў вольных не заставалася, а тут тры тыдні трубілі — і амаль нікога няма”, — за 20 хвілін да падзеі пачынае хвалявацца адзін з гасцей. За 7 хвілін да пачатку незнаёмец супакойваецца: зала запаўняецца.

Даць старт падобным мерапрыемствам выпала рэжысёру Уладзіміру Арлову. Прамоўца адзначыў, што ў свеце існуе толькі два віды мастацтва, якія ведаюць год свайго нараджэння, — кінематограф і джаз, а кіно пры гэтым ведае яшчэ сваіх бацькоў. На думку творцы, усе значныя вынаходніцтвы з’яўляліся або праз ляноту, або выпадкова, як і здарылася з мультыплікацыяй.

Госці, якія вырашылі пачаць знаёмства з “Беларусьфільмам”, даведалілся, што яго прататып — “Белдзяржкіно” — пачынаў працаваць у Ленінградзе. А першая карціна “Лясная быль” стваралася ва ўмовах вялікага недахопу кадраў. Адметна, што шмат вядомых людзей рабілі тут першыя крокі: рэжысёр і сцэнарыст Аляксандр Пыр’еў, кампазітар Ісаак Дунаеўскі, мастак Іван Білібін і іншыя. На “Белдзяржкіно” запаліліся зоркі Барыса Бабачкіна і Леаніда Кміта, якія пасля сталі ўсесаюзна вядомымі па фільме “Чапаеў”. І многія з яркіх асоб кінематографа мелі дачыненне да карцін Уладзіміра Корш-Сабліна.

Уладзімір Арлоў лічыць Андрэя Булінскага і Ула­дзіміра Корш-Сабліна сваімі настаўнікамі. Рэжысёр гаворыц­ь, што іх парады і погляды ён убіраў юнаком, пасля нёс па жыцці.

— Гісторыя студыі, якая працавала ў Беларусі, пачалася ў 1936 годзе з артыкула “Беспрытульная студыя” ў “Правде”. Матэрыял атрымаў розгалас, падняў многія пытанні. Сапраўды, чаму гэтая беларуская студыя не працуе ў сваёй краіне? — узгадаў Уладзімір Арлоў. — Не прымусілі сябе доўга чакаць фільмы ў жанры невядомай тады меладрамы, карціны на беларускім матэрыяле. А тут пачалася вайна: бомбы сыпаліся на кінафонды… Многае, на жаль, не захавалася.

Але з пачаткам вайны работы на кінастудыі менш не стала: большасць кінахронік таго часу знята аператарамі “Беларусьфільма”. Многія помняць кадр, на якім з Дома ўрада злятае эмблема са свастыкай, але толькі адзінкі ведаюць, што гэты момант зняў Міхаіл Белаў. Уладзімір Аляксандравіч перакананы, што такімі кадрамі аператар стварае гісторыю і ўпісвае ў яе сваё імя.

Па словах рэжысёра, пасля вайны кінастудыя працавала ў Чырвоным касцёле, дзе выйшаў першы фільм мірнага часу — “Новы дом”.

— Карціна выйшла ў 1947 годзе, і гэта сведчыць пра тое, што над фільмам працавалі і ў 1945, і ў 1946 го­дзе: шукалі пляцоўку, сродкі, распрацоўвалі сцэнарый. А што такое Мінск пасля вайны? Руіны! А Корш-Саблін знайшоў магчымасць, пераканаў. Сёння можна пачуць, што нельга знайсці сродкі на фільм. Не можаце знайсці — тады і здымаць не трэба, калі не хапае майстэрства пераконваць, — разважае Уладзімір Арлоў.

Уладзімір Аляксандравіч расказаў, што сам ён пачаў трызніць рэжысурай з 8 класа. А стартам яго прафесійнага шляху стала карціна “Міколка-паравоз”, дзе падлетак, прыбіўшыся да здымачнай групы, працаваў памочнікам рэжысёра. Пасля выпускніка вясковай школы Валодзю Арлова запрасілі на пастаянную работу ў Мінск.

У канцы сустрэчы Уладзімір Арлоў, успамінаючы ўласны вопыт, звярнуўся да моладзі:

— Мой дарослы сын аднойчы мне сказаў: “Тата, я памятаю, як у дзяцінстве, калі ў цябе было шмат рэжысёрскай работы і ты сядзеў за пісьмовым сталом, сястрычка папрасіла цябе з ёй пагуляць. Ты тут жа адклаў справы ўбок і адказаў: “Так, дачушка, зараз пагуляем”. Гэта самы яркі ўспамін з маленства”. Пасля гэтага я зразумеў: кім бы ты ні быў, якая б занятасць на цябе ні звальвалася, самае дарагое, што ты можаш падарыць сваім дзецям, — час. Калі мы навучым дзяцей сумленна працаваць і глыбока думаць, пасля не прыйдзецца перажываць за іх будучыню.

Ірына ІВАШКА.