Адукацыйна-выхаваўчая сфера Наваполацка багатая на розныя падзеі і мерапрыемствы. Педагагічная грамадскасць гэтага горада мабільна рэагуе на ўсе новыя педагагічныя павевы і дасягае добрых вынікаў. Але сённяшняя працоўная размова з Сяргеем Леанідавічам Марчанкам, начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта, прайшла не толькі ў плоскасці поспехаў і дасягненняў, але і злабадзённых пытанняў.
— Сяргей Леанідавіч, пачнём з агульнай карціны — з характарыстыкі сістэмы адукацыі вашага горада. Як яна развіваецца і куды рухаецца?
— Сістэма адукацыі Наваполацка развіваецца імкліва і арганічна, і ў існуючых умовах мы маем аптымальны вынік работы па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці. І залог нашай паспяховасці — у сістэмнасці кіравання. Мы прытрымліваемся прынцыпу “кіраванне па выніку”.
Творчыя, высокакваліфікаваныя настаўнікі забяспечваюць заслужаны аўтарытэт і лідарства нашай сістэме. За стварэнне эфектыўнай рэгіянальнай мадэлі ўсебаковага развіцця навучэнцаў па выніках работы сістэмы адукацыі за 2013 год аддзел адукацыі, спорту і турызму ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Вопыт педагогаў Наваполацка запатрабаваны, што пацвярджае іх актыўны ўдзел у семінарах, навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню.
Аб прафесійным узроўні педагогаў сведчаць іх высокія дасягненні: Альберт Іосіфавіч Кажушкевіч з’яўляецца лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”; Ірына Баляславаўна Хаданёнак, Уладзімір Вячаслававіч Цымановіч сталі суперфіналістамі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года–2014”, пераможцамі ў прадметных намінацыях, а Наталля Фадзееўна Рыкун — лаўрэатам конкурсу.
Характарызуючы работу ўстаноў адукацыі Наваполацка, можна ўпэўнена гаварыць пра захаванне тэндэнцый росту якасных паказчыкаў. Сярод дасягненняў — паспяховы ўдзел навучэнцаў у алімпіядным руху, усебаковае забеспячэнне правоў дзяцей праз рэалізацыю глабальнай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, зніжэнне ўзроўню злачыннасці сярод непаўналетніх.
— Сёння шмат гавораць пра ўзаемадзеянне сям’і і школы, якія ў выхаванні дзяцей павінны быць партнёрамі. Але на практыцы атрымліваецца, што выхаваўчыя акцэнты змешчаны ў бок школы. Атрымліваецца, што цяпер і бацькоў трэба выхоўваць?
— Наваполацк заўсёды славіўся сваімі моцнымі сем’ямі. І ў гэтым годзе мы мелі магчымасць на яркім прыкладзе ўсвядоміць, што мнагадзетная сям’я — гэта неабходнасць. Мнагадзетная сям’я Ніканчукоў стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. Менавіта на такіх прыкладах маладое пакаленне не на словах, а на справе ўбачыла сапраўдныя сямейныя каштоўнасці і правільныя для сябе арыенціры.
Але, на жаль, ёсць катэгорыя бацькоў, якія лічыць, што выхаваўчыя функцыі дзяцей павінна на сябе ўзяць дзяржава. Раніцай правёў дзіця, а вечарам спытаў, як справы, і ўсё — бацькоўскі абавязак выкананы. А школа павінна гэтае дзіця навучыць, выхаваць і яшчэ заняць па інтарэсах.
Зразумела, што школа стаіць на абароне дзяцей. І дзіця не павінна жыць ва ўмовах, якія пагражаюць яго бяспецы. Разам з тым для поўнага і гарманічнага развіцця дзіцяці неабходна расці ў сямейным асяроддзі, у атмасферы шчасця, любові і паразумення.
— Сяргей Леанідавіч, а якія пытанні вас як кіраўніка хвалююць больш за ўсё?
— Апошнія чатыры гады ў горадзе назіраецца прырост насельніцтва, і, адпаведна, павялічваецца колькасць дзяцей. Горад актыўна будуе жыллё. Гэта выдатна. Але ў новым мікрараёне, натуральна, яшчэ ёсць праблемы з інфраструктурай. Мы будуем новы дзіцячы садок на 290 месцаў. Плануецца, што ён будзе здадзены ў пачатку 2015 года. На жаль, новы дзіцячы садок праблему з размяшчэннем дашкольнікаў не зніме, але мы робім усё магчымае, каб задаволіць патрэбы гараджан. Цяпер у нас арганізаваны падвоз дзетак з новага мікрараёна ва ўстановы горада, дзе праблем з месцамі ні ў садках, ні ў школах няма.
Ёсць пытанні і з кадрамі для дашкольных устаноў адукацыі. Штогод у сістэму адукацыі Наваполацка размяркоўваецца каля 80 маладых спецыялістаў, разам з тым не хапае выхавальнікаў дашкольных устаноў і настаўнікаў хіміі, фізікі, матэматыкі.
— Напэўна, усё гэта можна звязаць з нізкім прэстыжам педагагічнай прафесіі. Але праблема прэстыжу ў апошні час набыла грамадскую значнасць, таму можна спадзявацца, што нейкія зрухі ўсё ж адбудуцца. Чаго чакаеце вы?
— Ужо сёння змяніліся патрабаванні да вядзення школьнай дакументацыі настаўнікамі, разглядаецца магчымасць вяртання да профільнага навучання, пераглядаюцца падыходы ў арганізацыі шостага школьнага дня. Мы чакаем змен, якія дазволяць настаўнікам больш часу займацца ўласна адукацыйнай дзейнасцю, будуць спрыяць далейшаму павышэнню заработнай платы. З новаўвядзеннямі мы чакаем увогуле павышэння значнасці педагагічнай прафесіі.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.