Кіраўнікамі не нараджаюцца?, або Першы раз у дырэктарскі клас

- 13:19Суразмоўца

Дасведчанымі і кампетэнтнымі дырэктарамі школ пры назначэнні на гэтую пасаду педагогі адразу не становяцца. І якога б яны ні былі ўзросту, усё роўна аказваюцца ў ролі маладых, пачынаючых кіраўнікоў.
Дырэктар сярэдняй школы № 1 Слаўгарада Ігар Паўлавіч Кавалёў, яшчэ калі быў пачынаючым кіраўніком, прымаў удзел у абласным конкурсе “Лідар адукацыі”, на якім за самапрадстаўленне ў выглядзе дзённіка кіраўніка адзначаны дыпломам упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама ў намінацыі “Самы крэатыўны дырэктар”.
Гартаем старонкі таго дзённіка і гаворым з Ігарам Паўлавічам пра тое, як праходзіць адаптацыя пачынаючых кіраўнікоў, як гэта бывае — першы раз у дырэктары. Сёлета Ігар Паўлавіч адзначае свой першы кіраўніцкі юбілей — 5 гадоў, і можна сказаць, што ён з разраду маладых спецыялістаў пераходзіць у статус менеджара, які развіваецца.

1 ліпеня. Адпачынак скончыўся нечакана… Сёння паступіла вельмі прывабная прапанова — узначаліць гарадскую школу, першую, асноўную, самую вялікую… Думаю… Цікава… Страшна… Страшна цікава!

— Разважаючы над прапановай узначаліць школу, вы, безумоўна, узважвалі ўсе “за” і “супраць”. Што ж вас падштурхнула пагадзіцца?
— Непакоіла толькі адзінае — незнаёмая дзейнасць. На пасадзе кіраўніка ты павінен ужо па-новаму ладзіць зносіны са сваімі калегамі, сярод якіх ёсць тыя, хто вучыў цябе, калі ты быў дзіцем. Але я чалавек адкрыты да ўсяго новага, таму і прыняў прапанову.

15 жніўня. Сёння прыняты на работу дырэктарам дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №1 г. Слаўгарада” разам з маладымі спецыялістамі. Мне здаецца гэта знакавым і сімвалічным!

— Для пачынаючых педагогаў, як правіла, прадугледжваецца апякун-настаўнік з ліку вопытных і паспяховых. А для маладых кіраўнікоў?
— Афіцыйна за мной кіраўніка не замацоўвалі, але дырэктарскі корпус Слаўгарадчыны ніколі не адмаўляў у дапамозе. У нашай сістэме адукацыі працуе шмат кампетэнтных кіраўнікоў. Напрыклад, метадычнае аб’яднанне дырэктараў школ раёна ўзначальвае чалавек з вялікім кіраўніцкім вопытам — Мікалай Міхайлавіч Чумакоў, больш за 25 гадоў паспяхова ўзначальвае Васькавіцкую сярэднюю школу Васіль Пятровіч Рыжкоў. Да гэтых людзей і іншых калег можна звярнуцца па любым пытанні — яны падкажуць і параяць. Ім можна давяраць, бо яны праходзілі гэта на практыцы шмат разоў.
Безумоўна, пры прыняцці важных для школы рашэнняў я раіўся са сваім калектывам, а ў нас працуе шмат вопытных і адказных людзей Гэта мае намеснікі Л.І.Кохан, А.І.Паўлючкова, настаўніца музыкі А.А.Слаўнікава.
Першы год быў вельмі складаным. Успаміны аб тым часе — хранічнае недасыпанне, стомленасць. І ўсё ад таго, што з’явілася мноства новых для мяне абавязкаў, з якімі я як настаўнік не сутыкаўся. Да таго ж на мяне яшчэ ўскладалася велізарная адказнасць за жыццё дзяцей, за педагогаў, якую ты не можаш ні з кім падзяліць.

28 жніўня. На нарадзе кіраўнікоў раёна (выхадны дзень, але трэба!) даведаўся, а дакладней, паспеў заканспектаваць (студэнцкая звычка — “самае важнае — у канспект!”):
“Для таго каб паспяхова спраўляцца з задачамі кіравання, менеджару патрэбны шырокія веды і ўменне думаць. Ён павінен ведаць законы развіцця прыроды і грамадства, вывучыць тэхніку і тэхналогію, эканоміку, арганізацыю і планаванне, а таксама асновы кіраўніцкай псіхалогіі. Разам з тым яму неабходны веды і ў галіне права, сацыялогіі і інфармацыі. Кіраванне — творчы працэс, і тут важныя не толькі веды, але і ўменне аналізаваць канкрэтныя сітуацыі і рабіць правільныя высновы….”

