Кіраванне любым калектывам і працэсам — праца камандная

- 11:37Адукацыйная прастора

Сярэдняя школа № 1 Драгічына, што на Брэстчыне, самая вялікая ў раёне. Нягледзячы на гэта, прыняць усіх жадаючых тут не могуць. Рэпутацыю навучальнай установы, як вядома, фарміруюць настаўнікі. Цяпер у школе працуе настаўнік-метадыст, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі, фіналістка конкурсу “Настаўнік года — 2011” і наш пастаянны аўтар Алена Пратасевіч.

У 90-я гады ХХ стагоддзя фізіку ў першай драгічынскай школе выкладаў пераможца конкурсу “Настаўнік года — 1995” заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь (зараз працуе ў Міністэрстве адукацыі) Уладзімір Мацвеевіч Здановіч.

А калі школа толькі адкрылася, у склад педагагічнага калектыву ўваходзіла Бэла Якаўлеўна Чарнабродава, заслужаны настаўнік БССР, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Як справядліва ў пачатку нашай размовы адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 1 Драгічына Людміла Леанідаўна Мамацюк, усе былыя і цяперашнія настаўнікі працавалі і працуюць для дзяцей.

Шмат гадоў гэтая навучальная ўстанова ўдзельнічае ў інавацыйнай дзейнасці. Цяпер у школе працуе рэсурсны цэнтр, дзе з 2015 года займаюцца рэалізацыяй рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі Рэспублікан­скага інавацыйнага цэнтра як кампанента ­адзінай адукацыйнай прасторы па ўкараненні праекта “Структурна-дынамічная мадэль навучання матэматыцы на аснове прынцыпу сістэмнай дыферэнцыяцыі як сродак рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу”.

Сёння школа ўпэўнена рухаецца наперад, і ў ёй актыўна працуюць над рэаліза­цыяй эфектыўнай адукацыйнай мадэлі адзінства дзяцей і дарослых, якая абуджае ў кожным дзіцяці прагу да пазнання, далучае да творчасці. У гэтай сувязі наша гаворка з дырэктарам пра тое, як заставацца сучаснымі, захоўваючы традыцыі, і як неабходна развівацца школе, каб заставацца запатрабаванай у вучняў і бацькоў.

— Людміла Леанідаўна, давайце знаёміцца бліжэй. Сёння сярэдняя школа № 1 Драгічына — гэта…

— …навучальная ўстанова са шматгадовай гісторыяй. У лістападзе 2018 года нам споўнілася 40 гадоў. За гэты час школа прайшла шмат этапаў у развіцці, але асноўныя намаганні педагагічнага калектыву заў­сёды былі накіраваны на інтэлектуальнае развіццё навучэнцаў і павышэнне ўзроўню прафесіяналізму педагогаў.

На сёння галоўным прыярытэтам у рабоце ўстановы з’яўляецца стварэнне ўмоў для самарэалізацыі ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу. Пры правільнай арганізацыі прадметна-прасторавага асяроддзя, наяўнасці сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы, якая забяспечвае высокі ўзровень выкладання вучэбных прадметаў, павышаецца якасць адукацыі.

За апошнія некалькі гадоў наша школа кардынальна змянілася. Быў праведзены капітальны рамонт унутры ўстановы, адрамантаваны фасад, абноўлена мэбля ў вучэбных кабінетах, настаўніцкай, сталовай. Абнавілася і папоўнілася база тэхнічных сродкаў навучання. У 2014 годзе з’явіўся новы кабінет фізікі з неабходным дэманстрацыйным і лабараторным абсталяваннем, у 2017 годзе — кабінет хіміі. У рамках падрыхтоўкі да абласнога фестывалю “Дажынкі-2016” зроблены рамонт спартыўнай залы, прыведзена ў парадак прышкольная тэрыторыя. У школе працуе музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Драгічыншчыны.

У бягучым навучальным годзе ў нашай установе вучацца 1010 вучняў у 40 класах-камплектах і працуюць 103 настаўнікі. Сёння педагагічны калектыў школы здольны ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць на высокім прафесійным узроўні. 80% педагагічных работнікаў маюць вышэйшую і першую катэгорыю, працуе настаўнік-метадыст. Асобна хачу падкрэсліць, што 29 настаўнікаў — гэта выпускнікі нашай школы. Прыемна, што яны вярнуліся на працу ў родную ўстанову.

З 2015/2016 навучальнага года ў нас уведзена профільнае навучанне па такіх прадметах, як “Матэматыка”, “Фізіка”, “Хімія”, “Руская мова”, “Беларуская мова” і “Гісторыя Беларусі”. Профільнай адука­цыяй ахоплена больш за 50% навучэнцаў 10—11 класаў.

