Кіраўнік дзяржавы патрабуе не дапусціць бардаку

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству ўнутраных спраў і Міністэрству па надзвычайных сітуацыях праверыць месцы масавага збору людзей пасля здарэння ў Кемераве і пры наяўнасці сур’ёзных недапрацовак з боку ўладальнікаў такіх устаноў строга пакараць іх. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў у час рабочай сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам.

“Вяртаючыся да падзей у Расіі, хацеў бы вас папрасіць (учора я даручыў міністру па надзвычайных сітуацыях) вельмі сур’ёзна праверыць не гандлёвыя цэнтры, як у нас сродкі масавай інфармацыі напісалі (так, іх трэба праверыць, прытым капітальна), а месцы масавага збору людзей, а гэта не толькі гандлёвыя цэнтры, гэта кінатэатры і г.д.”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму занепакоены гэтымі пытаннямі. “Мы ў мінулым годзе далі вялікую свабоду прадпрымальніцтву. Калі ласка — стварайце, рабіце, прыносьце карысць дзяржаве. Папярэдзілі і на ўзроўні законаў аб тым, што будуць адказваць галавой, даравання не будзе ні за ўзрывы, ні за пажары. Не дай бог, людзі загінуць. Адказваць будуць яны. Але, ведаеце, з іх нічога не возьмеш. Што з іх возьмеш, калі загінулі дзясяткі, а можа, і сотні людзей у гэтым цэнтры ў выхадны дзень у Расіі, у Кемераве. Не дай бог, каб у нас гэта здарылася. І МНС за кароткі прамежак часу адно не справіцца, таму падключыцеся да гэтага пытання”, — запатрабаваў прэзідэнт.

“І ў мяне просьба і даручэнне вам: вельмі строга караць, калі толькі вы ўбачыце дзе-небудзь нейкія недапрацоўкі, якія могуць прывесці да цяжкіх наступстваў, асабліва для людзей. І недапушчальна — для дзяцей”, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу, паводле яго слоў, неабходна ўдзяліць і жылым дамам. “У нас людзі так расслабіліся, што далей няма куды. Яны нават падвалы ў жылых дамах замкнуць на замок і праверыць не могуць. Гэта ж бесшабашнасць поўная! — абурыўся прэзідэнт. — Праверце, каб потым нам усім не было балюча, калі што-небудзь, не дай бог, здарыцца”.

Адпаведную работу неабходна правесці да 1 красавіка, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. “Каб мы мелі нейкую карціну, хоць гэта і бесперапынная работа. І вы, і яны займаецеся гэтым. Але цяпер трэба гэтую тэму завастрыць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Падчас сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам кіраўнік дзяржавы закрануў і пытанні правядзення масавых мерапрыемстваў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя грамадзяне вырашылі адсвяткаваць 100-годдзе з дня ўтварэння БНР правядзеннем несанкцыянаваных мерапрыемстваў, нягледзячы на тое, што яны былі забаронены. “Што хочам, тое і робім. Усе павінны разумець, што бардак пачынаецца з гэтага”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Таму вы не глядзіце па баках. Не трэба глядзець, якую заяву зробіць Еўрасаюз або Дзярждэпартамент, гэта іх справа — рабіць заявы. Не дай бог нам парадзіць тую сітуацыю, у якой сёння жывуць заходнія дзяржавы. Вазьміце Францыю — за што гінуць людзі? — задаў рытарычнае пытанне прэзідэнт. — Няхай у нас будзе недасканалы дзяржаўны лад, але мы павінны захаваць бяспеку людзей. Таму любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям, павінны спыняцца імгненна. Яны павінны разумець і чуць, што гэта не выдумка міліцыі”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі дастаткова свабод для грамадзян. “Не трэба лезці на ражон. Калі ж ты лезеш на ражон і хочаш сябе паказаць, ну што ж, гэта ў асноўным мужыкі, і атрымлівайце тады”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся ў міністра, як складваецца крымінагенная сітуацыя ў краіне, якія вынікі аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў за мінулы перыяд 2018 года. “Што насцярожвае, ці ёсць пытанні, у якія я павінен умяшацца?” — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Адной з тэм сустрэчы стала работа аператыўна-вышуковых падраздзяленняў. Было адзначана, што без іх не могуць існаваць праваахоўныя органы, таму дзейнасць такіх службаў вельмі важная. “Гэта і абарона грамадзян, і аказанне дапамогі”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, аператыўна-вышуковыя падраздзяленні займаюцца і расследаваннем цяжкіх злачынстваў.

Паводле інфармацыі МУС, за студзень — люты бягучага года колькасць зарэгістраваных злачынстваў знізілася на 3 працэнты ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым менш учынена асабліва цяжкіх (на 0,2 працэнта) і цяжкіх (на 6,2 працэнта) злачынстваў, забойстваў з замахамі на жыццё (на 11,9 працэнта), згвалтаванняў (на 24,1 працэнта), крадзяжоў (на 6,9 працэнта).

У той жа час павялічылася колькасць такіх проціпраўных дзеянняў, як наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці пацярпеўшага (на 30 працэнтаў), разбояў (на 23,8 працэнта), грабяжоў (на 16,2 працэнта), крадзяжоў машын (на 26,4 працэнта) і хуліганстваў (на 5,2 працэнта).

Не дапушчана ўскладнення сітуацыі ў грамадскіх месцах (колькасць злачынстваў знізілася на 3,8 працэнта) і сельскай мясцовасці (зарэгістраваны нязначны рост правапарушэнняў на 0,7 працэнта).

У ведамстве адзначаюць, што на стан крымінагеннай сітуацыі ў краіне негатыўна ўплывае распаўсюджанасць п’янства і алкагалізму. Па выніках двух месяцаў 2018 года павялічылася на 9,7 працэнта колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, у тым ліку якія належаць да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх.