Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўдзячны міліцыянерам за бліскучую аперацыю па абясшкоджванні грабежніка банка ў Магілёве. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
“Я і вам, і міліцыянерам з Магілёўскай вобласці вельмі ўдзячны за прафесіяналізм, што праявілі пры затрыманні асабліва небяспечнага злачынца, які захапіў адно з аддзяленняў банка і спрабаваў узяць у заложнікі людзей. Асабліва таму хлопцу, які выказаў жаданне, вобразна кажучы, нейтралізаваць яго, сеўшы за руль аўтамабіля, і тым супрацоўнікам, якія затрымалі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гэта была адна з лепшых аперацый беларускай міліцыі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. “Я быў праінфармаваны аб гэтых падзеях з першых хвілін. Правільна, што праваахоўнікі дзейнічалі жорстка”, — заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такія злачынствы раўназначныя тэрарыстычным актам, паколькі ў такіх выпадках невінаватым людзям пагражае небяспека. “Таму рэакцыя павінна быць самая жорсткая. Амаль так дзейнічалі супрацоўнікі АМАПа, міліцыі. Малайцы! Ніхто не дзяліў: гэта наша, гэта ваша, — а ўзяліся рэалізоўваць задачу, якую мы павінны былі рэалізаваць. І яны зрабілі гэта, можна сказаць, бліскуча”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што прыняў рашэнне аб узнагароджанні праваахоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай маланкавай аперацыі. Ён даручыў Ігару Шуневічу пракантраляваць, каб былі адзначаны заслугі ўсіх, хто рызыкаваў жыццём.
Як растлумачыў міністр, станоўчую ролю пры абясшкоджванні злачынца адыграў праведзены зусім нядаўна эксперымент. “У нас ёсць спецпадраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз”. Мы вырашылі, што ў кожнай вобласці на базе АМАПа створым мікрападраздзяленне, якое будуць трэніраваць байцы “Алмаза”, каб праводзіць дзеянні, падобныя да гэтых, да прыбыцця асноўных сіл. У гэтым выпадку АМАП адыграў ролю падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам і выканаў гэтую задачу”, — сказаў Ігар Шуневіч.
Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы адзначыў, што міліцыя адказная за многія пытанні, але ён у прыватнасці хоча даведацца аб сітуацыі ў сферы грамадскай. “Мяне перш за ўсё цікавіць тэма, звязаная з вашай аналітычнай работай, і ў сувязі з гэтым тэндэнцыі ў грамадскай бяспецы. Што насцярожвае? — спытаў Аляксандр Лукашэнка. — Каб я разумеў, на што павінен звярнуць увагу”.
Як далажыў Ігар Шуневіч, сітуацыя ў гэтай сферы выклікае “лёгкі аптымізм”, паколькі колькасць злачынстваў і заяў аб іх учыненні змяншаецца ўжо не першы год. “Гэта значыць, фактычна ў нашых людзей становіцца менш падстаў звяртацца ў міліцыю па дапамогу і абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў. Гэта, вядома, вынік комплексу дзеянняў, якія прыняты ў дзяржаве”, — падкрэсліў міністр.
Паводле інфармацыі МУС, сітуацыя ў сферы процідзеяння злачыннасці і захавання грамадскай бяспекі ў цэлым характарызуецца пэўнай стабільнасцю і перавагай станоўчых змяненняў у структуры і дынаміцы злачыннасці.
Так, у студзені — кастрычніку ў органы ўнутраных спраў паступіла больш як 184 тысячы заяў і паведамленняў аб злачынствах. Гэта на 11,3 працэнта менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Знізілася агульная колькасць зарэгістраваных крымінальна каральных дзеянняў, а таксама колькасць зарэгістраваных асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў: забойстваў з замахамі, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў. Менш учынена злачынстваў супраць уласнасці: разбояў, грабяжоў, крадзяжоў, махлярстваў, угонаў транспартных сродкаў.
Колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, знізілася амаль на 17 працэнтаў, да 4,3 тысячы. Гэта, на думку ведамства, абумоўлена праведзенымі раней прафілактычнымі і практычнымі мерапрыемствамі па спыненні фактаў збыту і паставак наркатычных сродкаў.
На былым узроўні забяспечана выяўляльнасць карупцыйных і эканамічных злачынстваў. Па завершаных такіх крымінальных справах устаноўлены матэрыяльны ўрон у памеры Br58,7 млн, з якога кампенсавана Br32,7 млн. Таксама накладзены арышт на маёмасць на Br36,2 млн. Усё гэта ў цэлым забяспечыла пакрыццё ўрону на 117 працэнтаў.
Папераджальна-прафілактычныя меры, якія прымаюцца, садзейнічалі зніжэнню на больш як 12 працэнтаў колькасці злачынстваў, учыненых непаўналетнімі і пры іх саўдзеле, а таксама злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах.
Па стане на 1 лістапада ў грамадскіх месцах і на розных аб’ектах устаноўлена і функцыянуе амаль 21,4 тысячы відэакамер, што садзейнічала раскрыццю больш як 1,4 тысячы злачынстваў.
Дзякуючы мерам, якія прымаюцца, практычна на чвэрць зменшылася колькасць ДТЗ, што адбыліся па віне п’яных вадзіцеляў.
У час даклада міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, старшыні наглядальнага савета ХК “Дынама-Мінск”, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з узорамі хакейных клюшак айчыннай вытворчасці.
Клюшкі былі выраблены на базе крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС. Практычна ўсе такія ўстановы, адзначыў Ігар Шуневіч, маюць неабходныя вытворчыя базы. “Адна з клюшак драўляная з лакалізацыяй 100 працэнтаў, другая — пластыкавая з лакалізацыяй каля 50 працэнтаў, — расказаў міністр. — Першыя камплекты мы вырабілі, яны эксперыментальныя. Заканчваецца іх апрабаванне ў практычнай гульні. Як толькі атрымаем заключэнне спецыялістаў і выправім некаторыя недапрацоўкі, накіруем іх у серыю”.
Паводле слоў міністра, на сённяшні дзень беларускія клюшкі даволі канкурэнтаздольныя з пункту гледжання іх цаны і якасці. Напрыклад, кошт драўлянай складзе амаль Br36. Ён дадаў, што кіраўнік дзяржавы, ацаніўшы якасць хакейных снарадаў, даў даручэнні крыху ўдасканаліць іх. У прыватнасці, на думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна зменшыць шырыню пяра клюшкі з дрэва.
Ігар Шуневіч таксама закрануў тэму выпуску формы для юных хакеістаў. Яна паступіла ўжо ў серыйную вытворчасць пасля выпрабавальнага нашэння і невялікіх дапрацовак. “Мы пачалі абшываць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы па хакеі. Перакананы, што гэтая форма будзе запатрабавана, — сказаў міністр. — Ужо сёння Федэрацыя хакея Беларусі размясціла папярэдні заказ на пэўную колькасць камплектаў. Думаю, такая ж сітуацыя будзе і з клюшкамі”.
Прэзідэнт падрабязна цікавіўся дзейнасцю БФСТ “Дынама”. Кіраўнік дзяржавы ў прыватнасці спытаў аб перспектывах аднайменнага хакейнага клуба. “На што мы можам разлічваць? Пакуль яшчэ гаварыць пра стабільнасць рана, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Ці выйдзем мы на тыя рубяжы, якія нам абяцаны трэнерамі і кіраўнікамі гэтага клуба?”
Як падкрэсліў міністр, клуб робіць усё магчымае, каб дастойна завяршыць сезон і дабіцца запланаванага выніку — выхаду ў плэй-оф. “У нас ёсць пэўныя рэзервы і амбіцыі. Таму будзем старацца”, — сказаў ён.