Кіраўнік студыі Malinovka by Spamash Прадзюсарскага цэнтра “Спамаш” Настасся Марчук: “Мне б хацелася, каб у нашай студыі займаліся 600 чалавек…”

19 снежня, напярэдадні 15-годдзя Прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё яго новай культурнай прасторы — суперсучаснага 4-павярховага будынка ў гістарычным раёне Мінска Асмалоўцы. Ад гэтага моманту, з якога пачнецца, як кажуць у самім “Спамашы”,  яго рэфармаціраванне, творчая група цэнтра афіцыйна займее ўтульны і шматфункцыянальны ўласны дом — з камфортнай харэаграфічнай залай, класамі для заняткаў вакалам і музыкай, адміністрацыйнымі памяшканнямі і самай сучаснай на сёння ў Беларусі студыяй гуказапісу. А што такое наогул “Спамаш” і праз якія дасягненні гэты прадзюсарскі цэнтр заняў сваё адметнае месца ў культурнай прасторы ўсёй краіны, доўга расказваць не трэба. Дастаткова згадаць імёны такіх выпускнікоў і супрацоўнікаў цэнтра розных гадоў, як заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алёна Ланская, Іван Вабішчэвіч, Аляксей Грос, Іван Буслай, Юрый Вашчук, Ганна Шаркунова, Дарыя, Герман, Леанід Шырын, Уладзімір Кандрусевіч і многія іншыя. Гісторыя прадзюсарскага цэнтра непарыўна звязана з самымі яркімі музычнымі праектамі краіны: “Песня года Беларусі”, “Музычныя вечары ў Мірскім замку”, Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, Рэспубліканскае свята “Александрыя збірае сяброў”, Нацыянальная музычная прэмія “Ліра”. Сярод найбліжэйшых буйных праектаў, якія бу­дуць рэалізаваны камандай “Спамаша” на чале з дырэктарам цэнтра Анжалінай Мікульскай, — цырымонія сустрэчы Полымя міру ў Мінску і абласцях у рамках ІІ Еўрапейскіх гульняў, стварэнне хэдлайнавай песні гэтых спаборніцтваў (аўтар — мастацкі кіраўнік цэнтра Леанід Шырын), святкаванне тысячагоддзя Брэста на вяслярным канале.

А тым часам сёлетняй восенню ў жыцці Прадзюсарскага цэнтра “Спамаш” адбылася падзея, якую таксама трэба залічыць у шэраг знакавых. На яго базе была створана студыя мастацтваў Malinovka by Spamash — адмысловы цэнтр у цэнтры, “дом у доме” — са сваёй камандай, правіламі жыцця і творчымі ўстаноўкамі. Гутарым пра гэта з кіраўніком студыі Malinovka by Spamash Настассяй МАРЧУК.

— Настасся, чаму ваша студыя атрымала такую назву — Malinovka by Spamash? З-за вядомай песні?

— Канечне… Па-першае, гэта любімая песня беларусаў, ужо нават нейкі брэнд, а не проста песня. Па-другое, эксклюзіўныя правы на выкананне музыкі гэтай песні Эдуарда Ханка, як, дарэчы, і яшчэ трох яго песень (“Завіруха”, “Счастливый случай”, “Я у бабушки живу”), належаць цэнтру “Спамаш”. Таму мы і вырашылі, так бы мовіць, вярнуць гэтыя песні народу.

— Прадзюсарскі цэнтр “Спамаш” неўзабаве адзначыць сваё 15-годдзе, у той час як дзіцячая студыя Malinovka by Spamash з’явілася зусім нядаўна. Чаму так атрымалася? Чаму не раней, а толькі цяпер?

— Тут можна было б гаварыць пра шэраг аб’ектыўных прычын, звязаных з недахопам плошчы і інш., якія не дазвалялі зрабіць гэта раней. Але, мабыць, галоўным усё-такі стала тое, што цяпер, з адкрыццём гэтага шыкоўнага 4-павярховага будынка па вуліцы Камуністычнай, 24, мы зразумелі, што можам выра­шыць тут галоўную задачу — гадаваць сваіх артыстаў яшчэ з пялёнак у самых лепшых умовах. Вы самі можаце бачыць тут гэтую вялікую прастору, самую топавую апаратуру і шмат што іншае, што кажа пра найвышэйшы ўзровень. Звярніце ўвагу: нават падлога ў харэаграфічнай зале зроблена так, што можна не баяцца, калі падчас харэаграфічных заняткаў дзіця ўпадзе і паб’ецца… Падлога спружыністая, перакладвалася двойчы! Калі шчыра, раней я проста не ўяўляла, што ўсё гэта наогул магчыма, што мае выхаванцы калі-небудзь будуць займацца ў такіх умовах.

