Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу па эканоміі сродкаў пры правядзенні перапісу насельніцтва

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца жніўня прадставіць задуму правядзення перапісу насельніцтва краіны, які пройдзе ў 2019 годзе. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў, прымаючы з дакладам старшыню Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іну Мядзведзеву.

Прэзідэнт паставіў строгія задачы па эканоміі сродкаў пры правядзенні гэтага перапісу. Ён таксама даручыў прапрацаваць пытанні правядзення перапісу ўласнымі сіламі работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання і мясцовых саветаў. Такім чынам, перапіс павінен быць праведзены на міжнародным узроўні, але пры максімальным зніжэнні затрат на яго.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў краіне дастаткова сіл і сродкаў, каб зрабіць усё якасна і своечасова, аднак галоўнае — падысці да пытання па-зямному і па-гаспадарску.
Перапіс насельніцтва пройдзе па той схеме і з дапамогай тых метадаў, якія прапануюць урад і Белстат, зыходзячы з рэалій сённяшняга дня.
Аляксандр Лукашэнка даручыў у самыя кароткія тэрміны прадставіць новую задуму правядзення перапісу.
Як далажыла Іна Мядзведзева, эканамічным і сацыяльным саветам ААН прынята рэзалюцыя аб праграме правядзення перапісу насельніцтва і жыллёвага фонду да 2020 года. У Беларусі перапіс праводзіцца раз у 10 гадоў і ў год, які заканчваецца на 9. Такім чынам, наступны перапіс насельніцтва будзе праводзіцца ў 2019 годзе.
Як правіла, пробны перапіс насельніцтва праводзіцца за два гады да асноўнага перапісу. “І мы плануем восенню 2017 года ажыццявіць уласнымі сіламі правядзенне пробнага перапісу. Будзе выбраны асобны рэгіён. Магчыма, адно гарадское паселішча, адно сельскае, на аснове якіх будуць апрабаваны як самі перапісныя лісты, так і тэхналогіі, якія будуць выкарыстаны пры правядзенні асноўнага перапісу”, — сказала Іна Мядзведзева.
Паводле яе слоў, тэхналогія правядзення перапісу ў Беларусі адпрацавана, аднак апошні перапіс ажыццяўляўся з дапамогай папяровых носьбітаў. Цяпер усе краіны свету пераходзяць на выкарыстанне планшэтных камп’ютараў і інтэрнэту. Іна Мядзведзева расказала, што Белстат зрабіў выбарачнае абследаванне дамашніх гаспадарак па гатоўнасці работы праз інтэрнэт. Вынікі паказалі, што толькі 16 працэнтаў гарадскога насельніцтва і 9 працэнтаў сельскіх жыхароў гатовы выкарыстоўваць інтэрнэт. “Гэта вельмі малы паказчык. У сувязі з гэтым мы прапануем выкарыстанне планшэтных камп’ютараў, калі сам перапісчык будзе ўводзіць інфармацыю, якая тут жа будзе кантралявацца і перадавацца на сайт Белстата”, — адзначыла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
“Даныя перапісу выкарыстоўваюцца ва ўсіх галінах эканомікі. Напрыклад, без гэтых даных немагчыма пабудаваць і падлічыць расходы бюджэту на фінансаванне сацыяльнай сферы і пенсійнага забеспячэння. На аснове гэтых даных прымаюцца рашэнні, дзе павінна быць бальніца, школа, колькі павінна быць ФАПаў. Яны ахопліваюць усе сферы жыццядзейнасці грамадства і даюць магчымасць прыняць кіраўніцкія рашэнні ў тым канкрэтным месцы, у якім праведзены перапіс, таму што ён дае інфармацыю аб найбольш дробных тэрытарыяльных утварэннях”, — сказала Іна Мядзведзева.