Кіраўнік школы сямейнага тыпу

- 9:20Людзі адукацыі

Прафесійная дзейнасць Алы Аляксандраўны Старыкевіч заўсёды была непарыўна звязана з грамадскай. І гэта цалкам заканамерна, улічваючы яе няўрымслівы характар і актыўную жыццёвую пазіцыю.

Але Аляксандраўне вельмі пашанцавала з педагогамі, прыклад якіх прывёў у настаўніцкую прафесію. Да сённяшняга часу ўдзячная вучаніца з цеплынёй і павагай успамінае Наталлю Сяргееўну Гарай, Дзіну Рыгораўну Татун і Галіну Міхайлаўну Клягіну з сярэдняй школы № 18 Брэста.

Працаваць у школе А.А.Старыкевіч пачала яшчэ чацвёртакурсніцай факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Першыя рабочыя будні паказалі, што яна не памылілася з прафесійным выбарам. У сярэдняй школе № 5 Брэста Ала Аляксандраўна адпрацавала ўсяго год, але былыя вучні да гэтага часу запрашаюць любімую настаўніцу на сустрэчы з выпускнікамі.

Прафесійнае станаўленне педагога праходзіла ў сярэдняй школе № 9 Брэста, якая заўсёды славілася высокакваліфікаванымі кадрамі. Вялікую ролю ў павышэнні прафмайстэрства маладой настаўніцы пачатковых класаў адыгралі яе куратар Таццяна Мікалаеўна Узлій і колішні дырэктар Любоў Пятроўна Міхайлік.

Імкненне да самаразвіцця прывяло Алу Аляксандраўну ў тагачасны Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага, дзе яна набыла спецыяльнасць “Практычная псіхалогія”. Атрыманая адукацыя вельмі спатрэбілася ў далейшай дзейнасці: у арганізацыі дыягностыкі малодшых школьнікаў і выкладанні курса “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця” ў старшакласнікаў, а таксама на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Даволі карыснымі аказаліся гады, праведзеныя ў аддзеле адукацыі Ленінскага раёна Брэста, дзе А.А.Старыкевіч працавала метадыстам і курыравала выхаваўчыя пытанні. Ала Аляксандраўна многаму навучылася ў тагачаснага начальніка аддзела Галіны Васільеўны Скакавец і вопытнай калегі Алены Васільеўны Бярковіч.

З 2002 да 2016 года працоўная біяграфія А.А.Старыкевіч была звязана з Брэсцкім гарвыканкамам, дзе яна ўзначальвала спачатку аддзел па справах моладзі, а затым аддзел ідэалагічнай работы. Дзяржслужба стала добрай жыццёвай школай, якая падарыла каштоўны кіраўніцкі вопыт і навучыла працаваць з людзьмі.

Пасля гарвыканкама А.А.Старыкевіч вярнулася ў родную стыхію, стаўшы дырэктарам сярэдняй школы № 6 Брэста. Гэта невялікая ўстанова адукацыі, размешчаная ў старым раёне прыватнай забудовы, што накладвае пэўны адбітак на арганізацыю адукацыйнага працэсу. Тут усё навідавоку, бо жыхары добра ведаюць адно аднаго.

— Нашу ўстанову, дзе атрымліваюць веды крыху больш за 300 дзяцей, можна назваць школай сямейнага тыпу з-за асаблівай атмасферы, — расказвае дырэктар. — Педагогі бачаць кожнага вучня, што вельмі важна ў вучэбна-выхаваўчай рабоце. Гэта асабліва цэняць бацькі, з якімі склаліся надзвычай даверлівыя адносіны. Многія мамы і таты актыўна ўдзельнічаюць у школьных справах.

Ала Аляксандраўна любіць і ўмее працаваць з людзьмі, бачыц­ь вынікі сваёй работы. Дырэктар асабліва ганарыцца тым, што за невялікі час удалося правесці капітальны рамонт даху і рэканструкцыю харчаблока і сталовай. На чарзе — замена вокнаў, рамонт санвузлоў і фасада будынка, якому ўжо 65 гадоў.

За гаспадарчымі пытаннямі А.А.Старыкевіч не забывае пра арганізацыю якаснага адукацыйнага працэсу. Так, у школе завяршылася рэалізацыя інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый вучняў шляхам валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў. Сёння педагогі працуюць над даследчым праектам па методыцы У.П.Базарнага. Дзейнічае “Бацькоўская акадэмія”.

Вучні паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, навукова-даследчых і творчых конкурсах. З мэтай прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў наладжана супрацоўніцтва з Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэем чыгуначнага транспарту, Брэсцкім дзяржаўным каледжам сферы абслугоўвання і Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэем будаўнікоў.

А.А.Старыкевіч — шматгадовы старшыня гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын, дэпутат гарадскога Савета дэпутатаў.

— Грамадскай дзейнасцю займаюся па поклічы сэрца са школьных гадоў, — гаворыць Ала Аляксандраўна. — Узначальвала пярвічныя камсамольскія арганізацыі ў школе і інстытуце. Дзякуючы грамадскай рабоце, адчуваю сябе патрэбнай, усведамляю адказнасць перад людзьмі, якія даверылі мне ўласныя праблемы. Ад добрых спраў атрымліваю вялікае маральнае задавальненне. Гэта сапраўдная аддушына!

Людзі бачаць чулыя і ўважлівыя адносіны да сябе з боку дэпутата А.А.Старыкевіч, таму ахвотна звяртаюцца да яе з рознымі пытаннямі. І яна ў кожным выпадку стараецца дапамагчы. Зваротная сувязь з жыхарамі яе выбарчай акругі будуецца на прынцыпах шчырага і адкрытага дыялогу. Калі Ала Аляксандраўна штосьці абяцае, то абавязкова выконвае.

Як вядома, адным з ключавых прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку з’яўляецца шчаслівая сям’я. Дэлегата VI Усебеларускага народнага сходу А.А.Старыкевіч вельмі хвалююць праблемы, звязаныя з сямейным выхаваннем і насіллем, сацыяльнай падтрымкай сем’яў.

— Будуць здаровыя і шчаслівыя сем’і — будзе здаровай і дзяржава, — лічыць Ала Аляксандраўна, якая, акрамя сямейнай тэматыкі, хацела б абмеркаваць на сходзе таксама пашырэнне паўнамоцтваў Саветаў дэпутатаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.