Кіраўніцкі стыль — аб’ядноўваць людзей

- 16:15Суразмоўца
Сучасны кіраўнік — гэта перш за ўсё інтэлігентны, творчы, камунікабельны чалавек, які ўмее стратэгічна мысліць і, безумоўна, любіць сваю справу і тых людзей, што працуюць побач. І ўсе гэтыя якасці ўласцівы намесніку старшыні Пастаянай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы заслужанаму работніку адукацыі Таісе Іванаўне Данілевіч. Да выбрання дэпутатам Нацыянальнага сходу яна амаль 11 гадоў узначальвала ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама. Таму нездарма сённяшняя размова з Таісай Іванаўнай будзе ў большай меры прысвечана яе педагагічнай дзейнасці, тым кірункам, якія для развіцця адукацыі гэтага рэгіёна застаюцца прыярытэтнымі па сённяшні дзень.

 

— Таіса Іванаўна, агульнапрызнана, што ў дэпутаты трэба ісці толькі тады, калі за плячыма ўжо вялікі багаж ведаў, вопыту, асэнсаванне як свайго жыцця, так і жыцця нашай краіны. Толькі з вышыні пражытага, ужо зробленага, можна весці заканатворчую дзейнасць і вучыць іншых. Раскажыце, калі ласка, як назапашваўся ваш педагагічны вопыт, як фарміраваўся ваш кіраўніцкі стыль? 
Т.І. Данілевіч— Як толькі ў 2002 годзе мяне назначылі на пасаду начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскай вобласці, першыя мае крокі былі накіраваны на вывучэнне сітуацыі ў адукацыйнай галіне рэгіёна. Стылем маёй работы стала не кабінетнае кіраўніцтва, а, так бы мовіць, выхад у народ. Асноўную частку свайго рабочага часу я прысвячала наведванню навучальных устаноў, урокаў, бацькоўскіх сходаў, педагагічных саветаў, метадычных камісій, прафсаюзнай арганізацыі педагогаў Міншчыны. Такія сустрэчы дазвалялі дакладна вызначыць сітуацыю ў рэгіёне, абазначыць праблемы, якія трэба вырашаць у першую чаргу, і ўвогуле дапамагалі ацаніць стан спраў у сістэме адукацыі вобласці, адчуць яе пульс, а гэта значыць, пранікнуцца тым, чым жывуць нашы настаўнікі. Такім чынам мне ўдалося прааналізаваць работу як па вертыкалі, так і па гарызанталі.
Акрамя таго, з той пары ў сістэмы адукацыі вобласці ўсталявалася цесная сувязь з выканаўчай і распарадчай уладай вобласці, пачынаючы з самага высокага ўзроўню — старшыні абласнога выканкама. Як і папярэднікі, Барыс Васільевіч Батура ніколі не быў убаку ад інтарэсаў і праблем нашых педагогаў і заўжды падтрымліваў і падтрымлівае сістэму адукацыі вобласці. Увогуле самае галоўнае ў кіраўніцкай рабоце — наладзіць зваротную сувязь з грамадскасцю, плённы дыялог кіраўніцтва і педагогаў, што дазволіць пачуць меркаванні і заўвагі настаўнікаў і на аснове гэтага будаваць кіраўніцкую дзейнасць.

