Выбар стратэгіі навучання ў профільных класах.
Уявім умоўна “адукацыю ўчора” ў выглядзе квадрата. Як павінна змяніцца школьная адукацыя ў будучыні? Вучоныя ўсяго свету сцвярджаюць вобраз адукацыі будучыні — гэта чатырохмерная адукацыя, а гэта значыць, што квадрат (“адукацыя ўчора”) ператвараецца ў куб (“адукацыя заўтра”).
Абапіраючыся на апошнія даследаванні і міжнародныя дакументы ў галіне адукацыі, прынятыя ЮНЕСКА, вызначаны ключавыя кампетэнцыі ХХІ стагоддзя, якія атрымалі назву “4К”: крытычнае мысленне, камунікацыя, кааперацыя, крэатыўнасць. Пазначыўшы дакладна кампетэнцыі, якія павінны быць сфарміраваны ў сучаснага выпускніка, да гэтага часу застаецца адкрытым пытанне: “Як фарміраванне і развіццё “4К” зрабіць сістэмнай практыкай, якая дазваляе палепшыць адукацыйныя вынікі, і як падрыхтаваць да гэтай практыкі педагогаў?”.
Праблемная група
Профільнае навучанне, на наш погляд, і ёсць адзін з асноўных рэсурсаў у вырашэнні названай праблемы. У 2016/2017 навучальным годзе ў нашай школе былі сфарміраваны першыя профільныя класы, у якіх на павышаным узроўні вывучалася толькі пяць вучэбных прадметаў і, адпаведна, пяць педагогаў стаялі ля вытокаў профільнага навучання. Сёння спектр вучэбных прадметаў значна пашырыўся. Дванаццаць настаўнікаў першай і вышэйшай катэгорыі выкладаюць прадметы на павышаным узроўні. Па ініцыятыве гэтых настаўнікаў ва ўстанове адукацыі была сфарміравана праблемная група, мэта якой — вызначэнне адзіных падыходаў да выпрацоўкі найбольш эфектыўных стратэгій навучання ў профільных класах. У рамках работы праблемнай групы ўдзельнікі дзяліліся вопытам работы, вызначалі праблемы і знаходзілі шляхі вырашэння, апрабавалі новыя тэхналогіі.
Сёння кожны з іх выпрацаваў для сябе пэўную стратэгію дзейнасці, вызначыўшы пры гэтым тэхналогіі навучання, акрэсліўшы аптымальныя метады, формы і прыёмы. Пад актыўнымі стратэгіямі будзем разумець, што мы робім, а пад тэхналогіямі — як мы гэта робім. У выніку работы праблемнай групы вызначаны так званыя педагогі-“майстры”, якія гатовы да трансляцыі эфектыўнага вопыту: правядзенне майстар-класаў, удзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх семінарах і канферэнцыях, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ж.М.Петухова рэалізуе на практыцы стратэгіі ўзаемадзеяння і ўстанаўлення адносін. У сувязі з гэтым эфектыўным, з пункту гледжання Жанны Мікалаеўны, з’яўляецца эўрыстычнае навучанне. На ўроках рускай мовы і літаратуры вучні не атрымліваюць гатовых адказаў. Ідэі вельмі супярэчлівыя, сітуацыі патрабуюць глыбокага аналізу. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Узроўні моўнай культуры” настаўніца выкарыстоўвае прыём “Эпіграф”. Вучням неабходна прачытаць і прааналізаваць эпіграф да ўрока “Чалавек — гэта ўраўненне Я і Іншага” (М.М.Бахцін), супаставіць са словамі Ф.М.Дастаеўскага “Няхай пакуль вакол цябе людзі зласлівыя і нячулыя, — знайдзі ў сабе сілы свяціць святлом дабрыні і ісціны…”, вырашыць праблемную задачу “Элітарны ўзровень моўнай культуры = добры чалавек?” Заданні і прыёмы, распрацаваныя настаўнікам, даюць магчымасць вучням веды з кніг звязаць з жыццём, зразумець, як яны ўплываюць на нас тут і цяпер на ўроку.