Важнае месца ў выхаванні школьнікаў займае фарміраванне інфармацыйнай культуры, таму задача педагогаў — накіра­ваць інтарэсы дзяцей у патрэбнае рэчышча, ву­чыць здабываць карыснае з інфармацыйнай лавіны. Друкаваным органам вучнёўскага самакіравання на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца газета “Школьны веснік”, якая, дарэчы, стала прызёрам конкурсу, што праводзіцца Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Зубраня”. За апошнія гады 5 навучэнцаў нашай школы сталі лаўрэатамі прэміі прэзідэнцкага фонду Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў і таленавітай моладзі, 4 — лаўрэатамі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

— Наколькі мне вядома, вы таксама з’яўляецеся выпускніцай гэтай школы. Мяркую, што адчуванне родных сцен цяпер вельмі дапамагае кіра­ваць установай.

— Так, я выпускніца гэтай школы. У педагогіцы працую 30 гадоў, але дасюль памятаю сваю настаўніцу матэматыкі Раісу Іванаўну Гуз. Я была ў захапленні як ад самой настаўніцы, так і прадмета, які яна выкладала, таму іншай дарогі, акрамя як на фізіка-матэматычны факультэт педінстытута, сабе і не ўяўляла. Першы год пасля заканчэння вучобы працавала ў роднай школе. Пасля — у іншых навучальных установах. Назад вярнулася ў 2008 годзе на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, а ў 2013 годзе ўзначаліла школу.

— Але па-ранейшаму праводзіце ўрокі матэматыкі і астраноміі? Як удаецца спалучаць дырэктарства і настаўніцтва?

— Дырэктарская пасада, канечне, забірае шмат часу, але настаўніцтва дае сілы і матывацыю, дазваляе адчуць прамую сувязь з педагогікай.  Да таго ж урокі даюць магчымасць наладзіць больш цесны кантакт з вучнямі, што карысна для мяне ўжо як для дырэктара. Ня­гледзячы на занятасць, камандзіроўкі, нарады, стараюся, каб мае заняткі не прападалі. Акрамя таго, правядзенне ўрокаў стымулюе да пастаяннага самаўдасканальвання, авалодання новымі методыкамі і тэхналогіямі, што таксама дае двайны эфект: я вучуся як настаўнік і развіваюся метадычна як дырэктар. Кіраўнік навучальнай установы абавязкова павінен быць метадычна падкаваным, інакш ён будзе неактуальным для свайго педагагічнага калектыву.

Наш настаўнік-метадыст Алена Пратасевіч першай засвоіла тэхналогію актыўнай ацэнкі, а таму праводзіла семінары для сваіх школьных калег. Я таксама іх наведвала. Мне было цікава як педагогу і як дырэктару. ­Якасць адукацыі, якую мы павінны забяспечваць сваім вучням, — агульная справа. І на сёння паказчык якасці застаецца першым і асноўным пры ацэнцы эфектыўнасці дзейнасці ўстановы. А адной з важных умоў павышэння якасці адукацыі з’яўляецца якасць кіравання адукацыйна-выхаваўчымі працэсамі ў навучальнай
установе.

— Якім, на вашу думку, павінен быць эфектыўны кіраўнік?

— Эфектыўная адміністрацыйная дзейнасць мае на ўвазе актыўную творчую пазіцыю кіраўніка, яго нестандартнасць мыслення, ініцыятыўнасць, уменне выкарыстоўваць назапашаны вопыт. Кіраванне любым калектывам і працэсам — праца камандная. Важна ўмець сабраць вакол сябе каманду аднадумцаў, здольную ўпэўнена рухацца да пастаўленай мэты. Мы дасягаем поспеху дзякуючы ўпартасці, настойлівасці, энтузіязму, імкненню да прафесійных вынікаў большасці членаў нашага калектыву: пачынаючы ад намеснікаў дырэктара і заканчваючы маладымі спецыялістамі. Прафесійнаму росту спрыяе актыўны ўдзел нашых педагогаў у інавацыйнай дзейнасці.

— Інавацыйная дзейнасць — гэта рухавік сістэмы адукацыі. Ваша школа вельмі даўно працуе ў інавацыйным рэжыме. Цяпер вы яшчэ і Рэспубліканскі інавацыйны цэнтр. Напэўна, усё гэта і вызначае вашу паспяховаць і актуальнасць?

— Эксперыменты і інавацыі для нашай школы — гэта, як гаворыцца, норма жыцця. Першы дырэктар Аляксей Сямёнавіч Ніканчук быў педагогам-наватарам, які браўся за рэалізацыю розных рэспубліканскіх праектаў, напрыклад, харчовай праграмы: вучні працавалі ў школьнай цяпліцы, даглядалі трусоў, летам працавалі і адпачывалі ў летніку “Вінч”, які знаходзіўся на балансе школы. У 1993 го­дзе дырэктарам быў прызначаны Мікалай Іванавіч Шумік. Пад яго кіраўніцтвам навучальная ўстанова стала эксперыментальнай пляцоўкай для рэалізацыі ўсесаюзнага праекта “Школа-мікрараён”.

З 2015 года школа з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па ўкараненні мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы. Мы рэалізоўваем праект “Сістэмная дыферэнцыяцыя навучання матэматыцы на аснове структурна-дынамічнай мадэлі”. З’яўленне Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра на базе нашай школы абумоўлена наяўнасцю шматгадовага вопыту ў інавацыйнай дзейнасці.