Прыкладам такой дзейнасці сталі абласныя педагагічныя канферэнцыі, якія па сутнасці з’явіліся зусім новай формай работы з педагогамі, а таксама з навучэнцамі і іх бацькамі.
— Так, першую такую канферэнцыю мы правялі больш за 10 гадоў назад. Яны сталі вельмі папулярнымі і праводзяцца сёння рэгулярна. Людзі хочуць пачуць не толькі кіраўніка ўстановы, але і прадстаўнікоў аддзела адукацыі, раённай улады, аблвыканкама. Традыцыю запрашаць на такія сустрэчы кіраўнікоў усіх узроўняў мы захавалі да гэтай пары. І калі гаварыць пра кіраўніка аблвыканкама, то Барыс Васільевіч Батура як мінімум адзін раз у месяц наведвае навучальныя ўстановы і прысутнічае на такіх канферэнцыях. Звычайна тэмамі абмеркавання на такіх мерапрыемствах з’яўляюцца задачы, абазначаныя кіраўніком дзяржавы. У першую чаргу гэта пытанні, якія тычацца якасці адукацыі, ідэалагічнай работы, зместу адукацыйнага працэсу, развіцця пазабюджэтнай дзейнасці, узаемадзеяння з іншымі структурамі эканамічнай і сацыяльнай сферы. Трэба сказаць, што формы і метады абласных канферэнцый штогод змяняюцца, пашыраецца кола іх удзельнікаў і кола тэм, якія абмяркоўваюцца.
Разам з тым у час такіх сустрэч я больш востра адчула, як аддалены ад сённяшняй школы нашы бацькі, як часта з праблемамі навучання і выхавання педагогі застаюцца сам-насам. Неаднойчы выказваліся думкі, што бацькі здаюць сваіх дзяцей у навучальную ўстанову, як быццам у камеру захоўвання. Нельга змірыцца з меркаваннем некаторых бацькоў, што вучыць і выхоўваць — гэта місія школы, а бацькі павінны клапаціцца толькі аб матэрыяльным забеспячэнні дзяцей. Каб нейкім чынам пераламаць сітуацыю, у вобласці сталі шукаць новыя формы ўзаемадзеяння з бацькамі, наладжваць з імі стасункі.