— Штодзённік — незаменны памочнік кіраўніка?
— Гэта так. Запісная кніжка заўсёды са мной. Яна патрэбна для самааналізу сваіх дзеянняў, думак. Занатоўваючы там важную інфармацыю, ты не хвалюешся, што можаш нешта важнае не ўзгадаць.

30 жніўня. Мой першы педсавет. Рыхтаваўся, дакладна як “першы раз у першы клас”. Усё ведаю і нічога не ведаю… Але выснову зрабіў грунтоўную (мне так здаецца):
“Роля дырэктара школы недастатковая ў рабоце педагагічных саветаў, бо ён толькі “вядзе” нараду, не выступае з сур’ёзным аналізам работы школы. Справа ў тым, што дырэктар і не можа гэтага зрабіць: урокаў, якія ён наведвае, недастаткова для грунтоўнага аналізу. Узяць матэрыял у сваіх намеснікаў — гэта глядзець на ўсё іх вачыма. Ды і ў выпрацоўцы рашэнняў дырэктар прымае мінімальны ўдзел. Калі не прааналізаваць для самога сябе сітуацыю, якая склалася, не спыніцца, не паспрабаваць выправіць становішча, то настаўнікі з цягам часу будуць усё далей адыходзіць ад мяне. Я ім буду нецікавы як спецыяліст, прафесіянал. Гэтага дапускаць нельга, бо Я — дырэктар ШКОЛЫ, а не якой-небудзь іншай установы…”
Будзем выпраўляць сітуацыю … Усё толькі РАЗАМ…

— Ці змянілася ваша ўспрыманне ролі дырэктара за пяць гадоў на пасадзе?
— Спачатку не зусім разумееш, што ад цябе хочуць. З вопытам прыходзіць асэнсаванне, што канкрэтна павінен рабіць кіраўнік. Яго асноўнае прызначэнне — працаваць з калектывам. Дырэктар павінен прадумаць, як выканаць пастаўленую задачу так, каб і калектыву было добра, і задача была выканана.
Са сваімі памочнікамі стараемся знайсці такі падыход, каб кожны педагог адчуваў сябе на рабоце ўпэўнена і ішоў у школу не як на катаргу, а з добрымі пачуццямі, асэнсоўваючы свае ролю і месца ў адукацыйным працэсе.

31 снежня. Люблю марыць… А што ў гэтым дрэннага? Мару, каб у нас у школе быў цэнтр сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, якім маглі б карыстацца навучэнцы ўсяго раёна.
СТОП! Я — менеджар, а не летуценнік (хоць усё адно на “м” (“летуценнік” на рускай мове — “мечтатель”. — Заўв. Рэд.). Такім чынам: не мара, а — ПЛАН! Розніца відавочная: для выканання другога трэба працаваць (!) і думаць (!), як працаваць…
Пачатковы этап — саджуся пісаць ліст спонсарам (зноў жа прадпрымальнасць, ды і Новы год на носе).
Спадзяюся, сума такіх складнікаў, як прадпрымальнасць, ІНІЦЫЯТЫВА і ПЛАН, павялічыць колькасць “м” у рабоце нашай школы (будзе “Мы — малайцы !!!”).

— Сучаснаму дырэктару трэба валодаць практычнай кемлівасцю, вынаходлівасцю, каб усім патрэбным забяспечыць школу. Ці вучаць маладых кіраўнікоў прадпрымальнасці?
— Ёсць людзі, якія ад прыроды валодаюць такой якасцю. Вядома, можна нешта і развіць. У пэўным сэнсе і я стаў прадпрымальным. Даводзіцца звяртацца па дапамогу да шэфаў. І на яе можна разлічваць толькі тады, калі дырэктар школы ідзе і асабіста звяртаецца да кіраўніка з просьбай, прыводзіць у размове настолькі важкі аргумент, што той не можа адмовіць. Вы ж разумееце, што любая арганізацыя, прадпрыемства сёння перажываюць цяжкасці, і гэта для іх першасна. Але мы не толькі просім, а прапаноўваем са свайго боку падтрымку, паслугі.
Цэнтр сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій мы не стварылі, але ж у нас адкрыўся цэнтр па энерга- і рэсурсазберажэнні. У гэтым годзе мы ўдзельнічалі ў праекце “Пляцоўкі другасных рэсурсаў (новы погляд на змяненне адносін да праблемы”), які падтрымліваўся Глабальным экалагічным фондам. Дзякуючы гэтаму праекту і быў створаны цэнтр, асноўная мэта якога — прапаганда граматнага экалагічнага і рацыянальнага выкарыстання энергіі і рэсурсаў. Мы працуем як са школьнікамі, так і з дарослымі. Нашы валанцёры прымаюць удзел у многіх экалагічных мера-прыемствах, акцыях.

