Кіраўнік беларускай дзяржавы прысутнічаў на ваенным парадзе ў Пекіне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 верасня прысутнічаў на ваенным парадзе ў Пекіне, што праводзіўся ў азнаменаванне 70-годдзя Перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны.

Менавіта ў гэты дзень, 3 верасня, у Кітаі святкуецца Дзень Перамогі над японскім мілітарызмам і заканчэнне Другой сусветнай вайны.
Упершыню з моманту ўтварэння КНР у краіне праводзіцца буйнамаштабны ваенны парад не з нагоды нацыянальнага свята — Дня ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі.
На парадзе прысутнічалі каля трох дзясяткаў лідараў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый. У прыватнасці, сярод запрошаных гасцей былі кіраўнікі Расіі, Чэхіі, Сербіі, Венесуэлы, КНДР, краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Лідары дзяржаў на працягу паўгадзіны прыбывалі на плошчу Цяньаньмэнь. За варотамі павільёна “Дуаньмэнь” іх вітаў Старшыня КНР Сі Цзіньпін. Пасля калектыўнага фатаграфавання кіраўнікі дзяржаў, у ліку якіх быў і Аляксандр Лукашэнка, прайшлі на трыбуну, адкуль назіралі за маляўнічым дзействам, што разгортвалася на плошчы.