Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні і мастак: як у лёсе Віктара Казлоўскага з’ядналіся місія абаронцы Айчыны і творчы пачатак, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Педагог Удзелаўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна зрабіў незвычайны падарунак да 1 верасня для вучняў і калег: тэрыторыю ўстановы адукацыі ўпрыгожылі па-майстэрску выкананыя малыя архітэктурныя формы. Цэнтральная з іх — выразаны з дуба мядзведзь з важкім кошыкам за спінай. Побач — лаўкі і крэслы, падстаўкі для кветак. Крэатыўную кампазіцыю аўтар назваў “Беларускі куток”. Па словах дырэктара Святланы Бародзіч, раней тут рос стары дуб. Пра яго гісторыю, біялагічныя асаблівасці дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў пісалі даследчыя работы, паспяхова выступалі з імі на канферэнцыях у Глыбокім і Віцебску. На жаль, час не пашкадаваў магутнага велікана: у пэўны момант пасля буры дрэва было прызнана аварыйным. Пагрозу аператыўна ліквідавалі, пашкоджаныя галіны абрэзалі. А дзякуючы Віктару Казлоўскаму, дуб набыў другое жыццё і цяпер паўстаў у абліччы дабрадушнага мядзведзя.
Легендарны Заслонаў і казачны Мішка
— Віктар Раманавіч, ці доўга працавалі над скульптурай?
— Звыш двух тыдняў. Калі б карыстаўся традыцыйнымі прыладамі для разьбы па дрэве — рознымі стамескамі-разцамі, заняло б значна больш часу. Таму прымяніў навацыю: працаваў у асноўным бензапілой. Таксама не сказаць, каб далося вельмі лёгка, бо спатрэбілася і літаральна на будучага Мішку залазіць, і на лесвіцы гадзінамі стаяць з інструментам у руках. На постаці мядзведзя спыніўся з улікам матэрыялу. Плюс гэта архітыповы вобраз — адлюстраванне народных уяўленняў пра сілу прыроды і волата-абаронца. Мая тэма! Папярэдне, канечне ж, прынёс кіраўніцтву школы статуэтку з гліны, прататып адобрылі і зацвердзілі. Між іншым у дзяцей сваё ўспрыманне нашага Мішкі, пераважна праз казкі. Мне ўжо неаднойчы раілі працягнуць работу, каб з кошыка Маша выглядала. Магчыма, неўзабаве так і будзе. Аднак мне бліжэй думка, каб у кошыку ўгадваліся кніжкі. Мішка ідзе за ведамі — як вам ідэя? Прыемна, што скульптура падабаецца людзям. Хаця сам я не зусім задаволены вынікам. У прынцыпе нармальна для творцы, бо няма мяжы для дасканаласці.
— Гэта не першая ваша скульптура мядзведзя. Адразу ўзгадваюцца казачныя мішкі на дзіцячай пляцоўцы ў Глыбокім…
— Там я рэстаўрыраваў скульптурную групу, адлітую з бетону яшчэ, напэўна, у савецкі перыяд. Было многа пашкоджанняў, некаторыя часткі фігур былі адбіты — аднаўляў, далепліваў страчанае. Аналагічна адрэстаўрыраваў бетонную скульптуру рабочага, якая зараз устаноўлена паблізу нашага малочна-кансервавага камбіната. Калі прыняў пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні і знаёміўся са школьнай гаспадаркай, то ў складскім памяшканні зачапіўся поглядам за нешта грувасткае, шэрае. Прыпыніўся: няўжо скульптура? Аблічча падалося знаёмым. Пільней прыглядзеўся — Заслонаў! Знаходку мы абмеркавалі з кіраўніцтвам. Падключылі настаўнікаў і навучэнцаў, ветэранаў педагагічнай працы, старажылаў і краязнаўцаў, каб даведацца, адкуль той бюст трапіў на школьныя задворкі. Высветлілі, што фактычна з часу ўтварэння Удзелаўскай сярэдняй школы яе піянерская дружына насіла імя Канстанціна Заслонава. Калі ў 1960 годзе ўвялі ў эксплуатацыю цяперашні будынак, у ім устанавілі бюст героя. Потым, верагодна, яго пашкодзілі і перанеслі далей ад вачэй. Дзякуй, хоць і ў сумным стане, але захавалі. Я ўзяўся за рэстаўрацыю.