1 красавіка. Словы па ўласцівасцях падобны на святло — той жа паток. Таму варта казаць не тое, што хочацца атрымліваць у рэчаіснасці, а, улічваючы законы праламлення і адлюстравання, прамаўляць тыя словы, якія прывядуць да жаданай мэты…
Жарт? Не… МУДРАСЦЬ!

— Ці можаце сказаць, што за пяць гадоў вы ўжо адбыліся як дырэктар?
— Можа, яшчэ і не адбыўся, але значна вырас у параўнанні з першым годам работы. Тым больш што кожны чалавек павінен самаразвівацца на працягу жыцця, бо калі ён спыняецца, то ідзе адваротны працэс прагрэсу — рэгрэс.
Лічу, што, для таго каб з настаўніка атрымаўся добры кіраўнік, трэба, каб спачатку ён нейкі час паспытаў настаўніцкага хлеба, затым даведаўся, якія функцыі і абавязкі ў адміністратара (намесніка дырэктара), а потым быў назначаны на пасаду дырэктара. Трэба ведаць, як працуе школа на практыцы на ўсіх яе этапах — тады каэфіцыент карыснага дзеяння ад такога кіравання будзе максімальным.
Для пачынаючых дырэктараў прадугледжаны курсы пры АПА ў Мінску, а затым раз у тры гады ладзіцца навучанне. Курсы — вельмі каштоўная рэч, бо туды прыязджаюць дырэктары з усіх абласцей, больш дасведчаныя людзі. Падчас зносін з імі прыходзіць разуменне, туды ты рухаешся ці не, аналізуеш, як адны і тыя ж праблемы вырашаюцца ў розных рэгіёнах, у розных школах. Для сябе бярэш тое, што падыходзіць твайму калектыву, школе. Не вынаходзіш веласіпед і не чакаеш, пакуль праз некалькі гадоў сам да гэтага дойдзеш, а карыстаешся гатовым прадуктам.
Усё, чаму чалавек вучыцца, у жыцці абавязкова спатрэбіцца.

15 чэрвеня. На выніковым педсавеце выводзілі формулу прафесійнага поспеху. Сядзеў побач са Святланай Ігараўнай.
Вывеў:
Р + И + Т + М = ЭМ,
дзе:
Р — працаздольнасць і рацыянальнасць,
И — ініцыятыва і прадпрымальнасць,
Т — творчасць,
М — мудрасць,
ЭМ — эфектыўны менеджар.
Калега падказала, што Тлумачальны слоўнік рускай мовы значэнне слова “рытм” вызначае як:
1. — раўнамернае чаргаванне якіх-небудзь элементаў,
2. — наладжаны ход чаго-небудзь.
Якое чаргаванне (узлётаў або падзенняў), які ход рытму (на месцы або ўпэўнены крок наперад) — залежыць ад нас, кіраўнікоў!
І выбіраць яго будзе толькі эфектыўны менеджар!..

— Падзяліцеся сваімі планамі на бліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву?
— Бліжэйшыя планы — скончыць рамонт у школе. Адзін з карпусоў нашай школы 1937 года пабудовы, другі — 1972 года. Раённыя ўлады прынялі рашэнне аб рамонце — за гэта ім вялікі дзякуй! Ёсць свае цяжкасці ў рабоце ўстановы, калі побач ідзе будоўля, таму хочацца хутчэй усё скончыць і арганізаваць належным чынам адукацыйны працэс.
Доўгатэрміновая праграма наступная: выканаць самую галоўную задачу школы, а менавіта падрыхтаваць нашых выпускнікоў да шчаслівага, паспяховага жыцця ў нашым хутка пераменлівым свеце, каб яны ўсюды адчувалі сябе ўпэўненымі і запатрабаванымі. Імкнёмся да таго, каб наша моладзь пасля атрымання прафесіі вярталася ў Слаўгарадскі раён. Мы паказваем, што наш раён, які пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прыдатны для жыцця. Нашы мясціны вельмі прыгожыя, маюць багатую гісторыю. Любоў да малой і вялікай радзімы выхоўваем як на ўроках, так і падчас розных выхаваўчых мерапрыемстваў.
Прыемна, што і ў мяне ёсць паслядоўнікі. Пяцёра маіх вучняў паступілі ў педагагічныя УВА, каб стаць настаўнікамі фізікі. Значыць, расце добрая змена!

Святлана КІРСАНАВА.