Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер дэталёва вывучыць сітуацыю з цэнамі на спажывецкім рынку. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура.
Павел Калаур праінфармаваў Прэзідэнта, што за сем месяцаў цэны ў Беларусі выраслі на 7,5 працэнта, чакаецца, што за студзень — жнівень прырост складзе не больш за 7,9 працэнта. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што перш за ўсё яго хвалюе цэнаўтварэнне на тавары штодзённага попыту. “Менш мяне — няхай гэта непапулярна — хвалююць тыя людзі, якія па тры, па пяць тэлевізараў куплялі або купляюць, аўтамабілі могуць сабе купіць”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў аб дадзеным ім ураду даручэнні ўважліва адсочваць цэны на спажывецкім рынку, “каб мы неяк маглі і адміністрацыйна ўздзейнічаць на інфляцыю”, але пры гэтым не перабіраючы, каб не атрымаць дэфіцыт тавараў.
У найбліжэйшы час кіраўніку дзяржавы будзе даложана аб сітуацыі з цэнамі на спажывецкім рынку. Аляксандр Лукашэнка мае намер дэталёва азнаёміцца са станам спраў — аж да раскладу па асобных таварах.
Прэзідэнт адзначыў таксама, што дзякуючы пераходу на плаваючы курс рубля ўдалося пераканаць насельніцтва, што з ім не гуляюць у гульні.
Паводле даных за восем месяцаў, беларусы на наяўным рынку прадалі валюты на $362 млн больш, чым купілі. Сярод юрыдычных асоб попыт на валюту перасягнуў прапанаванне толькі ў жніўні, гэта было звязана з неабходнасцю пагашаць валютныя крэдыты.
“Дзякуючы таму, што мы перайшлі на плаваючы курс і ні ў якім разе штучна не стрымліваем курс нацыянальнай валюты адносна іншых валют, нам усё ж такі ўдалося пераканаць насельніцтва, што мы з ім у гульні гуляць не будзем. І гэта правільна, нам трэба прытрымлівацца такой пазіцыі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў: “Звычайныя людзі ўсё могуць купіць у Беларусі за беларускія рублі”.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Нацбанку і ўраду не трэба звяртаць увагу на крытыку, што гучыць у іх адрас, наконт ручнога рэжыму кіравання эканомікай. “Якое хочаце прымяняйце кіраванне, толькі б ад гэтага быў вынік — сёння не да раскошы, — сказаў Прэзідэнт. — У нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы, і дай бог нам вось так прайсці, як мы сёння ідзём. Сітуацыя ў свеце ад нас не залежыць. Мы павінны да яе прыстасавацца, і мы гэта павінны разумець”.
У Беларусі адносна спакойная сітуацыя ва ўсіх сегментах эканомікі, у тым ліку ў валютнай сферы, стабільная і прадказальная грашова-крэдытная палітыка, канстатаваў Прэзідэнт. “Гэта наша шчасце. Вось гэты трэнд трэба захаваць”, — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт лічыць, што прыватны бізнес Беларусі павінен шырэй удзельнічаць у асваенні кітайскіх крэдытаў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Кітай прадастаўляе Беларусі крэдыты на $7 млрд на выгадных умовах. Гэтыя грошы неабходна выкарыстоўваць для рэалізацыі значных праектаў, дзякуючы якім будуць у тым ліку стварацца новыя рабочыя месцы, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён чарговы раз выказаў незадавальненне тым, што такіх праектаў прапануецца недастаткова.
“Трэба шырэй даваць магчымасць прыватнікам, асабліва малому, сярэдняму бізнесу. Яны заўсёды вярталі грошы, у нас ніколі не было з імі праблем”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Галоўнае, каб праект быў бяспечным і выгадным для краіны, дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што $7 млрд — гэта добры кусок работы, і кітайскія партнёры гатовы скараціць звязанасць гэтага крэдыту. Такім чынам, як адзначыў Прэзідэнт, у Беларусі “ёсць добрыя кропкі, якія можам задзейнічаць і спакойна прайсці пік сусветнага крызісу, у які мы аказаліся ўцягнуты”.