Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў работу сістэмы сілавога блока

- 11:57Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў удасканаліць напрамкі дзейнасці сілавога блока. Гэтае патрабаванне кіраўнік дзяржавы агучыў на адпаведнай нарадзе.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на нарадзе трэба абмеркаваць сітуацыю бяспекі Беларусі, а таксама некаторыя пытанні асобных ведамстваў, тым больш што нядаўна быў назначаны новы старшыня Следчага камітэта. “Хацелася б пачуць, што адбываецца ў следчым падраздзяленні, з яго пункту гледжання. Дзяржсакратар Савета Бяспекі даложыць у цэлым аб пытаннях дзейнасці праваахоўнага блока, тэме бяспекі, а таксама якія ёсць прапановы па ўдасканаленні напрамкаў дзейнасці сілавога блока, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я так разумею, што па кадравых пытаннях у сілавым і праваахоўным блоку праблем няма. Усе працуюць, і перазацвярджэння ў прынцыпе не патрабуецца. Яны сёння працуюць у тым жа рэжыме, як і працавалі”.
Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва адзначыў: “Нам нельга ўпускаць сітуацыю з Украінай”. Паводле яго слоў, тое, што МУС затрымлівае на вакзале незразумелых людзей, сведчыць, што расслабляцца ні ў якім разе нельга.
На мерапрыемстве кіраўнік пагранкамітэта праінфармаваў аб дзеяннях па ўмацаванні паўднёвай граніцы. “Больш за тое, я хачу вас проста папярэдзіць: з 1 студзеня пачынае дзейнічаць пагадненне Украіны з ЕС. Зразумела, што гэтае пагадненне напружвае не толькі Расію, хоць заклапочанасць выказвалася і раней, больш за год назад. На праведзенай сустрэчы Прэзідэнт Расіі звяртаў увагу на ўступленне ў сілу гэтага пагаднення, якое прывядзе да пэўных рызык для Расіі і для нас, у тым ліку Казахстана. Таму нам трэба быць гатовымі абмяркоўваць у гэтым плане названыя пытанні — нам траім у ЕАЭС, плюс Арменія і Кыргызстан, і з Украінай нейкім чынам папярэдне абмяр-коўваць гэтыя праблемы. Таму што само не разыдзецца”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі хапае і сваіх праблем у эканоміцы, але калі яшчэ хлынуць тавары з Еўрапейскага саюза, якія будуць увозіцца па нулявой стаўцы ва Украіну, тады мала не падасца. “Таму ўсё, што мы рабілі па ўмацаванні паўднёвых рубяжоў нашай краіны ў плане бяспекі і эканомікі, аказалася сёння запатрабаваным. Я хацеў бы пачуць, як у нас ідуць справы з умацаваннем граніцы”, — адзначыў прэзідэнт.
На нарадзе размова ішла таксама аб аптымізацыі ўсіх сілавых ведамстваў, але, вядома, у разумных межах, у тым ліку аб пазбаўленні ад непатрэбных функцый, а за кошт гэтага — павелічэнні тых сіл, якія рэальна працуюць над выкананнем пастаўленых задач. Размова стала працягам тэмы, якая абмяркоўвалася на ўзроўні прэзідэнта месяц назад на нарадзе па пытаннях дзейнасці сілавога блока.
Кіраўнік дзяржавы заслухаў амаль усіх міністраў аб стане спраў у ведамствах, а таксама аб перспектывах развіцця. Дзяржсакратар Савета Бяспекі Станіслаў Зась па выніках нарады адзначыў: “Жорстка стаяла пытанне павышэння эфектыўнасці работы сілавога блока, якасці выканання пастаўленых задач”. Абмяркоўвалася таксама выкананне канкрэтных даручэнняў прэзідэнта, дадзеных на нарадзе месяц назад.
“Што тычыцца Украіны, дадатковых задач сёння не было агучана, — канстатаваў Станіслаў Зась. — Яны былі пастаўлены раней па ўмацаванні паўднёвай граніцы. Мы вымушаны гэта рабіць — выбудоўваць нармальную цывілізаваную граніцу, якая павінна быць паміж дзвюма незалежнымі дзяржавамі, а таксама паляпшаць работу на пунктах пропуску, узмацняць кантроль на іх з мэтай недапушчэння пападання ў нашу краіну розных негатыўных праяў”.
Прэзідэнт у цэлым ацаніў работу сістэмы сілавога блока як эфектыўную.