Кіраўнік — гэта заўсёды работа з людзьмі

Дырэктар сярэдняй школы № 2 Асіповіч Андрэй Генадзьевіч Лянчэўскі — сучасны кіраўнік, які ведае патрэбы школы, любіць і ўмее працаваць з дзецьмі і паважае працу настаўніка. Разам са сваімі педагогамі актыўна ўдзельнічае ў рабоце семінараў, круглых сталоў, навукова-практычных канферэнцый раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

З XVII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення” (2017) дырэктар вярнуўся з дыпломам I ступені. Андрэй Генадзьевіч выступаў на семінары, дзе прадставіў інавацыйны вопыт установы адукацыі па фарміраванні мадэлі самаразвіцця і прафесійнага самавызначэння асобы вучня. Сёлета стаў лаўрэатам абласнога фестывалю кіраўнічага вопыту дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “ Лідар адукацыі”.

А нядаўна ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі на рэспубліканскім семінары дзяліўся вопытам па арганізацыі, кіраванні і стварэнні ўмоў для рэалізацыі інавацыйнага праекта ва ўстанове адукацыі. У яго школе дзейнічае інавацыйны праект “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы” па тэме “Фарміраванне мадэлі самаразвіцця і прафесійнага самавызначэння асобы вучня”.

— Андрэй Генадзьевіч, да дырэктарства вы прапрацавалі настаўнікам гісторыі і англійскай мовы больш за 20 гадоў. Узначальвалі раённае і школьнае метадычныя аб’яднанні настаўнікаў гісторыі, займаліся грамадзянска-патрыятычным выхаваннем вучняў, стварылі патрыятычны клуб “Нашчадкі” і разам з дзецьмі змаглі заваяваць шмат дыпломаў рознага ўзроўню. Былі фіналістам раённага конкурсу “Настаўнік года”. Вашы праекты на лепшую арганізацыю шостага школьнага дня і па праблемах дзіцячага і маладзёжнага руху сталі прызёрамі рэспубліканскіх конкурсаў. А як вы сябе адчуваеце ў ролі дырэктара?

— Раней казалі, што дырэктар павінен быць настаўнікам настаўнікаў. Думаю, што не толькі настаўнікаў, але і вучняў, іх бацькоў, і нават грамадскасці свайго мікрараёна. Па патрабаваннях часу ўсе мы: педагогі, вучні, бацькі — проста абавязаны быць адзіным складальнікам, імкнуцца да аднолькавых мэт, працаваць упарта і цярпліва, вучыцца любіць людзей, рабіць усё магчымае для таго, каб быць лепшымі. Кіраўнік — гэта заўсёды работа з людзьмі, у гушчы падзей.

— Ці існуе для вас такое паняцце, як ідэальная школа?

— Ідэальная школа — гэта школа, якая працуе на апярэджанне. Ідэальная школа — гэта камфортныя ўмовы, сучаснае кіраванне, якасная адукацыя, сістэма ўзаемадзеяння настаўнік — вучань — бацькі. Школа маёй мары — гэта ўстанова, у якой ніхто не перашкаджае займацца любімай справай. Гэта месца, адкуль не хочацца сыходзіць і ў якім ёсць магчымасць затрымацца.

Місія нашай школы — “Ад паспяховага навучання ў школе — да самавызначэння, прафесійнай самарэалізацыі, здаровага ладу жыцця, бяспечных паводзін у грамадстве”. Наша школа сёння — гэта ўстанова, у якой адукацыйны працэс будуецца на разумным спалучэнні інавацый і правераных часам методыках выкладання, дзе ёсць свае традыцыі, працуюць захопленыя людзі, дзе дзецям і педагогам камфортна. У нас зладжаны калектыў аднадумцаў, які складаецца з 53 педагагічных работнікаў. Аналіз якаснага складу педагагічных кадраў дазваляе зрабіць выснову, што калектыў наш дастаткова дасведчаны — 91% настаўнікаў мае педагагічны стаж звыш 10 гадоў, 83% педагогаў маюць вышэйшую, настаўніка-метадыста і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. 96% педагогаў прайшлі сертыфікацыю як кваліфікаваныя карыстальнікі інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій.

Сярэдняя школа № 2 Асіповіч — гэта 590 навучэнцаў у 24 класах-камплектах. З іх: I ступень — 255 вучняў, II — 279, III — 56. Нашы вучні — наша будучыня. Школа дапамагае ім рэалізоўваць свае творчыя і спартыўныя здольнасці. Вучні ўстановы пад кіраўніцтвам педагогаў прымаюць удзел у міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, раённых конкурсах, дыстанцыйных алімпіядах, становяцца прызёрамі раённых і ўдзельнікамі абласнога этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Заўсёды ёсць прызёры раённых і абласных конкурсаў даследчых работ навучэнцаў.

— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі? Як яны паўплывалі на вас і вашу школу?