У год, калі мы адзначалі 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адноўлены бюст заняў пачэснае месца побач са школай. Для нас гэта сімвал пераемнасці пакаленняў і захавання гістарычнай памяці. Сёлета ў школе я абсталяваў куток, які адлюстроўвае дзейнасць Канстанціна Заслонава ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Анёл і сквер Паэзіі ў Глыбокім
— Дзе яшчэ вашы творы можна ўбачыць на Глыбоччыне?
— У рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы, што ў райцэнтры, устаноўлены бюст Баляслава Лапыра. Знакаміты селекцыянер некалі выводзіў новыя гатункі вішні і дзяліўся імі з гараджанамі, арганізоўваў у вёсках агранамічныя курсы, наладжваў сельскагаспадарчыя выставы. У народзе некалькі ўстойлівых да беларускіх зім гатункаў з буйнымі смачнымі пладамі празвалі лапыровымі вішнямі. Глыбоччына, як вядома, славіцца сваім Вішнёвым фестывалем… Адна з маіх любімых работ — Русалачка, якая “жыве” ў райцэнтры. Яшчэ — анёл на камені каля царквы ў гонар Архістратыга Божага Міхаіла на тэрыторыі праваслаўнага жаночага манастыра. Таксама — галерэя бюстаў у скверы Паэзіі. Там цэлая асамблея славутасцей: Якуб Колас, Максім Багдановіч, Аляксандр Пушкін, Сяргей Ясенін. І ў дадатак белая ратонда, зручныя лаўкі для ўсіх, хто хоча камфортна правесці час за чытаннем.
— Які матэрыял у скульптуры вас найбольш прываблівае?
— Маё захапленне скульптурай вырасла з дзіцячай лепкі. Бюст маці зрабіў з гліны ў 14 гадоў — першая сур’ёзная работа. Потым да дрэва прызвычаіўся. Яно не такое даўгавечнае, як гіпс ці бетон, затое жывое, цёплае, з непаўторнай структурай. Дрэва мне, думаю, бліжэй за астатнія матэрыялы. Але па жыцці многа іх асвоіў, як і розных тэхнік. Не жартую: другую вышэйшую адукацыю мне ўдалося атрымаць дзякуючы знаходлівасці, непарушнасці дадзенага слова і… уменню працаваць з пап’е-машэ!
Другая вышэйшая з рызыкай для вусоў
— Заінтрыгавалі. Падзеліцеся падрабязнасцямі?
— Я ваенны па прафесіі, служыў у ракетных войсках стратэгічнага назначэння. На Пастаўшчыне мне давялося пазнаёміцца з генерал-маёрам Уладзімірам Бярозавым. Завязка сюжэта ў тым, што ўсюды тады ў ленінскіх пакоях стаялі гіпсавыя бюсты Ільіча. Часам яны разбіваліся. У вялікіх маштабах — сур’ёзная праблема. Вось мой камандзір і параіў высокаму начальству, маўляў, ёсць малады лейтэнант, здольны вырашыць пытанне. Выклікаюць мяне, іду. У галаве чамусьці адна думка б’ецца: “Развітвайся з вусамі!” Страшна той генерал-маёр іх не любіў, а я вусаты быў. Зайшоў, прадставіўся. Мне амаль з парога: “Так і так, зробіш 30 бюстаў за месяц?” — “Зраблю!” Ён яшчэ так уважліва паглядзеў на мяне і кажа: “Калі справішся, то прасі, што хочаш”. У мяне была група сяброў, з якімі скульптурай у вольны час разам займаліся, і невялікая майстэрня. Параіліся мы, вырашылі: робім з пап’е-машэ. Праз месяц Уладзімір Бярозаў прыязджае паўторна, зноў выклікае: “Гатова?” — “Так”. — “Нясі!” Выконваю. Ён, як пабачыў, што адзін нясу бюст, ускочыў з-за стала: “Асцярожна, надарвешся!” Калі ж я патлумачыў пра матэрыял, то адобрыў ідэю, пахваліў выкананне — і чакае. Тут я і выдаў: “Дазвольце мне атрымаць другую вышэйшую адукацыю ў Інстытуце культуры!” Насупіўся таварыш генерал-маёр, прамаўчаў.