— Напэўна так узнікла ідэя правядзення абласнога бацькоўскага сходу? Толькі не ў традыцыйным разуменні гэтага слова. Гэта не сход, да якога мы ўжо прывыклі і які звычайна абмяжоўваўся адной канкрэтнай навучальнай установай. Гэта бацькоўскі сход, які аб’яднаў бацькоў цэлага рэгіёна. І не толькі бацькоў. 
— Абласны бацькоўскі сход стаў для нашай вобласці сапраўдным форумам бацькоўскай грамадскасці. Мы сталі запрашаць на такія сходы кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікоў розных структурных падраздзяленняў аблвыканкама. Педагагічную сферу прадстаўлялі не толькі кіраўнікі ўстаноў, настаўнікі, але, напрыклад, бухгалтары, загадчыкі гаспадарак. Адметнасцю апошніх гадоў стала тое, што, згодна з рашэннем аблвыканкама аб замацаванні прадпрыемстваў за аддзеламі адукацыі раёнаў і непасрэдна за навучальнымі ўстановамі, на такія сустрэчы мы сталі запрашаць і вытворцаў. Такі падыход дазваляў прадставіць сістэму адукацыі як адзіны жывы арганізм, які непарыўна звязаны з іншымі галінамі эканомікі і сацыяльнай сферы, з іншымі сферамі нашага жыцця, і які не можа існаваць без узаемадзеяння паміж імі. Такім чынам мы зацвярджалі выснову аб тым, што справа навучання і выхавання — гэта агульная справа для ўсіх нас.
Калі я прыйшла працаваць кіраўніком упраўлення адукацыі, то, шчыра скажу, злачыннасць сярод падлеткаў, колькасць правапарушэнняў былі даволі высокія. Трэба было тэрмінова прадпрымаць меры. Гэтая тэма таксама падштурхнула да арганізацыі бацькоўскіх сходаў, да абмеркавання гэтай сітуацыі, выслухоўвання меркаванняў не толькі паказальных сем’яў, але і нядбайных бацькоў і нават саміх малалетніх правапарушальнікаў, увагі да іх выказванняў і, магчыма, тлумачэння для сябе прычыны іх паводзін. Такім чынам мы знаходзілі болевыя кропкі, тыя месцы, якія не спрацоўвалі ў выхаваўчым працэсе, і разам шукалі выйсце, тую альтэрнатыву, якую маглі б прапанаваць падлеткам. Трэба было шукаць новыя формы арганізацыі вольнага часу, новыя спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы, якія б іх захапілі.
Педагагічны марафон быў распачаты пару гадоў назад і сёння стаў вельмі папулярным сярод усіх яго ўдзельнікаў, а гэта выхавальнікі, настаўнікі, майстры вытворчага навучання, кіраўнікі навучальных устаноў. Напрыклад, у Маладзечанскім раёне арганізавана школа педагагічнага майстэрства для кіраўнікоў аддзелаў адукацыі, на базе ўстаноў Барысава — школа прафесійнага майстэрства для кіраўнікоў прафтэхустаноў, у Капыльскім раёне — па тэме дзейнасці школ-інтэрнатаў, у Уздзенскім — па рабоце з адоранымі дзецьмі, у Чэрвені — па арганізацыі вольнага часу. Як бачна, педагагічны марафон вельмі разнастайны, ён ахоплівае шматлікія кірункі дзейнасці навучальных устаноў і іх калектываў. Менавіта такі марафон з’яўляецца своеасаблівым навучальным семінарам, дзе назапашваецца той вопыт, які ўжо існуе, і вызначаюцца новыя, больш перспектыўныя кірункі работы.
Хачу заўважыць, што мерапрыемствы, якія мы праводзілі для аддзелаў адукацыі, непасрэдна для навучальных устаноў, толькі ўздымалі дух здаровага саперніцтва паміж імі, павышалі матывацыю для далейшай паспяховай дзейнасці. Рэгулярна ў вобласці праводзяцца самыя разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку па стварэнні ўмоў для творчага развіцця навучэнца, па стварэнні аптымальных умоў для работы педагогаў. У крытэрыі ацэнкі дзейнасці нашых навучальных устаноў уключаны і тыя, на якіх засяродзіў увагу кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, у Год беражлівасці гэтая пазіцыя — беражлівасць — абавязкова ўключана ў сферу функцыянавання кожнай навучальнай установы.
У цэнтры ўвагі заўжды было фарміраванне ў нашых дзяцей патрыятычных і грамадзянскіх пачуццяў. Такую задачу ставіць перад намі прэзідэнт краіны А.Р.Лукашэнка. Але выхаваць у нашага маладога пакалення гэтыя якасці могуць толькі тыя людзі, якія самі маюць іх у сваім характары, якім не ўсё роўна, як развіваецца наша краіна, якія гатовы прыкласці ўсе намаганні для яе працвітання. Таму да работы нашых педагогаў у гэтым кірунку мы падключылі актыўных хлопцаў і дзяўчат, маладзёжных лідараў, прадстаўнікоў грамадскіх маладзёжных арганізацый, якія разгарнулі маладзёжны рух і прынялі самы актыўны ўдзел у выхаванні падрастаючага пакалення. Шматлікія забаўляльныя мерапрыемствы, акцыі, канферэнцыі сталі ўжо традыцыйнымі ў рэгіёне. Многія сустрэчы праводзяцца ў рэжыме анлайн, што дазволіла пашырыць аўдыторыю ўдзельнікаў да некалькіх тысяч чалавек.
Правядзенне такіх бацькоўскіх і маладзёжных форумаў дало магчымасць больш якасна, больш правільна выбудаваць адукацыйную палітыку ў рэгіёне ва ўнісон з задачамі, якія паставіў перад намі кіраўнік дзяржавы, і ў першую чаргу аб’яднання намаганняў сям’і і школы ў працэсе выхавання. І гэта заканамерна. Дзіця знаходзіцца ў школе практычна палову дня, а другую палову праводзіць дома, разам з бацькамі. І калі гэтыя два бакі будуць накіраваны на выхаванне асобы дзяцей, на развіццё ў іх грамадзянскасці і патрыятызму, то ў выніку мы выгадуем сапраўднага грамадзяніна нашай краіны.