— Сучаснымі рэаліямі нашага жыцця сталі такія паняцці, як канкурэнтаздольнасць устаноў адукацыі, якасць адукацыі, сацыяльны заказ. Таму інавацыйную дзейнасць школы можна лічыць не толькі павевам часу, але і жыццёвай неабходнасцю для выжывання, і тым больш для развіцця структуры адукацыі ў цэлым. Імкнучыся ісці ў нагу з часам, заўсёды задаю сабе пытанне: “Якая перспектыўная мадэль кіравання адукацыйным працэсам установы адукацыі, што займаецца інавацыйнай дзейнасцю”?

Пагаджуся з меркаваннем, што для кіравання інавацыйнай дзейнасцю педагогаў неабходна навучыцца даследаваць і праектаваць рэальны працэс кіравання, а таксама ствараць умовы для інавацыйнай дзейнасці ўсяго калектыву ў цэлым і кожнага настаўніка паасобку, таму мадэль кіравання інавацыйнай сістэмай павінна ўключаць наступныя кампаненты: стварэнне ўмоў для паспяховага развіцця кожнага настаўніка, развіццё прафесійных здольнасцей і схільнасцей пры цесным супрацоўніцтве ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу (вучні — настаўнікі — бацькі); фарміраванне пазітыўнай атмасферы ў настаўніцкім калектыве; прыняцце дасведчаных канкрэтных рашэнняў па праблемах на ўзроўні ўстановы; планаванне і развіццё ўстановы адукацыі ў інавацыйным рэжыме.

У выніку выбудоўваецца цэласная сістэма ўзаемазвязаных мер, накіраваных на павышэнне педагагічнага майстэрства настаўніка, развіццё і павышэнне творчага патэнцыялу педагагічнага калектыву, а ў канчатковым выніку — на павышэнне якасці і эфектыўнасці адукацыйнага працэсу.

— Стварэнне інавацыйнага цэнтра — справа новая, цікавая, але і адказная. З чаго вы пачыналі і ў якім напрамку рухаліся?

— Існуючы станоўчы вопыт педагагічнай дзейнасці дазволіў вызначыць кірунак работы інавацыйнага цэнтра. Найперш трэба было стварыць каманду для адпрацоўкі механізма функцыянавання мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра па двух напрамках дзейнасці.

Першы звязаны з ростам прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, зацікаўленых у рэалізацыі і прасоўванні вопыту работы па паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання дзяцей на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі праз стварэнне сеткавага ўзаемадзеяння. Другі напрамак звязалі з сеткавым навучаннем зацікаўленых партнёраў праз трансляцыю сацыяльна-значнага педагагічнага вопыту, звязанага з забеспячэннем адзінства рэалізацыі задач асобаснага і сацыяльнага развіцця вучняў.

— З вашага выступлення на семінары ў АПА я зразумела, што вы шмат увагі падчас рэалізацыі інавацыйнага праекта ўдзяляеце менавіта сеткаваму навучанню.

— Так, і вектары сеткавага ўзаемадзеяння ў нас выбудаваны наступным чынам. Першы вектар — сеткавае ўзаемадзеянне з метадычнымі службамі, установамі адукацыі. У цесным супрацоўніцтве з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі, раённым вучэбна-метадычным кабінетам і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі нам удалося стварыць сетку зацікаўленых партнёраў па пытанні арганізацыі профільнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Актуальнасць абранай тэмы пацвярджаецца пастаянным пашырэннем удзельнікаў сеткавага ўзаемадзеяння, у тым ліку з Расіі і Літвы.

Другі вектар — сеткавае ўзаемадзеянне з педагогамі. Адзначу, што інавацыйны цэнтр — гэта жывы арганізм, які сабраў ініцыятыўных і творчых педагогаў. Тут створаны ўсе ўмовы для пошуку і вывучэння новых форм і метадаў выкладання, распрацоўкі і стварэння інавацыйных прадуктаў. Мы вітаем ідэі сваіх педагогаў і фарміруем банк ідэй. Самым удалым з выкарыстаных з’яўляецца метад “мазгавога штурму”, які прымяняецца на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў.

Наступным крокам з’яўляецца адбор ідэй па крытэрыях для стварэння інавацыйнага прадукту. Тут да работы далучаецца метадычная рада школы. Для адбору ідэй прапануюцца тры крытэрыі: ідэі павінны ўпісвацца ў агульную стратэгію развіцця школы; павінны быць заснаваны на наяўных ва ўстанове адукацыі кампетэнцыях і рэсурсах (тэхнічных, фінансавых і кіраўнічых); павінны валодаць дастатковым патэнцыялам для задавальнення патрэб спажыўца (настаўнікаў, вучняў, бацькоў, адміністрацый іншых школ).