— Аднак стрымаў слова?
— Праз два тыдні прыйшоў загад: “Для павышэння прафесійных ведаў адкамандзіраваць для вучобы…” Прычым з захаваннем акладу і поўнага, як сёння кажуць, сацпакета. Пяць гадоў я вучыўся ў Мінску па спецыяльнасці, звязанай з арганізацыяй і методыкай культурна-асветніцкай работы, клубазнаўствам. Быў старастам групы. Калі гаварыць пра службу, то аддаў ёй 32 гады. Звольніўся ў запас у званні маёра, працаваў у Глыбоцкім райвыканкаме начальнікам групы цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Потым выйшаў на заслужаны адпачынак. Толькі мне не дазволіла надоўга там застацца намеснік дырэктара школы па асноўнай дзейнасці Алена Протас. Мы даўно знаёмы. Выпадкова сустрэліся на вуліцы, абмяняліся навінамі. Калі яна даведалася, што я ў пенсіянеры падаўся, то неадкладна пачала ўгаворваць: “Давай да нас у школу! Нам спецыяліст з такім вопытам службы і работы проста неабходны!” З наступнага дня да яе дырэктар Святлана Бародзіч далучылася. І настаялі-такі на сваім.
Выставы і вучні
— Што стала вырашальным у выбары на карысць школы?
— Прызнацца шчыра, мне прапанова прыйшлася па душы. Прывык жыць у руху і развіцці, крыху засумаваў на пенсіі. Мой папярэднік на пасадзе кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні ўзначаліў суседні сельсавет, вакансію трэба было тэрмінова закрыць. Я адчуваў сілы падставіць плячо — чаму б не? Некалі ў Рыжскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы набыў паралельна разам з ваеннай педагагічную кваліфікацыю выкладчыка гісторыі. Але, як бачыце, да педагагічнай дзейнасці ў школе ішоў доўга. Хаця ў жыцці нічога выпадковага няма: назапасіў вопыт, які варта перадаць. Для мяне мая работа — гэта найперш магчымасць паўздзейнічаць на вынік, калі назіраю за навучэнцамі, хто да чаго імкнецца, і ведаю, у што імкненне можа ператварыцца. Асабліва калі дзіця не ў той бок пачынае весці.
— Як дапамагчы?
— Важна і параіць, і асабістым прыкладам недзе падказаць, як правільна. З калегамі з’яднацца і разам працаваць на вынік. Не менш важная зваротная сувязь з бацькамі. Часам яны скрозь пальцы глядзяць на бяскрыўдныя, як ім здаецца, правіннасці дзіцяці — між тым яны могуць з часам прывесці зусім не туды, куды трэба. Мы абавязаны выгадаваць нашых дзяцей патрыётамі Беларусі і адказнымі грамадзянамі. У хлопцаў па прыродзе закладзена быць абаронцамі. Зноў жа да гэтага трэба рыхтаваць, гэта трэба выхоўваць. Толькі так можна выключыць недапушчальныя, прыкрыя сітуацыі. Калі, напрыклад, у чыімсьці ўяўленні з’яўляецца думка змяніць гендар ці яшчэ нешта падобнае, а грамадства хворую ідэю вітае як праяўленне свабоды.
Мы павінны засцерагчы дзяцей і навучыць іх берагчы родную краіну ад сучасных і будучых пагроз. Патэнцыял ваенна-патрыятычнага выхавання магутны. Па-мойму, яго асновы выразна адлюстраваны ў вядомай песні “З чаго пачынаецца Радзіма”. Трэба, каб гэта стала сутнасцю кожнага чалавека, каб у любых выпрабаваннях ён гэтым кіраваўся.
— Што ўключае выбудаваная ў школе сістэма ваенна-патрыятычнага выхавання?
