Кінаўрокі. Выхаваўчая каштоўнасць

- 12:04Навіны рэгіёнаў

Установы адукацыі Брэста актыўна далучыліся да ўсерасійскага народнага праекта “Кінаўрокі ў школах Расіі”, які рэалізуецца з 2016 года з мэтай стварэння інавацыйнай сістэмы выхавання гарманічна развітой і сацыяльна адказнай асобы на аснове маральных каштоўнасцей. У аснове праекта — ігравое кіно з выразным выхаваўчым ухілам на розныя тэмы. 

Кінаўрок у яслях-са­дзе — пачатковай школе № 11.

Іна Пятроўна КАШАЛЬКОВА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ясляў-сада — пачатковай школы № 11:

— Мы далучыліся да гэтага праекта вясной у рамках дагавора аб супрацоў­ніцтве па выхаванні вучняў, заключаным паміж галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Рускім касмічным таварыствам. Настаўніца пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Кісялевіч распрацавала міні-праект “Гераізм і адвага ў спалучэнні з павагай і дабрынёй”, у якім выкарыстоўваліся фільмы, знятыя ў межах праекта “Кінаўрокі ў школах Расіі”. Міні-праект пачаў рэалізоўвацца напярэдадні Дня Перамогі з прагляду тэматычнага фільма “Конік для героя”. Эфект быў ашаламляльны: у зале панавала ідэальная цішыня, у дзіцячых вачах — задуменнасць і слёзы… Выхаваўчае мерапрыемства ўдалося. Такая ж атмасфера панавала і падчас прагляду іншых фільмаў. 

Педагогі звярталіся да калектыўных, групавых і індывідуальных форм работы з вучнямі, да якіх ахвотна далучыліся і іх бацькі. Акрамя прагляду фільмаў і традыцыйных гутарак, дзеці працавалі з рознымі крыніцамі інфармацыі, афармлялі калажы, здымалі відэаролікі, ініцыіравалі экскурсіі грамадзянска-патрыя­тычнага характару. Так, прагляд фільма “Ванька-адмірал” падштурхнуў да работы з відэаролікам “Маленькія героі вялікай вайны”. У выніку вучні захацелі ства­рыць уласны відэапрадукт і пачалі збі­раць матэрыялы пра родных — удзель­нікаў Вялікай Айчыннай вайны. Такім чынам з’явіўся відэаролік “Вялікая па­мяць маёй сям’і” (https://www.youtube.com/watch?v=b4zDX4N-eAo).

Міні-праект завяршыўся наведваннем мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і 8-й пагранічнай заставы імя І.П.Бяляева, што знайшло адлюстраванне ў тэматычных фотаальбомах (https://upk11brest.schools.by/news/1644670;https://upk11brest.schools.by/m/news/1661293).

У рамках праекта “Кінаўрокі ў школах Расіі” вучні і педагогі ўдзельнічалі ў конкурсе “Спяваю табе, Перамога!”, дзе атрымалі дыплом ІІ ступені (https://www.youtube.com/watch?v=fRNFU49cu_o), стварылі відэакліп “На безыменнай вышыні” (https://www.youtube.com/watch?v=dKRCohduBU8) і тэлесюжэт “Міша Савецкі”, прысвечаны другакласніку Міхаілу Шэпелю, які калекцыяніруе рэчы эпохі СССР (https://disk.yandex.ru/i/-fAEYL7B6KZz7w)

Каштоўнасць праекта “Кінаўрокі ў школах Расіі” ў тым, што кароткаметражныя фільмы, створаныя для яго рэалізацыі, не толькі з’яўляюцца даволі якасным прадуктам сучаснай кінематаграфіі, але і здольны даступна расказаць пра такія, здавалася б, простыя, але адначасова і складаныя паняцці, як дружба, любоў, гордасць, зайздрасць, здрада, мара і інш. Вельмі важна, што акцёрамі выступаюць равеснікі. Гэта дазваляе дзецям паставіць сябе на месца кінаперсанажаў і пражыць сюжэт фільма. Вострая і актуальная тэматыка фільмаў падштурхоўвае да развіцця матывацыі.

