Кіраваць — значыць прыводзіць да поспеху іншых

- 12:06Адукацыйная прастора

Столінскі раён з’яўляецца самым буйным па плошчы і колькасці насельніцтва сельскім раёнам у Беларусі. Гэта адзін з самых аддаленых і самабытных раёнаў Брэстчыны, дзе пражывае каля 81 тысячы чалавек, у тым ліку больш за 2 тысячы мнагадзетных сем’яў.

На чале сістэмы адукацыі Століншчыны, у якой працуе каля 2,2 тысячы педагогаў, з 2008 года стаіць Аляксандр Мікалаевіч Вячорка. Нягледзячы на малады ўзрост, ён паспеў заслужыць аўтарытэт сярод калег.
Начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму лічыць, што дасягнуць поспеху ў рабоце можна толькі ў моцнай камандзе аднадумцаў-прафесіяналаў. Дзякуючы ім, прымаюцца правільныя кіраўніцкія рашэнні па пытаннях функцыянавання і развіцця адукацыйнай галіны.

— Па адукацыі вы настаўнік матэматыкі. Чаму выбралі педагагічную прафесію? Хто і што гэтаму пасадзейнічала?
— На выбар прафесіі паўплывалі школьныя настаўнікі. Мне падабаюцца канкрэтнасць і матэматычная дакладнасць. Мой бацька, вясковы ўрач, гаварыў: “Не верце, калі хто-небудзь скажа, што хоць адна дарога ў жыцці лёгкая”. Таму мы, яго дзеці, былі сарыентаваны на самыя адказныя і высакародныя прафесіі: брат стаў урачом, а я з сястрой — настаўнікамі. І ніколі пра свой выбар я не пашкадаваў.

Ці памятаеце свой першы ўрок? У каго вучыліся прафесійнаму майстэрству? Хто з’яўляецца для вас прыкладам сапраўднага педагога?
— Яшчэ як памятаю! Прафесійнаму майстэрству вучыўся ў калег, з якімі працаваў. Удзячны за сваё станаўленне як настаўніка і кіраўніка калектыву сярэдняй школы № 2 Рэчыцы, дзе пачынаў педагагічную дзейнасць.
Столінскі раён заўсёды вылучаўся моцным дырэктарскім корпусам. Работа і зносіны з такімі вопытнымі кіраўнікамі, як Іван Рыгоравіч Грышко, Валянціна Ксенафонтаўна Лецка, Зінаіда Рыгораўна Стоўба, Віктар Аляксандравіч Капітанаў і Ніна Герасімаўна Кульша, дапамагалі ў вырашэнні многіх пытанняў. Важна, што з іх боку былі не толькі парады, але і падтрымка.
Неаднаразова звяртаўся па дапамогу і да калег з іншых раёнаў вобласці. Вельмі ўдзячны за ўзаемаразуменне начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Камянецкага райвыканкама Віктару Мікалаевічу Грыцуку, які працуе на гэтай пасадзе больш за 20 гадоў, і былому начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама Васілю Мікалаевічу Басалаю, які працаваў на гэтай пасадзе больш за 30 гадоў. Асобныя словы падзякі хочацца сказаць былым начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Ніне Герасімаўне Кісель і Надзеі Уладзіміраўне Драко, а таксама тым людзям, з якімі працую цяпер. Заўсёды адчуваў падтрымку райвыканкама.
Гэтыя кіраўнікі з’яўляюцца для мяне і іншых добрым прыкладам. Сярод педагогаў жа варта ўзгадаць Надзею Іванаўну Кавалец, былую настаўніцу рускай мовы і літаратуры з Вялікамалешаўскай сярэдняй школы, адзінага ў Беларусі педагога — Героя Сацыялістычнай Працы. Парады гэтага чалавека неацэнныя ў рабоце кожнага педагога Століншчыны.