—Таіса Іванаўна, Мінская вобласць першай распачала аптымізацыю сеткі ўстаноў адукацыі. Гэтаму працэсу ў рэгіёне ўжо гадоў дзесяць…
— Сапраўды, мы распачалі аптымізацыю яшчэ ў 2003 годзе, як толькі быў дасканала вывучаны стан спраў у сістэме адукацыі рэгіёна. Мы кардынальна змянілі сетку ўстаноў метадычнай службы і замест шасці ўстаноў, якія практычна дубліравалі адна адну, адкрылі адзін абласны вучэбна-метадычны кабінет, які нядаўна атрымаў статус абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра і каардынуе метадычную работу ў сістэме адукацыі на ўсіх узроўнях.
Прыкладам аптымізацыі можна назваць і стварэнне на базе дзвюх навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі абласнога ліцэя для адораных дзяцей з сельскай мясцовасці, якія вучацца ў гэтай установе, а потым паступаюць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі і з атрыманай спецыяльнасцю вяртаюцца працаваць у вёску.
У цэлым з улікам падрыхтоўкі сучаснага, з высокай кваліфікацыяй рабочага, як таго патрабуе мадэрнізацыя вытворчасці, аптымізацыя сеткі прафтэхустаноў праводзілася таксама вельмі кардынальна, але пры гэтым нам удалося захаваць педагагічныя калектывы. Папярэдне мы дакладна прааналізавалі патрэбнасць рэгіёна ў тых ці іншых прафесіях, вызначылі перспектывы развіцця галін эканомікі і ў адпаведнасці з гэтым сталі развіваць навучальныя ўстановы з улікам неабходных профіляў. Так, у такіх буйных гарадах, як Слуцк, Барысаў, Маладзечна, Салігорск, Вілейка, дзе раней было па некалькі прафтэхустаноў аднаго і таго ж профілю, якія па сутнасці дубліравалі адна адну, пры правядзенні аптымізацыі некаторыя навучальныя ўстановы былі аб’яднаны ў адну. Такім чынам, скараціўшы колькасць прафтэхустаноў з 32 да 22, удалося сканцэнтраваць фінансавыя сродкі ва ўзбуйненых установах і зрабіць іх вучэбна-вытворчую базу больш сучаснай. Аб гэтым сведчыць і адкрыццё ў Мінскай вобласці 7 рэсурсных цэнтраў.

Як узнікла ідэя стварыць у вобласці школьныя бізнес-кампаніі? Ці лічыце вы гэты кірунак перспектыўным?
— Тры гады назад у вобласці пачалі развівацца школьныя кампаніі, і для многіх маіх калег гэтае словазлучэнне было нязвыклым. Але сёння, я мяркую, кіраўнікі абласцей бачаць у гэтым кірунку перспектыву, якая не толькі адкрывае новыя гарызонты развіцця пазабюджэтнай дзейнасці, але і дапамагае закладваць з маленства працоўныя навыкі, дае асновы прадпрымальніцтва, бізнесу, менеджменту, што вельмі важна. Сёння дзяржаўнай задачай з’яўляецца падрыхтоўка для нашай эканомікі і сацыяльнай сферы канкурэнтаздольнага спецыяліста і развіццё такіх кампаній, як ніколі, своечасовае. Аднойчы кіраўнік вобласці Б.В.Батура агучыў ідэю стварэння бізнес-кампаній у школах. І наша ўпраўленне гэтую ідэю падтрымала. На Міншчыне мы пачалі адкрываць такія бізнес-кампаніі ў школах з 2011 года. Спачатку школьныя прадпрыемствы былі створаны ў 4 раёнах, а сёння існуюць у кожным раёне вобласці і нават не па адной. Сёння развіццё кампаній вядзецца па самых разнастайных кірунках дзейнасці: у нас ужо ёсць цырульні, станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, швейныя майстэрні, кафэ, дзе навучэнцы самі ствараюць вырабы, аказваюць паслугі. Школьнікі зведалі кошт заробленых грошай. Самае галоўнае, што такім чынам мы прывучаем дзяцей да працы, развіваем у іх прадпрымальніцкае мысленне, якое заўжды спатрэбіцца ў жыцці. Як вядома, работа ў школьных кампаніях паўплывала на выбар прафесіі многіх выпускнікоў.
Калі гаварыць пра развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ўвогуле, то кожнаму кіраўніку трэба паклапаціцца аб пошуку яе новых форм, а таксама згадаць забытыя. Напрыклад, было б дарэчы зноў вярнуцца да развіцця прышкольнай гаспадаркі. Улічваючы, што больш за 60 працэнтаў навучальных устаноў у вобласці знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, было б поўным абсурдам садавіну і агародніну для школьнага харчавання купляць у краме. Школьнікі могуць і самі вырасціць гэтыя прадукты. Акрамя таго, навучальныя ўстановы могуць утрымліваць невялічкія фермы, асабліва школы-інтэрнаты.