Ведаю, што ніхто з калег з іншых устаноў адукацыі, хто далучыўся да праекта, не пашкадаваў пра гэта. 

Іна Уладзіміраўна ШЫЦІКАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3:

— Актуальнасць праекта абумоўлена агульнай культурнай і адукацыйнай прасторай двух братэрскіх народаў. У ім закладзены вялікі выхаваўчы патэнцыял, які раскрывае сутнасць важных чалавечых якасцей: дабрыні, сумленнасці, адказнасці, міласэрнасці і любові.

Першай кінаработай, з якой азнаёміліся нашы школьнікі, стаў фільм “Эра”, створаны да 60-годдзя палёту чалавека ў космас. Пасля прагляду былі арганізаваны круглыя сталы, дзе вучні дзяліліся ўражаннямі ад убачанага. Мерапрыемства выклікала вялікі эмацыянальны водгук у дзяцей і дапамагло адчуць сябе часткай гісторыі краіны і агульнай справы. 

Не менш насычаным і багатым на пачуцці аказаўся і калектыўны прагляд кінастужкі “Конік для героя” пра гераізм і подзвіг маленькага разведчыка ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш кранальныя эпізоды карціны адлюстраваліся ў вучнёўскіх кінаплакатах і малюнках, якія сталі экспанатамі перасовачнай выставы кінарэкламнай прадукцыі, што пабывала ў розных установах і арганіза­цыях Брэста. 

Праект выклікаў вялікую цікавасць не толькі ў школьнікаў, але і ў іх бацькоў. Дзякуючы сумеснай дзейнасці, экспазіцыя папоўнілася сямейнымі рэліквіямі, фотаздымкамі са старых альбомаў і пажоўклымі франтавымі пісьмамі.  

Праект адыгрывае важную сацыяльную ролю. Так, пасля прагляду “Эры” вучні, перапоўненыя эмоцыямі, вырашылі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй асваення космасу і даведацца пра касманаўтаў-беларусаў. Валанцёрскі атрад падрыхтаваў прэзентацыю пра першы палёт чалавека ў космас, зладзіў віктарыны пра таямніцы і загадкі Сусвету. Лектарская група школьнікаў расказала пра першага беларускага касманаўта, двойчы Героя Савецкага Саюза, ураджэнца Брэстчыны П.І.Клімука і арганізавала экскурсію да яго бюста на цэнтральным гарадскім бульвары.  

А вось пасля прагляду фільма “Конік для героя” другакласнік Арцём Ефімовіч разам з бацькамі вырабіў мініяцюрную фігурку коніка, якая была прызнана лепшай работай на школьным конкурсе “Дзеці вайны”. Вучні 5—8 класаў выступілі на канферэнцыі “Сыны палка”, прысвечанай лёсам дзясяткаў тысяч непаўналетніх, якія ваявалі нароўні з дарослымі. У сваю чаргу старшакласнікі аказалі пасільную дапамогу пажылым людзям і ветэранам. 

Кінаўрокі — гэта выдатны дапаможны інструмент і ў рабоце педсаветаў. Так, пры падрыхтоўцы форуму “Інавацыйныя тэхналогіі ў выхаваўчай рабоце” педагогі паглядзелі фільм “Воін святла”.

У бягучым навучальным годзе праект пашырыў межы і называецца ўжо “Кінаўрокі ў школах свету”. У нашых планах — далейшы прагляд цікавых і пазнавальных фільмаў, пашырэнне ўзаемадзеяння з бацькамі, правядзенне конкурсу сацыяльных практык і многае іншае. Безумоўна, праект валодае неабмежаванымі магчымасцямі ў духоўна-маральным выхаванні моладзі. Ён аб’яднаў дзяцей і дарослых розных краін у адзіным імкненні да добрага і вечнага.   

Маргарыта Мікалаеўна ЦЕРА­ШЭНКАВА, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 16:  

— Пазнаёмілася з праектам, падбіраючы вясной матэрыялы да Дня Перамогі. Расказваць дзецям, якія нарадзіліся праз 65 гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны, пра яе гісторыю даволі складана. Сучасныя вучні ўспрымаюць матэрыял пераважна візуальна, таму вельмі важна выбраць правільны акцэнт для яго падачы. 

