Кіраўнікі прадпрыемстваў павінны ўдзельнічаць у падтрымцы і матывацыі студэнтаў

Пра гэта заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава ў час пасяджэння Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі.

Наталля Качанава адзначыла, што, акрамя стыпендый, кожнай ВНУ выдзяляюцца пэўныя сродкі на падтрымку маючых патрэбу студэнтаў. “Ва ўніверсітэтах ёсць фонды, якія дазваляюць падтрымаць маючых патрэбу дзяцей. Усялякія жыццёвыя сітуацыі бываюць. Узнімалася пытанне, каб зрабіць для студэнтаў ільготны праезд на транспарце. Фонд ёсць, сродкі выдзяляюцца. А там ужо рэктар павінен вызначыць, каму дапамагчы. Для гэтага ёсць грамадскія і прафсаюзныя арганізацыі, студэнцкі актыў. Акрамя таго, пастаўлена задача, каб да падтрымкі навучэнскай моладзі падключыліся і кіраўнікі прадпрыемстваў, для якіх гэтых спецыялістаў рыхтуюць. Яны павінны сустракацца з рэктарамі, бываць ва ўніверсітэтах, прафесійна-тэхнічных установах. Гэта ж падрыхтоўка кадраў, якія заўтра прыйдуць да іх працаваць. Сёння многія прадпрыемствы працуюць менавіта так”, — сказала яна.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта прывяла ў якасці прыкладу БелАЗ. “Яны выплачваюць стыпендыю маладым людзям, якія яшчэ вучацца ў прафесійна-тэхнічных установах адукацыі, а заўтра прыйдуць працаваць да іх. Так кіраўніцтва падтрымлівае і матывуе маладыя кадры. Мы бачым, што нам патрэбны людзі, рабочыя, спецыялісты на прадпрыемствах, у арганізацыях. Сёння нізкі працэнт беспрацоўя, вакансій дастаткова. Тут кожны нармальны кіраўнік, які разумее перспектыву свайго развіцця, ведае, што яму патрэбны маладыя кадры. Падтрымліваючы ВНУ і навучэнскую па патрэбных спецыяльнасцях моладзь, ён вырашае і свае пытанні”, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Пасяджэнне Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі прайшло ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. На ім прысутнічалі міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк і рэктары беларускіх ВНУ. На парадку дня пасяджэння было пытанне канцэпцыі аптымізацыі зместу, структуры і аб’ёму сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўстановах вышэйшай адукацыі.