Матэматыкі многа не бывае
“Матэматыкі многа не бывае!” — да такога адзінага меркавання прыйшлі вучні Л.Я.Цішуровай, якая ўжо восем гадоў выкладае матэматыку ў профільных класах. Шматгадовы вопыт Людмілы Яўгенаўны сведчыць аб эфектыўнасці апрабаванай стратэгіі, арыентаванай на вучэбныя інтэнцыі (задуманы план дзеянняў). Дакладна арганізаваная работа з вучэбнымі інтэнцыямі на ўроку і ў пазаўрочнай дзейнасці садзейнічае развіццю ў вучняў здольнасці да самастымулявання, самакантролю, самаацэнкі, самакарэкцыі.
Дакладна арганізаваная работа з вучэбнымі інтэнцыямі на ўроку і ў пазаўрочнай дзейнасці садзейнічае развіццю ў вучняў здольнасці да самастымулявання, самакантролю, самаацэнкі, самакарэкцыі.
Пачынаючы з 5 класа вучань і настаўнік у сумеснай дзейнасці ўзгадняюць мэты, ставяць задачы, распрацоўваюць план (праграму) дзеянняў па іх дасягненні як для асобнага ўрока, раздзела вучэбнага дапаможніка, так і для факультатыўных заняткаў, профільнага навучання ўвогуле. На думку Людмілы Яўгенаўны, рэалізацыя стратэгіі, арыентаванай на вучэбныя інтэнцыі, мае на ўвазе прымяненне дыферэнцыраванага навучання, наяўнасць зваротнай сувязі на кожным этапе ўрока, работу ў групах зменнага складу (прыём “Ацані сябе”). Напрыклад, вучань працуе ў групе, дзе неабходна рашыць 5 заданняў (адпаведна, 5 балаў), але ў яго ёсць магчымасць выканаць хутка запланаванае і перайсці ў іншую групу (7 балаў). Настаўнік пры гэтым арганізуе зваротную сувязь (кансультацыя, самаправерка, узаемаправерка). Таму фраза “Я намераны дасягнуць наступнага…” у вуснах дзяцей не проста клішэ, а здольнасць самастойна ставіць мэты, вызначаць сродкі, ацэньваць вынік і прадбачыць сваю будучыню.
“Вялікія ідэі”
Вопыт прымянення стратэгіі з інфармацыяй настаўніцы біялогіі першай кваліфікацыйнай катэгорыі С.А.Раманьковай можна назваць вопытам “вялікіх ідэй”. Для яе важна так арганізаваць працэс навучання на ўроку, каб дзеці вучылі самі, гэта значыць вучыліся. Яна лічыць, што зубрыць, запамінаць факты немагчыма. Яны сціраюцца з памяці, а вось ідэі застаюцца. Вучні і настаўніца ідэі ўвасабляюць у вербальныя і невербальныя вобразы. Гэта становіцца магчымым дзякуючы выкарыстанню адкрытых адукацыйных тэхналогій (мнагамерных дыдактычных инструментаў, візуалізацыі). На думку Святланы Аляксандраўны, найбольш выніковымі з’яўляюцца тыя прыёмы, якія патрабуюць не толькі рэпрадукцыйнага ўзнаўлення інфармацыі, але фарміруюць і развіваюць крытычнае мысленне, крэатыўнасць, камунікацыю і кааперацыю.
Напрыклад, прыём “Кросенс” настаўніца прымяняе пры вызначэнні тэмы і мэты ўрока, у якасці пастаноўкі праблемнай сітуацыі (тэма “Алкіны” ў 10 класе); логіка-сэнсавыя мадэлі — пры вывучэнні і абагульненні вучэбнага матэрыялу (тэма “Будова атама і перыядычны закон” у 11 класе); інтэлект-карты, прыём “Калаж” выкарыстоўваюцца для выканання дамашняга задання, на факультатыўных занятках, а таксама пры правядзенні конкурсаў, прадметных тыдняў, пры кіраванні даследчай і праектнай дзейнасцю вучняў. На ўроках выкарыстоўвае інтэрактыўныя формы навучання, арганізуе работу ў групах, тым самым фарміруючы ўменні ажыццяўляць сумесную дзейнасць, прымаць разнастайныя ідэі, пункты гледжання. Лідзіруючыя пазіцыі ў сучасных умовах, на думку настаўніцы, займаюць ІКТ-інструменты і тэхналогіі. Святлана Аляксандраўна з’яўляецца кіраўніком раённага і школьнага метадычных фарміраванняў.
Вынікі і магчымасці
Выкарыстанне апрабаваных стратэгій навучання дае станоўчыя вынікі: з году ў год ахоп вучняў профільным навучаннем расце, прычым важна адзначыць, што патэнцыял вучняў выкарыстоўваецца на 100%; назіраецца станоўчая дынаміка
ўдзелу ў другім і трэцім этапах рэспубліканскай алімпіяды; выніковы ўдзел старшакласнікаў у творчых конкурсах, алімпіядах, спаборніцтвах; жыццеўладкаванне выпускнікоў, якія з’яўляюцца студэнтамі вядучых УВА краіны. Самае важнае — пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2021/2022 навучальным годзе (упершыню ў гісторыі школы) стаў вучань профільнага 10 класа Максім Кароўкін (дыплом ІІ ступені па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, настаўнік Андрэй Васільевіч Сямёнаў). Разгледжаныя пазіцыі можна адзначыць як моцныя бакі нашай дзейнасці па развіцці і фарміраванні “4К” вучняў пры дапамозе актыўных стратэгій навучання.
Зубрыць, запамінаць факты немагчыма. Яны сціраюцца з памяці, а вось ідэі застаюцца.
Але неабходна выявіць слабыя бакі, якія дазваляюць вызначыць новыя напрамкі развіцця: не заўсёды захоўваецца пераемнасць на ўсіх этапах агульнай сярэдняй адукацыі ў выкарыстанні актыўных стратэгій навучання (ёсць вопыт у вырашэнні праблемы, напрыклад, настаўнікі профільных класаў вядуць факультатыўныя заняткі ў 4-х класах, летам будучыя пяцікласнікі займаюцца з настаўнікамі старшых класаў у лагеры для высокаматываваных вучняў, дзейнічае на базе школы раённая праблемная група (міждысцыплінарная) настаўнікаў беларускай мовы і пачатковых класаў); абмежаванні ў выкарыстанні ІКТ-тэхналогій, інтэрнэт-рэсурсаў, бо не ўсе кабінеты аснашчаны камп’ютарным абсталяваннем (разам з тым у бягучым навучальным годзе па праграме інфарматызацыі былі атрыманы новыя камп’ютары); з-за недастатковага ўзаемадзеяння з УВА ёсць праблема пераемнасці ў авалоданні ўніверсітэцкімі тэхналогіямі (але быў вопыт супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным універсітэтам харчовых і хімічных тэхналогій).
Нягледзячы на вышэйапісаныя пазіцыі, неабходна ўказаць і на існуючыя знешнія пагрозы (рызыкі), на якія, як правіла, мы паўплываць не можам: дэмаграфічная праблема (адток насельніцтва), пагаршэнне здароўя вучняў. Выяўленыя недахопы і пагрозы сведчаць пра неабходнасць распрацаваць эфектыўную стратэгію развіцця ўстановы адукацыі, каб іх нейтралізаваць.
Ёсць сэнс пагаварыць і пра магчымасці. Вялікі патэнцыял у фарміраванні “4К”-кампетэнцый сёння закладзены ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі самаадукацыі вучняў у кампетэнтнасна арыентаваным адукацыйным асяроддзі пры дапамозе метадаў стратэгіі фарсайта”, які рэалізуецца ў нашай установе адукацыі. Педагогі профільных класаў сталі яго ўдзельнікамі. Такі ўдзел дапаможа ім авалодаць інавацыйнай стратэгіяй навучання. У арсенале нашых педагогаў 33 метады фарсайта, якія даюць магчымасць вучням авалодаць навыкамі самаадукацыі, а ў будучыні самавызначыцца і сацыялізавацца. Бо, па меркаванні А.Азімава, “самаадукацыя і ёсць сапраўдная адукацыя”.
Вашай увазе быў прадстаўлены вопыт выкарыстання аднаго з метадаў стратэгіі фарсайта “SWOT-аналіз”, які паказаў моцныя і слабыя бакі, рызыкі і магчымасці дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання ва ўстанове адукацыі.
Важна, каб мы сфарміравалі ў нашых выпускнікоў кампетэнцыі, якія дапамогуць ім актыўна кіраваць будучыняй і забяспечаць поўную ўпэўненасць у заўтрашнім дні. У гэтым і заключаецца сутнасць фарсайта як стратэгіі — праектаванне або пабудова будучыні. Гэта той інструментарый, які ў спалучэнні з разнастайнасцю традыцыйных і новых стратэгій дазволіць калектыву нашай школы паспяхова развівацца.
Алена КЕЙЗЕРАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Круглага Магілёўскай вобласці.