— Якія формы работы цэнтра запатрабаваны настаўнікамі больш за ўсё?

— У Рэспубліканскім інавацыйным цэнтры нашай школы адной з эфектыўных форм распаўсюджвання ўласнага педагагічнага вопыту з’яўляецца майстар-клас. Фармат майстар-класаў прадугледжвае не толькі інфармацыйнае ўяўленне пра метады, прыёмы, формы дзейнасці, якія выкарыстоўваюцца пры навучанні, але і непасрэдна навучанне аўдыторыі гэтым метадам, прыёмам.

У аснове майстар-класа — ярка выяўленая форма вучнёўства: вучымся ў майст­ра — вопытнага педагога. І такімі педагогамі з’яўляюцца нашы настаўнікі — удзельнікі інавацыйнага праекта. У прыватнасці, Алену Барысаўну Пратасевіч, настаўніка-метадыста, члена клуба “Крыштальны журавель”, ведае ўжо ўся рэспубліка. Педагогі-інаватары нашай школы трансліруюць свой вопыт сістэмна: на майстар-класах у рамках правя­дзення розных мерапрыемстваў, у прадметных выданнях, аўтарскіх вучэбна-метадычных дапа­можніках для педагогаў. На сёння А.Б.Пратасе­віч з’яўляец­ца аўтарам дыстанцыйных курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў на адукацыйнай платформе “Знанио”.

— Агульнавядома, што са штодзённай карпат­лівай працы таленавітых, творчых, неабыяка­вых педагогаў складваецца вынік усёй ўстановы.

— Гэта сапраўды так. Усе нашы вынікі і высокі рэйтынг — заслуга педагогаў школы. У 2018 го­дзе нашы выпускнікі атрымалі 100 балаў па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Матэматыка”. На працягу некалькіх гадоў больш за 70% нашых выпускнікоў становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў краіны.

Якасць нашай адукацыі вызначаецца і праз удзел у алімпіядным руху па вучэбных прадметах, конкурсах даследчых работ, інтэ­лектуальных, творчых і спартыўных спаборніцтвах. Не першы год паказваюць поспехі ў алімпіядным руху на абласным узроўні вучні настаўніка фізікі А.М.Мурзы і настаўнііцы хіміі Н.Г.Крыцкай. У гэтым годзе нашы навучэнцы 10-х класаў Арцём Баравік і Яўген Кульбеда прымуць удзел у заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы і фізіцы.

Варта адзначыць поспехі настаўніцы інфарматыкі В.В.Мучанскай: яе вучань Дзмітрый Нічыпорчык стаў дыпламантам заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу даследчых работ, а Яўген Кульбеда — пераможцам III этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.

Нельга не згадаць дасягненні нашых вучняў у творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Танцавальны калектыў, якім кіруе настаўніца рытмікі Г.М.Гарапучык, штогод займае прызавыя месцы на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Прывітанне, свет!”. Выхаванцы настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі В.Я.Аканечнікава з году ў год папаўняюць скарбонку медалёў перамогамі на абласных спаборніцтвах па кулявой стральбе, раённым аглядзе-конкурсе “Зарніца”.

Асобных слоў заслугоўвае перамога нашай школы ў конкурсе сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Хачу вучыцца ў STEM-класе!”, які праводзіла асацыяцыя “Адукацыя для будучыні”. Для навучэнцаў гэта выдатная перспектыва і стартавая пляцоўка для асваення праграмавання, мадэлявання, робататэхнікі. А пакуль на базе школы праходзяць адукацыйныя заняткі, у рамках якіх настаўнікі нашай установы, педагогі раёна і ўсёй вобласці могуць далучыцца да сучасных тэхналогій і работы ў STEM-сістэме. 16 лю­тага пры падтрымцы асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” ў нас прайшла рэгіянальная канферэнцыя ProSTEM для настаўнікаў і прадстаўнікоў адміністрацыі агульнаадукацыйных школ Брэстчыны. Яна праводзілася ў форме майстар-класаў з мэтай папулярызацыі інфармацыйных тэхналогій, падтрымкі настаўніцкіх ініцыятыў і адукацыйных праектаў.

За высокую выніковасць у рабоце педагогі матэматыкі, фізікі, геаграфіі, англійскай мовы ў розныя гады былі ўзнагароджаны граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, удастойваліся звання “Чалавек года” Драгічынскага раёна, заносіліся на раённую Дошку гонару.

Напрыканцы хачу падзякаваць усім сваім педагогам. Значнай падзеяй для нашага калектыву ў гэтым годзе стала ўручэнне школе ганаровага пераходнага вымпела і дыплома пераможцы як лепшай установе адукацыі Драгічынскага раёна.

Гавораць, што ўдач больш там, дзе най­складанейшыя задачы. І мы ставім перад сабой усё новыя і новыя задачы. Для нас дасягненне мэты — не фінішная прамая, а пункт адліку для новых перспектыў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.