Кіраваць атмасферай

- 11:00Якасць адукацыі

Чаму ў адным калектыве кожны сам за сябе, а ў іншым — адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, сапраўдная каманда? Чаму ў адной школе настаўнікі толькі скардзяцца на свой професійны лёс, нізкі заробак і неразумных дзяцей, а ў іншай — гараць новымі ідэямі, пастаянна асвойваюць штосьці новае, ганарацца сваімі выхаванцамі?

Дырэктар сярэдняй школы № 2 Століна Ала Мікалаеўна Лазіцкая лічыць, што адказ на гэтыя пытанні трэба шукаць у слове “атмасфера”, у тым асяроддзі, дзе працуюць людзі. Хто фарміруе гэтую атмасферу? Самі людзі, але ўсё ідзе ад кіраўніцтва.

— З якім настроем, ідэямі вы згаджаліся ўзначальваць калектыў школы?
— Не магу сказаць, што з вялікім жаданнем і стараннасцю пачала ўзначальваць школу, бо на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце адчувала сябе на сваім месцы. Пры падтрымцы калег удалося стварыць творчы і ініцыятыўны тандэм паміж усімі ўдзельнікамі вучэбна-выхаваўчага працэсу — класнымі кіраўнікамі, педагогам-арганізатарам і сацыяльным педагогам, кіраўнікамі гурткоў і секцый, бібліятэкарамі. Мы пабудавалі практычна новую сістэму выхаваўчай работы. Планаў было яшчэ вельмі шмат.
На пасаду дырэктара ішла з вялікім хваляваннем, баялася, што не ўтрымаю высокую планку, зададзеную папярэднімі кіраўнікамі Людмілай Міхайлаўнай Кітаевай, Нінай Герасімаўнай Кульшай і іншымі.

— Можна паставіць прыгожыя і перспектыўныя мэты, распрацаваць цудоўныя планы пераўтварэння школы, але ўсё гэта будзе марным, калі педагогі не захочуць працаваць адказна і з поўнай аддачай. Што ці хто падахвочвае людзей добра працаваць на агульны вынік?
— Мэты павінны быць прывабныя для ўсіх, таму педагогі па максімуме павінны быць задзейнічаны ў іх абмеркаванні і вызначэнні. Рэальныя, дасягальныя мэты ўстановы могуць быць сфармуляваны тады, калі яны асобасна значныя для кожнага. Акрамя таго, павінны быць выразна вызначаны функцыі кожнага педагога ў дасягненні гэтых мэт. Кожны выконвае свой участак работы ў вялікай агульнай справе. Пры гэтым фарміруецца адзіная сістэма каштоўнасцей, даверу і адказнасці, выбудоўваецца якасна іншая сістэма ўзаемаадносін.

Ала Мікалаеўна Лазіцкая. Педагагічны стаж — 21 год, кіраўніцкі — каля 15. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1988 годзе Ала паступала на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна, але не прайшла па конкурсе, таму ўладкавалася на работу старшай піянерскай важатай у Рубельскую сярэднюю школу Столінскага раёна. Можна сказаць, што педагагічную дзейнасць Ала Мікалаеўна пачала ў 16 гадоў. Работа піянерважатай дапамагла ёй упэўніцца ў правільнасці выбранай прафесіі. Менавіта таму мара Алы ажыццявілася — яна стала студэнткай філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута, які, дарэчы, скончыла з чырвоным дыпломам, атрымаўшы ступень бакалаўра. У сярэднюю школу № 2 Століна Ала Мікалаеўна прыйшла ў 1995 годзе маладой настаўніцай рускай мовы і літаратуры, а ў 2008 годзе ўзначаліла калектыў установы.
За эфектыўную работу па забеспячэнні якаснай адукацыі неаднойчы адзначалася ўзнагародамі, у 2002 годзе атрымала званне “Малады чалавек года ў сферы адукацыі і навукі Столінскага раёна”. Мае Ганаровую грамату ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. У абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “ІКТ у кіраўніцкай дзейнасці” атрымала дыплом ІІ ступені.
У 2013—2014 годзе прайшла дыстанцыйнае навучанне “Актыўная ацэнка — новая стратэгія навучання”, у 2014—2015 — “Медыяэкспрэс”, “Медыя&Урок”.
Вучыцца ў аспірантуры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (кафедра педагогікі і менеджменту адукацыі, кіраўнік М.І.Запрудскі), тэма дысертацыйнага даследавання — “Арганізацыйна-педагагічныя ўмовы”. У гэтым навучальным годзе з’яўляецца кіраўніком і трэнерам раённага пастаянна дзеючага семінара “Інтэграцыя медыяадукацыі ў сучаснай установе сярэдняй адукацыі: вопыт і перспектывы”. З 2011 года — член абласнога савета кіраўнікоў.

