Кіраўнік дзяржавы патрабуе шукаць шляхі больш эфектыўнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых

- 11:37Інфармацыйная гадзіна

Аляксандр Лукашэнка даручыў вывучыць магчымасць пераразмеркавання асабовага складу паміж арміяй і пагранслужбай. Пра гэта ён заявіў пры наведванні пагранзаставы “Дзівін” у Кобрынскім раёне.

Гаворачы пра аптымізацыю ў Беларусі колькасці ваенных структур, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў іншы падыход для органаў пагранслужбы. “Можа, нам не трэба імкнуцца вельмі ўжо скарачацца ў пагранвойсках. Усё ж такі яны тут пастаянна ў баявой гатоўнасці. І абучэнне дай бог. І для будучыні яны ўсё ж такі людзям даюць больш навыкаў, хаця б для звычайных мотастралкоў. Можа, нам недзе арміі крыху скараціцца на 2—3 тысячы, пакінуўшы ім (пагранічнікам. — Заўвага БелТА.) гэтую колькасць. Няхай яны будуць на кожнай заставе — па 5—10 чалавек. Не лішнія, а каб больш свабодна служыць у якім-небудзь рэзерве”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, галоўная мэта заключаецца ў больш эфектыўнай падрыхтоўцы ваеннаслужачых. Акрамя таго, ёсць і іншыя плюсы. “Тут, на заставе, яны жывуць, як дома. Няма гэтай усялякай дзедаўшчыны, нестатутных адносін”, — адзначыў ён.

“Мы ж сёння не ваюем — мы рыхтуем людзей, абучаем. Гэта вельмі вялікая работа, якую мы павінны правесці па пераразмеркаванні разам з арміяй асабовага складу органаў пагранслужбы, — заявіў прэзідэнт. — Калі яны змогуць гэта зрабіць, і гэта для дзяржавы выгадна, і гэта будзе на перспектыву, значыць, мы пойдзем гэтым шляхам. Тут ваеннаслужачых абучаць лепш, чым у арміі. Сістэма іншая, і іх менш”.

Да гэтага пытання і свайго даручэння вывучыць магчымасць адпаведных пераўтварэнняў Аляксандр Лукашэнка вяртаўся некалькі разоў у час наведвання пагранзаставы, у прыватнасці пры аглядзе выкарыстанай тэхнікі і ўзбраення, дзе прэзідэнту паказалі лёгкабраніраваны аўтамабіль, што паступіў нядаўна. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў цяперашніх умовах пры ўзнікненні ўзброенага сутыкнення перш за ўсё спатрэбяцца мабільныя падраздзяленні, адпаведна, і падрыхтаваныя ваенныя кадры.

Прэзідэнту далажылі пра становішча на дзяржаўнай граніцы Беларусі, меры, якія прымаюцца па яе ахове, выкарыстанне сіл і сродкаў для выканання задач, што стаяць перад органамі пагранічнай службы. Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў сітуацыю на ўсходнім напрамку.

Як растлумачылі прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта, на гэтым напрамку няма падраздзяленняў органаў пагранслужбы, якія пастаянна дыслацыруюцца. Аднак пагранічнікі пры паступленні інфармацыі аб проціпраўнай дзейнасці могуць выходзіць на мясцовасць, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў і тэрытарыяльных падраздзяленняў органаў дзяржбяспекі. З расійскага ж боку прысутнічаюць штатныя падраздзяленні пагранічнай службы ФСБ Расіі, якія фактычна нясуць ахову дзяржграніцы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, каб у дзеянні беларускіх службаў не было фармалізму. “Калі вырашылі такім кампанентам кантраляваць гэты напрамак, значыць, ён павінен як мінімум прыносіць карысць. Але лепш, каб ён быў эфектыўны”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Але нам нельга прыпадабняцца да расіян. Яны самі не разумеюць, чаго хочуць і што яны робяць на беларуска-расійскай граніцы. Няхай вызначаюцца. Вызначацца — нам не праблема адказаць. Мы гатовы ў любы момант адэкватна даць адказ. Калі яны хочуць закрыць граніцу — калі ласка. Закрыюць — мы ў адказ таксама павінны ўвесці кантроль на граніцы, — падкрэсліў беларускі лідар. — Гатовы з намі як з саюзнікамі, як з роднымі людзьмі ўзаемадзейнічаць… А граніцы — гэта перажытак мінулага, яны карысці мала даюць для зносін людзей, тым больш паміж рускімі і беларусамі. Але гэта іх (расійскага боку. — Заўвага БелТА.) права, гэта іх справа”.

“Таму нам не трэба спяшацца. Мы павінны бачыць, што яны хочуць. Мы ведаем, дзе яны навыводзілі свае войскі, стварылі камендатуры і іншую інфраструктуру”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гэтае пытанне ў тым ліку будзе абмяркоўвацца ў час маючага адбыцца ў чэрвені Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пры наведванні пагранзаставы “Дзівін” паразмаўляў з пагранічнікамі і іх сем’ямі.

Адказваючы на адно з пытанняў, кіраўнік дзяржавы выказаўся за тое, каб захоўваць і нарошчваць спектр падтрымкі і льгот для сем’яў з дзецьмі. У прыватнасці, ён заявіў, што ў Беларусі не плануецца скарачаць водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, хоць у многіх развітых краінах свету на такі працяглы тэрмін ён не прадастаўляецца. “Пакуль мы гэта цягнем. Але астатнія льготы, я думаю, трэба прадастаўляць большыя, калі нараджаецца трэцяе дзіця. Вельмі вялікія. Кватэра… Чацвёртае — яшчэ большыя льготы. Пятае — беспрэцэдэнтная льгота. Я памаленьку гэта пачынаю ўжо рабіць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён растлумачыў, што ў беларускіх сем’ях нараджаецца адно або два дзіцяці, а таму асноўны аб’ём падтрымкі неабходна накіраваць на тое, каб у сем’ях з’яўлялася больш дзяцей. “Таму мы будзем вельмі зацікаўліваць”, — сказаў ён.

Прэзідэнт заўважыў, што ў Беларусі і так існуюць вялікія льготы для сем’яў з дзецьмі ў параўнанні з замежнымі краінамі. Разам з тым ён канстатаваў наяўнасць дэмаграфічнай праблемы ў краіне, і, адпаведна, неабходнасці захавання і развіцця практыкі прадастаўлення падтрымкі.