Пасля таго як ідэя прызнана годнай для далейшага даследавання, яна павінна быць сфармулявана ў выглядзе канцэпцыі інавацыйнага прадукту з наступнай ацэнкай патэнцыяльнымі спажыўцамі. Для кожнага спажыўца свой узровень ацэньвання: для настаўнікаў-прадметнікаў — пасяджэнні раённых метадычных аб’яднанняў, тэматычныя семінары; для вучняў — ступень асабістага поспеху ў прыросце ведаў падчас заняткаў (працэсу); для бацькоў — ступень авалодання ведамі іх дзецьмі, каб быць паспяховымі ў будучыні; для адміністрацый іншых школ — аказанне дапамогі ў кіраванні сучаснымі інавацыйнымі сістэмамі.

Ацэнка канцэпцыі інавацыйнага прадукту дазваляе даведацца пра меркаванне патэнцыяльных спажыўцоў і прыняць рашэнне: рухацца далей ці адкінуць ідэю. Прынцып дзеяння на этапе распрацоўкі інавацыйнага прадукту — камандны. Таму вельмі важна ўлічваць фактары поспеху каманднай работы. Па-першае, прыцягненне спецыялістаў рознага профілю: настаўнікаў-прадметнікаў, праграмістаў (настаўнікаў інфарматыкі), псіхолагаў, бібліятэкараў, членаў апякунскага савета, савета школы. Па-другое, магчымасць удзелу зацікаўленых спецыялістаў у прыняцці сумесных аператыўных рашэнняў і абмен інфармацыяй.

Пры стварэнні інавацыйнага прадукту важна ўлічваць інтарэсы не толькі спажыўца, але і ўласна самой установы адукацыі. Недастаткова стварыць прадукт, які б падабаўся толькі спажыўцам, — установа павінна таксама прасоўваць дадзены прадукт для павышэння сваёй канкурэнтаздольнасці.

Затым адбываецца ўкараненне ў адукацыйны працэс. Каб правільна арганізаваць дзейнасць на гэтай стадыі, кіраўніцтву рэсурснага цэнтра неабходна сачыць за захаваннем наступных умоў: нарматыўна-прававых, матэрыяльна-тэхнічных, кадравых, інфармацыйна-метадычных, арганізацыйна-кіраўніцкіх, дыдактыка-метадычных.

Педагогі цэнтра прапануюць зацікаўленым калегам магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю на семінарах-практыкумах, майстар-класах па шэрагу прадметаў, а таксама псіхалагічных трэнінгах, індывідуальна-групавых кансультацыях і семінарах для класных кіраўнікоў. Усе гэтыя мерапрыемствы павінны дапамагчы выбудаваць індывідуальныя адукацыйныя траекторыі вучняў з мэтай аказання дапамогі ў іх самаразвіцці і прафесійным самавызначэнні.

І трэці вектар — сеткавае ўзаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі. Па шэрагу аспектаў цэнтр выходзіць на зносіны з бацькамі вучняў. Мы прапануем школьнікам індывідуальныя кансультацыі настаўнікаў-прадметнікаў у сістэме відэаўрокаў і аўтарскія курсы па падрыхтоўцы да ЦТ. У выніку ўмацоўваецца механізм узаемадзеяння школы, бацькоў, устаноў адукацыі, грамадскіх арганізацый і партнёраў адукацыйнай сеткі ў рабоце па стварэнні творчага, праблемна-арыентаванага адукацыйнага асяроддзя інавацыйнага цэнтра.

— Андрэй Генадзьевіч, падвядзём асноўныя вынікі інавацыйнай дзейнасці.

— Сярод вучняў 10—11 класаў, дзе былі створаны профільныя групы па прадметах, адзначаны рост узроўню навучанасці: 10 клас — 78%, 11-ы— 84% (стартавая лічба — 57%). Колькасць паступіўшых ва ўніверсітэты павялічылася за апошнія два гады з 65 да 78%. Заўсёды ёсць вучні, якія набіраюць больш за 90 балаў на ЦТ, а трое выпускнікоў атрымалі 100 балаў. Заняткі па прафарыентацыі дапамаглі вызначыцца з выбарам прафесіі 100% вучняў.

Развіваецца сеткавае ўзаемадзеянне з зацікаўленымі партнёрамі па рэалізацыі мадэлі самаразвіцця і прафесійнага самавызначэння асобы вучня. Удзельнікі сеткавага ўзаемадзеяння: метадычныя службы розных узроўняў (раён — вобласць — рэспубліка), кіраўнікі ўстаноў адукацыі (раён — 19, вобласць — 4, рэспубліка — 5, Расія — 1, Літва — 1), сацыяльныя партнёры (бацькі, БРСМ, БРПА, “Белая Русь”, шэфскія арганізацыі, аўтарская група “Рэферэнт”). Узрасла роля такіх аб’яднанняў па інтарэсах, як клубы па фарміраванні самаразвіцця і прафесійнага самавызначэння асобы вучня: у 2016 годзе было 4 клубы, у 2018-м — 7 клубаў рознай накіраванасці па тэме праекта. Удзельнікі праекта абменьваюцца метадычным вопытам на розных узроўнях: міжнародным, рэспубліканскім, абласным і раённым.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.