Варта знайсці кропкі перасячэння прафесійных інтарэсаў. Ад гэтага і трэба адштурхоўвацца. Пачуццё прафесійнага даверу да кіраўніка цяжка сфарміраваць. Мне здаецца, тут працуюць тыя ж прынцыпы, што і ў адносінах з навучэнцамі. Дарослым, як і дзецям, не патрэбны камандзіры, якія толькі аддаюць загады, ім патрэбны капітаны, якія накіроўваюць і падказваюць. Можна ўсё сапсаваць фармалізмам, няшчырасцю, фанабэрыстасцю. Нам пашанцавала, што атмасфера супрацоўніцтва была закладзена ў школе даўно. І мы яе беражліва захоўваем.

— Вы ведаеце, які імідж мае ваша ўстанова ў вачах педагогаў рэгіёна?
— Напэўна, пра імідж меркаваць не нам, але той факт, што школа ў апошнія гады стала пляцоўкай для трансляцыі лепшага педагагічнага вопыту беларускіх педагогаў і не толькі, дабаўляе станоўчыя штрыхі да яе іміджу. Мы прымаем у сябе самыя розныя семінары — ад раённых да міжнародных. У лютым 2013 года для педагогаў нашага раёна члены клуба “Крыштальны журавель” праводзілі акцыю “Настаўнік года” — педагогам Століншчыны”, частымі гасцямі з’яўляюцца спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя МаксімаТанка. Зусім нядаўна нам пашчасціла быць пляцоўкай для міжнароднага семінара “Медыяадукацыя ў школе: вопыт рэалізацыі і перспектывы развіцця”, які праводзіў НІА з удзелам чэшскіх педагогаў. Два гады назад прымалі ўкраінскіх калег з Ровенскай вобласці.
Тэматыка гэтых мерапрыемстваў вельмі актуальная для сучаснага настаўніка: выкарыстанне ІКТ, кантрольна-ацэначная дзейнасць, рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу, укараненне стратэгіі актыўнай ацэнкі, інтэграцыя медыяадукацыі. З улікам вялікай загружанасці вучэбных плошчаў у нашай школе ў арганізацыі такіх мерапрыемстваў мы адчуваем пэўныя цяжкасці, але стараемся знайсці аптымальнае выйсце, бо нашы педагогі маюць магчымасць атрымліваць бясцэнны, актуальны для іх вопыт у сценах сваёй установы.
Акрамя таго, кожны год у нас праводзіцца мноства рэгіянальных (раённых і абласных) метадычных мерапрыемстваў. Варта адзначыць, што 10 нашых педагогаў кіруюць раённымі метадычнымі фарміраваннямі (метадычнымі аб’яднаннямі, школамі маладога настаўніка, маладога намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, маладога бібліятэкара, праблемнай групай), 4 педагогі — члены раённых творчых груп, 2 — праблемных груп. Ёсць катэгорыя педагогаў, якіх запрашаюць з майстар-класамі ў іншыя ўстановы адукацыі. Гэта настаўніца пачатковых класаў Ірына Міхайлаўна Неўдах, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ала Адамаўна Лічэўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Антонаўна Ляшкевіч, настаўніца матэматыкі Вольга Андрэеўна Гайкевіч, настаўніца фізікі Тамара Казіміраўна Ляшкевіч. Гэта сведчыць пра дастаткова высокі ўзровень іх кваліфікацыі і прызнанне эфектыўнасці іх педагагічнага вопыту.

— А чаму, як вы лічыце, бацькі аддаюць перавагу вашай школе?
— Мы імкнёмся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для развіцця дзяцей. Каля паловы вучняў школы наведваюць факультатыўныя заняткі музычнага, харэаграфічнага і тэатральнага напрамкаў. Яны маюць магчымасць вучыцца іграць на фартэпіяна, баяне, акардэоне, цымбалах, скрыпцы, балалайцы, домры, таксама займацца вакалам, сальфеджыа, рытмікай. Для іх праводзяцца заняткі аркестра, харавога класа, розных ансамбляў. Арганізавана дзейнасць больш як 20 творчых калектываў розных творчых кірункаў. Мы ганарымся ўзорнымі творчымі калектывамі — ансамблем фальклорнага танца “Палескія танцоры”, ансамблем народнай песні “Весялінка”, ансамблем народнай музыкі “Млынок”, а з ліку дарослых калектываў — народным ансамблем народнай музыкі “Вятліца”, жаночым вакальным ансамблем выкладчыкаў.
Сёлета споўнілася 15 гадоў школьнай камандзе КВЗ, якая з’яўляецца фаварытам раённага фестывалю каманд КВЗ і ўжо 4 гады годна выступае ў Брэсцкай абласной лізе.
У 2010 годзе па дагаворы з Акадэміяй МУС адкрыты першы прававы клас: з году ў год набіраецца новы склад на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Чатыры гады дзейнічае школьнае лясніцтва “Парастак” па пагадненні са Столінскім лясгасам. Шэсць гадоў назад па ініцыятыве навучэнцаў арганізавана школьнае навуковае таварыства “ШАНС”, а з гэтага года ў рамках супрацоўніцтва з Цэнтрам Каперніка (Варшава, Польшча) дадзены старт школьнаму клубу маладога даследчыка.
Як толькі з’явілася магчымасць прафілізацыі адукацыйнага працэсу на III ступені, мы арганізавалі яе з улікам запытаў навучэнцаў. У папярэднія два гады ў адным з 10-х і 11-х класаў арганізоўвалася вывучэнне прадметаў філалагічнага і фізіка-матэматычнага напрамкаў. Сёлета, калі магчымасці пашырыліся, у адным з 10-х класаў арганізавалі мультыпрофільнае навучанне ў шасці групах (матэматыка, фізіка, руская мова, англійская мова, біялогія, хімія). Гэтаму папярэднічала вялікая і карпатлівая работа па вывучэнні адукацыйных запытаў навучэнцаў.

— Як у вашай установе прымаюцца важныя рашэнні?
— У нашым калектыве многія рашэнні прымаюцца не адной асобай — дырэктарам, а калегіяльна, з удзелам кампетэнтных у гэтым пытанні педагогаў. Усё абмяркоўваецца: ад мэт работы школы на наступны год, вызначэння аптымальных форм арганізацыі метадычнай работы да правядзення акцыі, тэматычнага тыдня, мерапрыемства. Да мяне ў кабінет часта заходзяць педагогі са словамі “А давайце …” ці “Мы тут падумалі …, можа, нам …”. І тут пачынаецца абмеркаванне, дыскусія з далучэннем іншых калег. У кожнай школе ёсць настаўнікі, захопленыя турызмам, даследчай дзейнасцю, народнымі промысламі, якія валодаюць высокім арганізатарскім патэнцыялам і рознымі талентамі. Толькі гэтыя якасці павінны быць запатрабаваны і ацэнены. У нашай школе склалася добрая практыка правядзення семінараў для калег асобнымі педагогамі ці камандай, хоць гэтым павінен займацца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. У рамках унутранага кантролю мы таксама шырока прыцягваем педагогаў-экспертаў да вырашэння нейкага пытання. Заняткі па падрыхтоўцы педагогаў да сертыфікацыі камп’ютарных карыстальнікаў з задавальненнем праводзяць настаўніцы інфарматыкі Наталля Міхайлаўна Кобрынец і Таццяна Адамаўна Трапец. Такая атмасфера супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі спрыяе эфектыўнаму вырашэнню самых значных і складаных задач.

