Кіраўнік дзяржавы жорстка запатрабаваў навесці парадак у школах

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў гісторыю з рэзанансным канфліктам у сярэдняй школе № 15 Гомеля, у выніку якога была звольнена настаўніца пачатковых класаў, і прыцягнуў да адказнасці шэраг службовых асоб за невыкананне даручэнняў.

“Справа ў тым, што вы не пачулі мяне на лінейцы, калі я адкрываў новую школу ва Уруччы, што ў нас бардак у школе. І гэты парадак трэба наводзіць. Вы што, чакаеце яшчэ, як у Стоўбцах у нас адбылося? — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — А пачынаецца адсюль — са здзекаў з настаўніцы. І яшчэ на камеру здымаюць і выкладваюць у сетку. І гэта ў чацвёртым класе”.

Звяртаючыся да губернатара Гомельскай вобласці Генадзя Салаўя, прэзідэнт сказаў: “У цябе куля праляцела каля вуха, таму што ты яшчэ без года тыдзень. А то табе было б, што і ўсім астатнім”.

“Паехалі, учынілі разборкі, сабралі знізу даверху начальнікаў. Апісаліся, што ў іх, бачыце, у сацыяльных сетках размясцілі. А апісаўшыся, узялі і прыцягнулі да адказнасці гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву адкруціў бы шчаняці нейкаму”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“У тэлефонах сядзяць там… Няўжо вы не разумееце, у вас жа свае дзеці, што тэлефон і іншыя гаджэты ў школе — гэта не толькі адцягненне ўвагі ад заняткаў. Яны перастаюць думаць. Яны ж лічыць не ўмеюць, табліцу множання не ве­даюць, таму што адкрывае тэлефон і перамнажае там. Або шукае адказы на пытанні. Няўжо гэта нельга зразумець. У мяне сын прэзідэнта ні разу тэлефон у школу не ўзяў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“І было ж сказана. Не, адны рапарты. Нядаўна міністр дакладваў: рапартуюць, у іх усё цудоўна. Ды не цудоўна! Калі такі бардак у школе, не патрэбны ні падручнікі, ні праграмы, ні новыя метадычкі. Усё гэта пустая трата грошай, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І там упаўнаважаныя ёсць, і там памочнікі ёсць. Я ўжо не гавару пра ўрад, Качанаву, якая ідэалогію вядзе. Вось яна, такая ідэалогія. Чаго сабраліся? Разважалі-меркавалі, стрэлачніка знайшлі. Углыб глядзіце!”

19 верасня кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім за непрыняцце мер па навядзенні парадку ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і невыкананне даручэнняў Прэзідэнта Беларусі прыцягнуты да адказнасці шэраг службовых асоб.

Строгае папярэджанне атрымалі прэм’ер-міністр Сяргей Румас, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка папярэджаны аб няпоўнай службовай адпаведнасці.

Старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта даручана забяспечыць прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе вымовы намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама У.Прывалава, кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля С.Казачка, намесніка старшыні Гомельскага гарвыканкама В.Атаманчука.

Губернатару таксама даручана забяспечыць вызваленне ад займаемых пасад у сувязі з пераводам на іншую работу начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта С.Парошына, начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта Л.Крылісценка, намесніка кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля А.Копа, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля А.Дземенчука, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля К.Шарамаву, дырэктара сярэдняй школы № 15 Гомеля М.Чарненка.

Прэм’ер-міністру, кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта, міністру адукацыі і старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта даручана забяспечыць прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці іншых службовых асоб, вінаватых у неналежнай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі; аднавіць на рабоце Л.Чацвярткову на пасадзе настаўніка пачатковых класаў сярэдняй школы № 15 Гомеля; прыняць вычарпальныя меры па выкананні даручэнняў Прэзідэнта Беларусі ў сферы агульнай сярэдняй адукацыі.

Кантроль за выкананнем распара­джэння ўскладзены на Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі.