Кіраўнікі маюць права забараніць збор подпісаў на тэрыторыі прадпрыемстваў

- 16:41Выбары 2015

Ажыццяўляць збор подпісаў на тэрыторыі прадпрыемстваў не забаронена, але кіраўнікі маюць права забараніць гэта рабіць. Аб гэтым кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла 23 ліпеня ў праграме “Актуальны мікрафон” на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што зборшчыкі подпісаў могуць зайсці да грамадзян у кватэру, могуць сустрэцца на вуліцы, на пікетах. “Шчыра кажучы, яны могуць быць і ў вас на рабоце, калі там няма асаблівага прапускнога рэжыму. Там, дзе кіраўнік прадпрыемства супраць гэтага, ён мае права забараніць”, – падкрэсліла яна.
Што датычыцца збору подпісаў у інтэрнатах, у гэтым выпадку старшыня Цэнтрвыбаркама рэкамендуе камендантам выдзеліць месца ў вестыбюлі, побач са стойкай вахцёра, дзе ініцыятыўныя групы змогуць выконваць сваю работу.
“У воінскай часці збор подпісаў ажыццяўляецца ў тым месцы і ў той час, якія вызначыў камандзір часці, куды звярнуўся член ініцыятыўнай групы. Усюды, дзе спецыяльны прапускны рэжым, усе дзеянні, звязаныя з выбарамі, ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з гэтым прапускным рэжымам”, – заўважыла Лідзія Ярмошына.
Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына таксама назвала самыя дэмакратычныя гарады з пункту гледжання пераліку забароненых месц для збору подпісаў.
“Найбольш дэмакратычныя нормы збору подпісаў у горадзе Мінску, у маім родным Бабруйску. У Віцебскай вобласці мясцовымі ўладамі таксама створаны дэмакратычныя нормы, вельмі мала перашкод для зборшчыкаў подпісаў”, – лічыць Лідзія Ярмошына.
Што датычыцца канкрэтных месц у населеных пунктах, дзе можна або нельга займацца зборам подпісаў, старшыня Цэнтрвыбаркама адзначыла: сёння ў адной з газет яна прачытала інфармацыю, што нібыта можна збіраць подпісы ў бальніцах. “Паставіць столік або пікет на тэрыторыі бальніцы (для збору подпісаў. – Заўвага БелТА.) можна толькі ў тым выпадку, калі галоўны ўрач дазволіць, хоць я вельмі сумняваюся, што ён гэта зробіць. Гэта закрытая тэрыторыя, – падкрэсліла яна. – Таму калі выканкам спецыяльна не ўказаў, што тут нельга, то гэта не значыць, што тут можна. Проста на гэта месца не распаўсюджваецца юрысдыкцыя выканкама”.
На пытанне аб тым, ці могуць члены ініцыятыўных груп прапаноўваць узнагароджанне за падпісанне ліста, Лідзія Ярмошына адказала: “Калі гэта будзе даказана, такога зборшчыка подпісаў могуць прыцягнуць да адказнасці. У такім выпадку можна звяртацца ў пракуратуру (яна адразу складзе пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні), у тэрытарыяльныя камісіі, якія размешчаны ў выканкамах. Зразумела, можна звярнуцца і ў Цэнтральную камісію, але мы такія звароты, звязаныя з дзеяннямі на пэўнай тэрыторыі, будзем перадаваць у адпаведныя тэрытарыяльныя камісіі, таму што не можам разгледзець іх усе”, – рэзюмавала кіраўнік ЦВК.