— Што вы маеце на ўвазе, калі гаворыце пра сваіх выхаванцаў? Вы з гэтымі дзецьмі, якія ўжо некалькі месяцаў займаюцца тут, у Malinovka by Spamash, займаліся і раней?

— Справа ў тым, што доўгі час я кіравала ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна ансамблем “Заранак”. А калі мне прапанавалі перайсці сюды і я, безумоўна, пагадзілася (тое, што тут пабачыла, нагадвала са­праўды нейкую мару!), я сабрала ўсіх баць­коў удзельнікаў ансамбля “Заранак”. І чалавек 15 сказалі мне адразу, што пой­дуць за мной. Прычым яны толкам і не ведалі куды. Іх згода гучала прыблізна так: “Пойдзеце ў падвал — дык у падвал, у каралеўства — дык тым больш!”

— Колькі чалавек і якога ўзро­сту займаецца сёння ў вашай студыі?

— 65. Самым маленькім — па 4 гадкі, а самаму старэйшаму хлопцу — 21 год. Ён, дарэчы, прыйшоў да нас дастаткова нечакана. У мяне ўжо 2 гады займаецца 12-гадовы хлопчык Максім Цупрыкаў, а ў яго ёсць старэйшы брат-студэнт — Паша. Той да апошняга часу амаль і не гля­дзеў у бок музыкі, яго страсцю заўсёды была хімія, наогул ён, скажам так, увесь як бы ўвасабленне гэтакага маладога фанатыка-вучонага. Але аднойчы ён прыйшоў сюды, я ці то ў жарт, ці то ўсур’ёз прапанавала яму паспяваць. Як ні дзіўна, ён лёгка пагадзіўся: “А давайце…” Што вы думаеце, з таго часу ён пачаў у мяне займацца, ужо прайшоў нават першы тур адбору на конкурс маладых выканаўцаў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Для яго гэта вялікая перамога. Яго канкурэнтамі былі студэнты і выпускнікі акадэміі музыкі, універсітэта культуры і мастацтваў, іншых творчых устаноў адукацыі… І сярод іх вось ён, хімік! Цяпер Паша мне кажа: “Мне трэба тэрмінова памяняць свой імідж!” Што ж, будзем што-небудзь думаць… (Усміхаецца. — М.Ч.) Што цікава, нават бацька Пашы, паспяховы бізнесмен, не чакаў такога павароту падзей. Неяк сказаў мне, маўляў, я рыхтаваў сына для свайго бізнесу, а не для шоу-бізнесу. А яно вось як павярнулася… Гэта проста падсвядомая мара вельмі многіх маладых людзей незалежна ад іх схільнасцей і інтарэсаў — выйсці на сцэну, адчу­ць шматлюдную публіку, яе прызнанне, стаць зоркай.

— А наогул, калі набіраеце маленькіх дзяцей у студыю, у вас ідзе жорсткі адбор?

— З аднаго боку, жорсткі. З другога боку, ёсць, напрыклад, у мяне 4 дзяўчынкі, якіх я праслухала і адразу шчыра прызналася іх бацькам, што ў дзетак няма вакальных даных. Але мамы мяне ўгаварылі іх узяць. “Ну давайце паспрабуем. Яна так хоча, так хоча! Яна спявае! Спявае і ў дУшы, і ў душЫ! А я не ведаю, як яе наву­чыць. І яна пакутуе, і я пакутую…” І, вы ведаеце, я зусім не шкадую, што ўзяла тых дзяўчынак. Па-першае, яны самыя старанныя з усіх студыйцаў, прыходзяць за гадзіну да заняткаў. Па-другое, ты асабліва радуешся іх прагрэсу, калі нешта пачынае атрымлівацца. На такіх дзетак, безумоўна, затрачваецца вельмі многа часу, акцэнты тут асаблівыя — не на рэпертуар, не на пастаноўку нумара, а на інтаніраванне, на развіццё музычнага слыху. Пачуў — праспяваў, пачуў — праспяваў…  І так — пакуль дзіця не трапіць у ноту. Наву­чыць дзіця нават без вакальных даных элементарна інтаніра­ваць можна. Галоўнае, як банальна б гэта ні гучала, — жаданне самога дзіцяці навучыцца спяваць. Проста адседзецца для нейкага жыццёвага заліку — гэта не наш варыянт.

