Кіраўнік дзяржавы падпісаў закон па пытаннях службы ў арміі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон “Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы”. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Закон прыняты ў мэтах падтрымання пастаяннай баявой гатоўнасці Узброеных Сіл ва ўмовах актывізацыі ваеннай дзейнасці ў свеце і Еўропе. Акрамя таго, існуюць аб’ектыўныя дэмаграфічныя праблемы: істотна зменшылася колькасць маладых людзей прызыўнога ўзросту. У той жа час колькасць катэгорый грамадзян, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам не прызываюцца на тэрміновую ваенную службу або службу ў рэзерве (цяпер гэта 76 катэгорый), з’яўляецца найбольшай на постсавецкай прасторы і ў краінах далёкага замежжа.

“Прынцыпова важна, што захаваны ўсе адтэрміноўкі па стане здароўя, сямейным становішчы і іншыя, якія прадастаўляліся раней, — падкрэслілі ў прэс-службе. — Змяненні тычацца прадастаўлення адтэрміновак для прадаўжэння адукацыі: уводзіцца прынцып аднаразовасці прадастаўлення адтэрміноўкі”.

Таксама закон абмяжоўвае прыняцце на дзяржаўную службу, службу ў органах сі­стэмы захавання нацыянальнай бяспекі грамадзян, якія не прайшлі воінскую службу, не маючы на тое законных падстаў (ухіліліся ад прызыву).

Законам унесена змяненне ў Кодэкс аб адукацыі. Цяпер выпускнікі, якія атрымалі месца работы па размеркаванні або накіраваны на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, пры добраахвотным паступленні на ваенную службу па кантракце і якія праслужылі не менш за тэрмін абавязковай работы, вызваляюцца ад пакрыцця ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку.

“Усе адтэрміноўкі для прадаўжэння адукацыі, прадастаўленыя да ўступлення ў сілу закона, будуць захоўвацца да страты падстаў, па якіх яны прадастаўлены”, — адзначылі ў прэс-службе прэзідэнта.

Адначасова кіраўнік дзяр­жавы даручыў ураду пра­працаваць комплекс мер, накіраваных на павышэнне прэстыжу тэрміновай ваеннай службы.

Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага апублікавання.