Кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ пацікавіўся планамі “Белай Русі” па ўдзеле ў агітацыйнай рабоце з выбаршчыкамі

- 10:28Выбары 2015

У цэнтральным офісе рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” адбылася сустрэча старшыні РГА Аляксандра Радзькова з кіраўніком доўгатэрміновай місіі БДІПЧ АБСЕ Жакам Форам, паведамілі ў арганізацыі.

“На сустрэчы былі разгледжаны пытанні ўдзелу аб’яднання ў выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2015 года, палітычная сітуацыя ў свеце і краіне, прынцыпы і метадалогія работы БДІПЧ АБСЕ ў Беларусі. У прыватнасці, абмеркавана роля РГА “Белая Русь” на этапе збору подпісаў за вылучэнне кандыдата ў Прэзідэнты, работа наглядальнікаў і членаў тэрытарыяльных камісій ад аб’яднання, а таксама планы па ўдзеле членаў “Белай Русі” ў агітацыйнай рабоце з выбаршчыкамі”, — расказалі ў арганізацыі.
Як паведамлялася, доўгатэрміновая місія БДІПЧ АБСЕ пачала работу ў рэгіёнах Беларусі 2 верасня (36 наглядальнікаў), а 26 жніўня місія (11 экспертаў) пачала працаваць у Мінску. Асноўная каманда місіі — 11 экспертаў (з 10 краін). Акрамя таго, БДІПЧ запросіць 400 кароткатэрміновых наглядальнікаў.