— Раскажыце, калі ласка, пра вашу творчую каманду.

— Адразу хацелася б адзначыць, што тут нічога наогул не было б — ні самога цэнтра, ні студыі, ні каманды, ні ўсяго гэтага топавага абсталявання, калі б не вядомы бізнесмен, мецэнат, старшыня савета дырэктараў ААТ “Амкадор” Аляксандр Ва­сільевіч Шакуцін, які ва ўсё гэта верыць і дапамагае. Што тычыцца канкрэтна нашай творчай каманды, то гэта дырэктар Пра­дзюсарскага цэнтра “Спамаш”, прадзюсар і рэжысёр Анжаліна Мікульская, якая, уласна кажучы, і сабрала гэтую каманду, такіх жа, як яна сама, працаголікаў, людзей, якія любяць сваю справу, для якіх праца з’яўляецца сінонімам самога жыцця. Затым, безумоўна, гэта мастацкі кіраўнік цэнтра і кіраўнік студыі гуказапісу, вядомы кампазітар і пра­дзюсар Леанід Шырын. Ён кожны дзень сюды прыходзіць, назірае за працэсам, усе дзеткі яго ведаюць… Наогул, нават побач па­стаяць з такімі людзьмі, як Леанід, для дзяцей ужо нейкі стымул для развіцця. Бо ён ужо велічыня, ён ужо дасягнуў пэўных вышынь, ён ужо мае права размаўляць з лю­дзьмі са сцэны… А яшчэ важна, што дзеці могуць бачыць менавіта кампазітара, чалавека, які звычайна застаецца як бы за кадрам, а часам кампазітараў і наогул не называюць на канцэртах ці ў радыёперадачах, калі аб’яўляюць нумары. І гэта самае крыўднае, бо варта толькі пакінуць артыста без песні, без кампазітара — і не будзе ўжо самога артыста, бо ў яго не будзе рэпертуару. А ў нас дзеці маюць магчымасць размаўляць з вядомым кампазітарам фактычна на роўных, як калегі. Разам з Леанідам Шырыным у студыі гуказапісу працуе цудоўны прафесіянал гукарэжысёр Аляксей Зайцаў. Вакалам разам са мной з дзецьмі займаецца яшчэ Алёна Гарбачова — па частцы замежных хітоў, салістка джазавага калектыву Андрэя Славінскага. У яе за плячыма не толькі музычная адукацыя, але і лінгвістычны ўніверсітэт. Плённа працуе з дзецьмі таксама харэограф Яўген Глінскі. Са сту­дзеня да нашай каманды далучыцца дацэнт універсітэта культуры і мастацтваў Дзіна Тыцюк. Словам, каманда, лічу, вельмі моцная, прафесійная, мэтанакіраваная і, галоўнае — гэта каманда аднадумцаў.

— Не магу не запытаць вас і пра майстар-класы, якія даюць вашым юным выхаванцам вядомыя артысты, у тым ліку нават сусветнага ўзроўню… 