Як сваё імкненне быць побач з людзьмі, быць сярод людзей вы рэалізоўваеце ў дэпутацкай дзейнасці?
— Як звычайна адбываецца прыём дэпутатам сваіх выбаршчыкаў? Часцей за ўсё ў кабінеце. Але я лічу, што шчырая размова наўрад ці атрымаецца ў афіцыйнай атмасферы. Зусім іншая справа, калі я прыходжу, напрыклад, у школу, у краму, на ферму, у бальніцу альбо ў дом сваіх выбаршчыкаў. Мяне даўно ўсе ведаюць у Салігорскім і Любанскім раёнах, дзе я балаціравалася ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Перш чым пераехаць у Мінск па назначэнні на пасаду кіраўніка абласной сістэмы адукацыі, я працавала там 25 гадоў. А пачынала працоўную дзейнасць настаўніцай пачатковых класаў і прыйшла працаваць у гарвыканкам Салігорска кіраўніком аддзела ўжо маючы вопыт работы ў сістэме адукацыі. Жыхары рэгіёна добра ведаюць мяне яшчэ і таму, што мяне ва ўзросце 39 гадоў яны ўпершыню выбралі дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў, даверылі пасаду старшыні гэтага савета, і гэты давер сваіх выбаршчыкаў я не страціла па сённяшні час.
За тэрмін, што працую ў парламенце, у маёй акрузе распачаты шэраг спраў, ініцыятарамі якіх выступілі мае выбаршчыкі. Разам з кіраўніцтвам Любанскага раёна мне ўдалося вырашыць пытанне па выдзяленні дадатковага памяшкання ў мясцовай паліклініцы, каб лячыць некаторыя захворванні. Сродкі на гэта будуць выдаткаваны з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.
Нядаўна быў распачаты праект па будаўніцтве ў Салігорску школы —дзіцячага сада. У вобласці склалася некаторае напружанне ў забеспячэнні месцамі ў дашкольных установах. Не абышла гэтая праблема і Салігорск, насельніцтва якога расце з кожным годам. Таму, згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы і праграмай развіцця дашкольнай адукацыі рэгіёна, у рамках якой толькі ў мінулым годзе было пабудавана 6 дзіцячых садоў, да 1 верасня плануецца адкрыць школу-сад і ў горадзе шахцёраў. У планах майго дэпутацтва кантроль за правядзеннем капітальнага рамонту аднаго з жылых дамоў, будаўніцтва і рамонт дарог, газіфікацыя некаторых населеных пунктаў.
У камісіі парламента я адказваю за работу з дэпутатамі іншых камісій і заўжды знаходжуся ў курсе спраў, ведаю, як развіваюцца эканамічная і сацыяльная сферы і якая заканадаўчая база для іх рыхтуецца.
Мне вельмі цікава працаваць з калегамі-дэпутатамі, сярод якіх нямала педагогаў. Мы вялікую ўвагу ўдзяляем пытанням развіцця закадаўства ў сферы адукацыі, каб і настаўнікам, і школьнікам, і бацькам было зручна ім карыстацца.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.

kliuiko@ng-press.by