— Чаму педагогі, якія маюць аднолькавую кваліфікацыю, працуюць з рознай эфектыўнасцю?
— Сучасны настаўнік не можа ўсё жыццё вучыць таму, што спасціг ва ўніверсітэце, бо гэта архаізм. Калі ён хоча быць актуальным, то павінен вучыцца пастаянна. У адваротным выпадку будзе здольны толькі адбіць у дзяцей жаданне вучыцца. Настаўнік больш не асноўная крыніца ведаў, ён — трэнер, майстар, кансультант. Сёння актуальнай з’яўляецца адукацыя праз усё жыццё.
Нашы педагогі самі вызначаюць сферу сваіх прафесійных інтарэсаў і актыўна ўдзельнічаюць у вочных і вочна-дыстанцыйных семінарах НІА і АПА, БДПУ імя Максіма Танка, Брэсцкага інстытута развіцця адукацыі. Акрамя пералічаных, найбольш значнымі для нас былі выязныя семінары-трэнінгі па актыўнай ацэнцы ў лютым 2014 года, па медыяадукацыі ў сакавіку 2015 года. У жніўні 2014 года мне пашчасціла ўдзельнічаць у складзе каманды беларускіх педагогаў у медыяшколе ў Бучы (Украіна), у чэрвені 2015 — у павышэнні кваліфікацыі па праблемах медыяадукацыі ў складзе інтэрнацыянальнай каманды ў Інстытуце FOJO (Універсітэт Карла Лінея, Швецыя). Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Антонаўна Ляшкевіч у ліпені 2015 года прымала ўдзел у семінары-трэнінгу па актыўных формах навучання ў Варшаве (Польшча). Вельмі папулярныя сярод нашых калег дыстанцыйныя рэсурсы адукацыйнай галактыкі Intel.
Гэта стала пазітыўным вірусам. Педагогі ажыўлена абмяркоўваюць свае ўражанні ад мерапрыемстваў, перспектывы выкарыстання новых ведаў і вынікі іх прымянення не толькі ў сваіх метадычных аб’яднаннях, але і нефармальна — у настаўніцкай. Вынікам такога павышэння кваліфікацыі часта становіцца ініцыятыва па стварэнні творчай або праблемнай групы. Напрыклад, цяпер у школе створаны творчыя групы па інтэграцыі медыяадукацыі ў адукацыйны працэс, па ўкараненні актыўнай ацэнкі, праблемная група па арганізацыі профільнага навучання. У мінулым навучальным годзе праводзіліся заняткі пастаянна дзеючага семінара па вывучэнні тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення. У нашым выпадку мы можам з упэўненасцю казаць аб наяўнасці сістэмы бесперапыннай самаадукацыі ў інтарэсах дасягнення значных для школы мэт.

— Акрамя каманды педагогаў, у школе працуюць і іншыя спецыялісты — тэхнічныя работнікі, кухары, дворнікі. Ад іх таксама залежыць імідж установы. Як іх захапіць агульнымі ідэямі?
— Акрамя пералічаных супрацоўнікаў, ёсць яшчэ і вучэбна-дапаможны персанал: бібліятэкары, лабаранты, інспектар па кадрах, сакратар… А яшчэ і бацькі — яны наша галоўная апора ва ўсіх справах і пачынаннях. Яны паўнапраўныя члены нашай школьнай сям’і. Для іх імідж школы таксама важны.
Мы проста любім тое, што робім, і не можам па-іншаму. Многія ў нас пытаюцца пра формулу поспеху. Гэта складана сфармуляваць. Проста трэба быць крыху дзіцем. Мне і маім калегам, напрыклад, цікава паехаць з вучнямі на каток, дзе мы падаем, смяёмся, а яны нас вучаць катацца, або пайсці ў паход і есці з адной талеркі. У нас ёсць каманда аматараў тэатра, мы з лёгкасцю можам сабрацца разам і адправіцца на прэм’еру.
Важна, каб не было абыякава, а шчыра і ад душы. Вось і выходзіць, што галоўнае — атмасфера.

Святлана КІРСАНАВА.