10-гадовыя дзеці ўжо ведаюць некаторыя факты пра вайну з аповедаў родных, з кніг і экскурсій. Наведванне памятных мясцін не толькі фарміруе пэўныя веды пра далёкія падзеі, але і эмацыянальна ўздзейнічае на дзяцей, вучыць асэнсоўваць і суперажываць. Цікаўныя хлопчыкі і дзяўчынкі часта ўяўляюць сябе ўдзельнікамі гістарычных падзей, пра якія ім расказвалі ці пра якія яны чыталі. 

Асаблівае месца займае візуальнае ўспрыманне гістарычнага матэрыялу, паказанага вачыма равеснікаў. Фільм “Конік для героя” стаў менавіта такім матэрыялам: наглядным, даступным і эмацыянальна афарбаваным. Ніякіх камента­рыяў да прагляду. Цішыня падчас яго і слёзы пасля. 

Фільм кароткаметражны, што дазваляе запомніць падзеі і ўявіць іх у выгля­дзе цэласнай карціны. За невялікі прамежак часу героі фільма пастаўлены перад маральным выбарам паміж подзвігам і здрадай. Як у рэальным жыцці. Часу на роздум няма. Галоўнае — як потым жыць са сваім выбарам? Такім чынам фарміруецца мадэль маральных паводзін. Гэта вельмі важна сёння.  

Школьнікі актыўна абмяркоўвалі фільм, ажно да дробязей, дзяліліся ўражаннямі. Значыць, выхаваўчая мэта дасягнута.

Таццяна Мікалаеўна ТАРАСЕВІЧ, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 3:

— Наша ўстанова далучылася да праекта ў бягучым навучальным годзе. Гэта вельмі важна, бо праект дазваляе ажыццяўляць педагагічную падтрымку дзяцей у іх духоўна-маральным самаўдасканаленні. Праект стаў адным з модуляў праграмы выхаваўчай работы гімназіі. Яго каардынатары — класныя кіраўнікі, зацікаўленыя ў аб’яднанні класнага калектыву, яго згуртаванасці і дружбе. 

Канечне, праект патрабуе ад педагогаў пэўнай падрыхтоўкі. Але гэта не дадатковая нагрузка, а дапаможны інструмент у рабоце, які лёгка ўпісваецца ў сістэму штотыднёвых класных га­дзін і змяшчае метадычныя рэкамендацыі для абмеркавання і прэзентацыі. 

Кожны кінаўрок індывідуальны і непаўторны. Яго задача — выклікаць эмацыянальны водгук у вучняў, рас­крыць вобраз героя і мадэль яго паводзін. У сюжэтах кінакарцін важныя чалавечыя якасці раскрываюцца праз сітуацыі, блізкія сучасным падлеткам. Гэта не вучэбныя фільмы, а фільмы, якія прымушаюць задумацца аб дабрыні і праў­дзе, аб сэнсе жыцця. Але на іх абмеркаванні ўсё не заканчваецца. Задача педагога — дапамагчы прапусціць убачанае праз сябе, праз жыццё класнага калектыву, падтрымаць жаданне дзяцей удзель­нічаць у добрых справах. Так, пасля прагляду фільма “Добрыя песні” наш клас ініцыіраваў акцыю “Дзень даб­ра і павагі”, падчас якой дзеці не толькі падарылі пажылым работнікам гімназіі сувеніры, але і спелі старыя добрыя песні пра галоўнае. Так быў дадзены старт няхай і маленькім, але важным справам, распачата нялёгкая работа па выхаванні душы. 

Упэўнена, што выхаваўчая работа ў такой інтэрактыўнай форме не прой­дзе дарэмна, а пакажа падлеткам значнасць дружбы, дабрыні, узаемадапамогі, сумленнасці, справядлівасці, міласэрнасці, працавітасці і іншых чалавечых якасцей. 

Запісаў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.