— Комплексную індывідуальную і камандную работу. У тым ліку сустрэчы са знакамітымі землякамі, цеснае ўзаемадзеянне з раённым гісторыка-этнаграфічным музеем і грамадскімі арганізацыямі, прагляд хроніка-дакументальных і мастацкіх кінастужак пра Вялікую Айчынную вайну, значныя гістарычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі з наступным абмеркаваннем, падрыхтоўку да “Зарніцы” і “Зарнічкі”. Варта дадаць, што па выніках названых спаборніцтваў мы на Глыбоччыне сярод лідараў. Па выніках раённых мнагаборстваў “Здароўе”, “Абаронца Радзімы” наша каманда пакуль на 2-м месцы ў раёне. Нацэльваемся, зразумела, вышэй. Таксама хачу адзначыць, што я ў школе вяду аб’яднанні па інтарэсах “Юны стралок” і “Лясная скульптура”. У творчасці мае вучні ярка сябе праяўляюць. У прыватнасці, маем перамогі і прызавыя месцы па выніках такіх конкурсных мерапрыемстваў, як “Калядная зорка”, “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Я таксама ў многіх выставах паўдзельнічаў. У школе мы арганізавалі пастаянна дзеючую экспазіцыю, дзе размешчаны лясныя скульптуры, мае і маіх вучняў.
Жыццёвы прынцып

— Даўно захапляецеся лясной пластыкай?
— Так. Атрымліваецца сімбіёз, сумесная творчасць прыроды і чалавека. Цікава знайсці незвычайны корань або галіну, убачыць у мудрагелістым перапляценні вобраз ці нават сюжэт, апрацаваць. Бывае, яны з першага погляду бачныя. Але здараецца, што знаходка паляжыць пэўны час і толькі потым табе раскрыецца. Так, адну з нарыхтовак я гадоў 20 захоўваў, пакуль надышоў цудоўны момант: убачыў у ёй вобраз юнага Пушкіна. Часам натрапіш на элемент будучай скульптуры, а далей чакаеш пад яе пазлы, якіх не хапае. Возьмем для прыкладу “Крумкача”, маю работу з дзвюх частак. Аснову для першай я знайшоў на беразе возера, для другой — выпадкова раскапаў у кастрышчы. Аднойчы ў лесе заўважыў сасновую галіну на 15-метровай вышыні: нібы жывое аленяня! Як мы з сябрам яе даставалі — асобная гісторыя. Яно таго было варта! Крыху дадаў свайго да задумы прыроды-матухны. Скульптура аленяняці паўдзельнічала ў многіх выставах. Неяк масквічы прапаноўвалі мне за яе некалькі тысяч долараў, але гэты цуд не на продаж — для душы.
— Чым, на вашу думку, карысная лясная пластыка для развіцця дзіцяці?
— Удасканальванне дробнай маторыкі, уменне працаваць рукамі і фарміраванне мастацкага густу. Але ў першую чаргу гэта пра любоў да прыроды. Кожная яе часцінка па-свойму цудоўная. Вазьмі яе ў рукі — і няхай ты не пэўны вобраз увасобіш, проста галінку прыгожа аформіш — будзе выглядаць нібы мастацкі твор. Майстар, нават пачатковец, гэта сэрцам адчувае, таму цэніць створанае ўласнымі рукамі, а праз гэта вучыцца цаніць плён працы іншых людзей. Вучу дзяцей хадзіць па свеце з шырока расплюшчанымі вачыма, заўважаць і бачыць усё навокал. Галоўнае — трэба знайсці ў дзіцяці творчую іскрынку, бо без яе работа — чыста рамесніцтва. А мы крыху іншага дабіваемся: абудзіць творцу, развіць духоўнае ўнутранае бачанне. І тады захапленне застаецца з маленства на ўсё жыццё. Ведаеце, у любой справе прынцып просты: калі Бог даў сілы, магчымасці, здольнасці — значыць, рабі. Таму што не камусьці даў, а менавіта табе. Толькі рабі, каб плён працы быў карысны і табе, і людзям, у шырокім сэнсе — народу і Радзіме.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара





