Кіраваць эфектыўна — кіраваць у саюзе

Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у XXIV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Інтэграцыя рэсурсаў удзельнікаў адукацыйных адносін у кіраванні развіццём якасці адукацыі ў рэгіёне”.

Фота да матэрыяла: Кіраваць эфектыўна — кіраваць у саюзе.Канферэнцыя адбылася ў Смаленскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Сярод арганізатараў міжнароднага форуму — Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі. У рабоце канферэнцыі ўзялі ўдзел больш за 120 чалавек з 6 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Беларускі бок быў прадстаўлены дырэктарамі і намеснікамі дырэктара гімназій — удзельнікамі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі эфектыўнага кіравання гімназіяй у сучасных умовах”. Шматаспектны аналіз сацыяльных выклікаў, рызык, якія пагражаюць якасці адукацыі, пошук аптымальных кіраўніцкіх тэхналогій і адраснае прымяненне рашэнняў праблем унутры эфектыўна функцыянуючых калектываў гімназій, якія валодаюць практычным вопытам інавацыйнай дзейнасці, — усё гэта ляжа ў аснову рэкамендацый, якія павінны будуць дапамагчы кіраўнікам захаваць эфектыўнасць устаноў у новых прававых і сацыяльных умовах. Навуковыя кіраўнікі праекта — метадыст вышэйшай катэгорыі АПА заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Г.І.Дабрынеўская і дырэктар гімназіі №1 Мінска імя Ф.Скарыны, кандыдат педагагічных навук, заслужаны работнік адукацыі Н.У.Бушная — аб’ядналі рэсурсы калектываў гімназій № 1 і № 14 Мінска, № 1 Барысава, № 7 Гродна, № 2 Магілёва, № 1 Наваполацка, № 4 Баранавіч, гімназію Рагачова. Менавіта па рэкамендацыі кансультантаў праекта члены інавацыйнай каманды з Беларусі прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі ў Смаленску.

З боку беларускіх удзельнікаў канферэнцыі было адзначана, што праблемы, якія стаяць перад кіраўнікамі сучасных устаноў адукацыі Беларусі і Расіі, падобныя, а таму ідэі, згенерыраваныя арганізатарамі дыскусіі — навукоўцамі і кіраўнікамі розных узроўняў, каштоўныя не толькі для кіраўнікоў расійскіх адукацыйных арганізацый. Лічбавая трансфармацыя сацыяльных інстытутаў, уплыў складаных знешніх сацыяльных умоў на адукацыйныя адносіны, на прэстыж настаўніцкай прафесіі, імклівыя змены заказу ад дзяржавы, эканамічных структур і ад законных прадстаўнікоў навучэнцаў — гэта толькі невялікі пералік тых рызык, якія абавязаны пераадолець эфектыўны кіраўнік.

Найбольш выразна тэарэтычныя і метадалагічныя падыходы да праблемы развіцця якасці адукацыйнага асяроддзя былі выкладзены ў выступленнях Пятра Іванавіча Траццякова, навуковага кіраўніка канферэнцыі, прафесара, доктара педагагічных навук, акадэміка Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук і Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі, заслужанага настаўніка Расійскай Федэрацыі. П.І.Траццякоў падкрэсліў выключную ролю настаўніка ў кіраванні развіццём якасці адукацыі ва ўмовах лічбавізацыі адукацыйных сістэм, абгрунтаваў неабходнасць валодання базавымі тэхналогіямі адукацыі. Кіраўнікам ад адукацыі прафесар настойліва рэкамендаваў узмацніць рэфлексіўны складнік педагагічнай дзейнасці на ўсіх узроўнях, паколькі эфектыўна кіраваць можна толькі па выніках, не выкарыстоўваючы гатовых мадэлей. Прафесар акцэнтаваў увагу на найважнейшай ролі ўзаемадзеяння фундаментальнай навукі і адукацыйнай практыкі.

Удзельнікі беларускай дэлегацыі з задавальненнем адзначылі, што беларускія ўстановы адукацыі пасля прафесійнай падрыхтоўкі педагагічных кадраў пры складанні праграм павышэння кваліфікацыі спецыялістаў уключаюць у іх пытанні вывучэння навуковых распрацовак у галіне кіравання якасцю адукацыі. Новымі для беларускіх слухачоў былі звесткі аб муніцыпальных праектах па падтрымцы якасці адукацыі ў школах з нізкімі вынікамі навучання і школах, якія функцыянуюць у неспрыяльных сацыяльных умовах.

Сёння любому кіраўніку адукацыйнай установы зразумела, што без мэтанакіраванай работы па развіцці дыялогу дзяржаўных і грамадскіх структур педагагічная грамадскасць не зможа эфектыўна вырашаць праблему развіцця якасці адукацыі. Пляцоўкі для падобнага дыялогу неабходны і ў Беларусі.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя — добры прыклад прасоўвання ідэй інтэграцыі ў імя адзінай мэты — выхавання чалавека, творцы свайго шчаслівага лёсу, здольнага стаць ініцыятарам і рэалізатарам станоўчых перамен у малым і вялікім соцыуме, захавальніка нацыянальных традыцый і ідэй гуманізму, актыўнага суб’екта грамадзянскай супольнасці, які гарантуе дзяржаўную бяспеку і мірную будучыню ўсёй планеты.

Аксана АЛІСІЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Барысава.