— Сапраўды, практыку такіх майстар-класаў мы ўвялі адразу, як толькі стварылася наша студыя. Сярод беларускіх артыстаў сакрэтамі майстэрства з нашымі дзецьмі ўжо дзяліліся папулярны тэлевядучы Іван Падрэз, творчы і сямейны дуэт Вольга Рыжыкава і Тэа, удзельнікі вакальнай групы “Чысты голас”. Зусім нядаўна да нас заходзіў у госці Аляксей Глызін, правёў творчую сустрэчу. А яшчэ раней нашым выхаванцам пашчасціла пакантактаваць з такой незгасальнай рок-зоркай, як экс-саліст Deep Purple Джо Лін Цёрнер. І, вы ведаеце, усе гэтыя сустрэчы былі каштоўныя не толькі тымі канкрэтнымі вакальнымі і іншымі артыстычнымі практыкаваннямі, якія паказвалі дзецям зоркі, але і тым, што яны па душах гаварылі з дзецьмі, дзяліліся з імі сваім жыццёвым досведам. Напрыклад, калі выступаў Глызін, нашым сённяшнім выхаванцам, не абдзеленым нічым, было проста цяжка спачатку зразумець, як гэта — пачынаць з нічога, з апаратурай, якая шыпіць, тра­шчыць, сві­шча… Або, скажам, падчас су­стрэчы  Джонам Лінам Цёрнерам яны былі проста ў захапленні ад той энергіі, якую ён выпраменьваў, літаральна зараджаў усіх сваім сапраўдным рокавым настроем бадзёрасці і бунтар­ства. У перспектыве Джо Лін, магчыма, набярэ спецыялізаваны рок-клас. Цяпер, наколькі мне вядома, ён займаецца працэдурай атрымання другога — беларускага — грама­дзянства. (Не так даўно Джо Лін Цёрнер ажаніўся з беларускай і жыве на дзве краіны — Англію і Беларусь. — М.Ч.)

— Вялікія канцэрты, прэстыжныя конкурсы, так бы мовіць, лакальныя выступленні з самых розных нагод і ў самых розных месцах. Я так разумею, што выхаванцы вашай студыі не адчуваюць недахопу ва ўсім гэтым…

— Безумоўна. Канцэрты з удзе­лам нашых дзяцей наогул праходзяць літаральна кожны дзень, як правільна вы заўважылі, на абсалютна розных пляцоўках — ад Палаца Рэспублікі і Палаца спорту да бальніцы. Напрыклад, паслязаўтра будзем выступаць на юбілеі 3-й мін­скай бальніцы (інтэрв’ю запісвалася ў сераду, 12 снежня. — М.Ч.). Што тычыцца конкурсаў, то ў нас, як вядома, ёсць два асноўныя дзіцячыя песенныя конкурсы, нацыянальныя адборы — на дзіцячае  “Еўрабачанне” і на “Славянскі базар”. І мы любім гэтыя конкурсы, бо там, па-першае, патрабуецца якасць (наш прыярытэт), а па-другое, гэтыя конкурсы, як правіла, стараецца не ігнара­ваць ніводная студыя, канцэнтрацыя таленавітых дзяцей на адзін квадратны метр там проста зашкальвае. І мы любім такую здаровую канкурэнцыю. Я стараюся далучаць да гэтых конкурсаў не толькі самых лепшых дзяцей, а па магчымасці ўсіх, каб у кожнага быў свой арыгінальны нумар, з адпаведнай песняй, адзен­нем, харэаграфічнай пастаноўкай і г.д. Так і назапашваецца рэпертуар, з якім потым можна выступаць дзе заўгодна. Выдатныя нумары не знікаюць, нават калі выканаўца не праходзіць конкурс. Нашы дзеці не пакутуюць ад таго, што на канцэртах ім няма чаго спяваць.

— Настасся, у вас ёсць якая-небудзь запаветная мара ў сувязі са студыяй Malinovka by Spamash?

— Гэта адначасова і мара, і, я думаю, цалкам рэальная перспектыва. Я ўжо казала, што сёння ў мяне займаюцца 65 чалавек, а мне хацелася б, каб іх было 600… Як у знакамітых расійскіх “Непоседах”. Мне б хацелася мець такі вялікі-вялікі калектыў, які мог бы быць і хорам, і асобнымі пастаяннымі групамі (і такія групы пачалі ўжо стварацца, напрыклад, “Малінкі”, “Квест”, “Вітамін М”, “Пульс краіны”, “Т9” і інш.), з якога б выпускаліся са­праўды прафесійныя артысты. Артысты, якія б з самага дзяцін­ства не баяліся напружана працаваць і ведалі, куды і на што яны ідуць, якія б з самага дзяцінства зразумелі адну важную рэч: сцэна — гэта іх жыццё… І не ведалі б, як можна жыць па-іншаму.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.