Працаваць з дзецьмі — справа няпростая, працаваць з дзецьмі асаблівымі — няпростая ўдвая. І калі мы гаворым, што кожны кіраўнік сёння павінен быць перш за ўсё менеджарам, то гэта не тычыцца дырэктара ўстановы, якую наведваюць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Без любові, перажыванняў і адчування чужога болю тут не абысціся.
Таццяна Міхайлаўна Усава на пасадзе дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі больш за дзесяць гадоў. Яна з тых, пра каго гавораць “на сваім месцы”. Яна паспявае ўсюды: адказна працаваць з дакументамі, наведваць падначаленыя ёй цэнтры ў раёнах, праводзіць сустрэчы і вучобу, а галоўнае — зазірнуць у кожны клас, у кожны пакой, дзе займаюцца яе падапечныя. Сёння цэнтр наведваюць сто дзяцей, і Таццяна Міхайлаўна ведае праблемы кожнага з іх, ведае іх імёны і заўсёды сочыць за поспехамі гэтых дзетак. Неаднойчы даводзілася назіраць, як свецяцца радасцю вочы дырэктара, калі яна слухае, як спявае песню ці чытае верш выхаванец цэнтра: нядаўна гэты хлопчык ці дзяўчынка з цяжкасцю вымаўлялі слова, а зараз выступаюць перад гасцямі на святочным канцэрце. Гэта і ёсць вынік работы ўсёй каманды ГАЦКРНіР.Здзівілася, калі даведалася, што па першай адукацыі Таццяна Усава — матэматык, а шлях да яе цяперашняй пасады пачынаўся з работы інжынерам-праграмістам у Гомельскім дыягностыка-рэабілітацыйным цэнтры. Дзякуй тым людзям, хто разгледзеў у гэтай жанчыне задаткі добрага педагога і чалавека з вялікім сэрцам, што сёння дазволіла нам мець высакакласнага кіраўніка.
Таццяна Міхайлаўна атрымала спецыяльнасць дэфектолага ў БДПУ імя Максіма Танка і прайшла ўсе ступені складанай работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: сацыяльнага педагога, метадыста, настаўніка-дэфектолага, намесніка дырэктара. Гэта ёй вельмі дапамагае цяпер, на кіруючай пасадзе. Яна ведае ўсю работу знутры, разумее, якія праблемы і пытанні могуць узнікаць у яе падначаленых, і заўсёды дапаможа ў іх вырашэнні.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.