Кіраўнік года

Шлях да заключнага этапу абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Кіраўнік года” быў для яго ўдзельнікаў складаным — трэба было справамі даказаць, што навучальная ўстанова пад кіраўніцтвам фіналіста сапраўды дасягнула высокіх вынікаў, прадставіць бізнес-план развіцця, сваё бачанне кіраўніцкіх працэсаў.

У Гродзенскай вобласці такі конкурс правялі ўпершыню. Галоўная мэта — павысіць эфектыўнасць кіраўніцкіх рашэнняў, прадставіць вопыт лепшых дырэктараў, павысіць прэстыж кіраўніцкай дзейнасці, фарміраваць рэзерв кіруючых кадраў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці.

Як паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская, да ўдзелу ў конкурсе запрасілі кіраўнікоў са стажам не менш за 3 гады, якія дасягнулі значных вынікаў ва ўзначаленых установах.

Лепшых кіраўнікоў выбіралі ў чатырох намінацыях: “Кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі”, “Кіраўнік установы дашкольнай адукацыі”, “Кіраўнік установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і “Кіраўнік установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”. Па выніках раённых этапаў фіналістамі сталі па 9 чалавек у першых дзвюх намінацыях, 6 — у трэцяй і 3 — у чацвёртай намінацыі.

Першы завочны этап “Кіраўніцкае партфоліа” ўключаў тры складнікі: аналіз вынікаў дзейнасці ўстановы за апошнія 2 гады, сайт установы адукацыі, самапрэзентацыю “Я — кіраўнік”. У фінале, які прайшоў у ГрАІ РА, арганізавалі тэсціраванне па пытаннях кіраўніцкай дзейнасці, прэзентацыю “Формула поспеху ўстановы адукацыі”, абарону кіраўніцкай ініцыятывы.

У суперфінал выйшлі 4 кіраўнікі, пераможцы ў сваіх намінацыях — дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Анатольевіч Фанасаў, загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 98 Гродна Святлана Віктараўна Федарцова, дырэктар Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Сняжана Сцяпанаўна Пекарскене і дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 Алена Іванаўна Жалезняковіч.

Кожны з фіналістаў прадставіў бізнес-план па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы. С.А.Фанасаў расказаў, як у яго школе рэалізуецца прынцып дадатковай адукацыі, С.В.Федарцова — аб аказанні дадатковых платных паслуг дзецям і дарослым, С.С.Пекарскене — аб праектах міжнароднага супрацоўніцтва, А.І.Жалезняковіч — аб арганізацыі прафесійнага навучання для школьнікаў, камп’ютарных курсах і курсах “Рамонт сваімі рукамі” для гродзенцаў.

Прадставілі кіраўнікі і свае рашэнні прапанаваных сітуацый. Так, Сяргей Анатольевіч даваў параду маладому кіраўніку, з чаго пачынаць сваю дзейнасць, а Святлана Віктараўна гаварыла аб трох першых рашэннях на высокай кіраўніцкай пасадзе.

Удзельнікаў конкурсу віталі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А.Г.Сонгін, рэктар ГрАІ РА С.А.Сяргейка, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі В.В.Грышэчка. Як адзначыў Аляксандр Генрыхавіч Сонгін, ён вітае аўтарытэтных кіраўнікоў, якія вядуць за сабой калектыў і адказваюць за свае словы і ўчынкі. А Святлана Антонаўна ўбачыла ў фіналістах конкурсу яшчэ і будучых выкладчыкаў інстытута, якіх будуць запрашаць падзяліцца са слухачамі інстытута сваім багатым кіраўніцкім вопытам.

Далучыўся да віншаванняў фіналістаў і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце і персаналу ААТ “Радыёхваля” Аляксандр Пятровіч Зайцаў. Ён падзякаваў за супрацоўніцтва па падрыхтоўцы кадраў. У гэтым годзе на прадпрыемства прынялі 60 выпускнікоў прафесійна-тэхнічных устаноў, у наступным годзе ў сувязі з пашырэннем вытворчасці прадпрыемства гатова ўзяць на работу яшчэ 250 маладых рабочых.

Але конкурс на гэтым не завяршыўся. Хто ж атрымаў тытул лепшага кіраўніка? Інтрыга захоўвалася да першых дзён кастрычніка. Напярэдадні Дня настаўніка, на ўрачыстым пасяджэнні педагагічнай грамадскасці Гродзеншчыны было названа гэтае імя — пераможцам першага абласнога конкурсу “Кіраўнік года” стаў дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Анатольевіч Фанасаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.