— Да сённяшняй пасады вы 10 гадоў працавалі дырэктарам школы, прычым сталі ім усяго пасля 1,5 года настаўніцтва. Адкуль і калі з’явілася імкненне да кіраўніцкай дзейнасці? З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся як малады кіраўнік і якія давялося пераадольваць падчас прафесійнага станаўлення?
— Асаблівых цяжкасцей не ўзнікала. Дапамагалі ўсе, да каго звяртаўся па дапамогу. Мая маладосць гаварыла сама за сябе: пакажыце, навучыце, раскажыце — і я выканаю. Але з кожным годам чамусьці пытанняў узнікала ўсё больш. Прыйшло разуменне таго, што неабходна пастаянна займацца самаадукацыяй. Асабліва спатрэбіліся веды, атрыманыя падчас павышэння кваліфікацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Як кіраўнік шмат карыснага атрымаў падчас вучобы ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Да перыяду работы школьным настаўнікам і дырэктарам звяртаюся да сённяшняга часу. Гэта дапамагае больш зразумець і нават вырашыць асобныя сітуацыі.

— Якімі чалавечымі і прафесійнымі якасцямі павінен валодаць сучасны кіраўнік?
— Ніколі не забываю словы Максіма Горкага: “Надзвычайная пасада — быць на зямлі чалавекам”. Гэтым і кіруюся ў жыцці.
Каб аб’яднаць усіх зацікаўленых удзельнікаў адукацыйнага працэсу, неабходна разумнае кіраўніцтва. Ад яго залежыць якасць работы ўстановы, накіраванай на развіццё асобы, падрыхтоўку яе да жыцця ў грамадстве.
Сучасны кіраўнік павінен валодаць станоўчымі чалавечымі і прафесійнымі якасцямі, такімі як адказнасць, справядлівасць, уменне слухаць і прымаць правільныя рашэнні. Акрамя таго, кіраўнік павінен быць прыхільнікам новых, перадавых пачынанняў, умець расстаўляць прыярытэты і перабудоўваць сваю работу і работу педагогаў у адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Добры кіраўнік павінен спалучаць высокую патрабавальнасць з добразычлівасцю.

— Сёння ў сістэме адукацыі, у тым ліку ў яе кіраўніцкім корпусе, мужчын вельмі мала. Наколькі гэтая праблема актуальная для Століншчыны? Ці істотна, па-вашаму, адрозніваецца стыль кіравання дырэктара-мужчыны ад стылю дырэктара-жанчыны?
— Для Століншчыны гэтая праблема неактуальная. У кіраўніцкім корпусе — пароўну мужчын і жанчын. Асаблівых адрозненняў паміж імі ў прафесійным плане няма. Кіраўніцкая пасада патрабуе адказнасці і гаспадарлівасці як ад мужчын, так і ад жанчын. Але кіраўнікі жанчыны больш гібкія. Галоўнае — стварыць каманду аднадумцаў. Тады праблемы будуць абавязкова вырашаны. А што да мужчын у адукацыі, то іх, лічу, неабходна берагчы.

— У сістэме адукацыі вы працуеце каля 20 гадоў. За гэты час бачылі розныя пакаленні настаўнікаў. Што аб’ядноўвае і што адрознівае іх? Кім ганарыцца сістэма адукацыі Століншчыны?
— Па маіх назіраннях, у прафесійным плане педагогі не вельмі змяніліся. Усе пакаленні настаўнікаў імкнуліся даць трывалыя веды вучням і выхаваць у іх лепшыя чалавечыя якасці. Толькі ў розных пакаленняў былі для гэтага розныя магчымасці і ўмовы. Заўважаю, што ў сённяшняга пакалення настаўнікаў больш парыву, летуценнасці.
Сістэма адукацыі Століншчыны ганарыцца сваімі выпускнікамі. Сярод іх — вядомая алімпійская спартсменка Надзея Астапчук, кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур, пісьменнікі Георгій Марчук, Леанід Дранько-Майсюк і многія іншыя.
Па выніках сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання 3 выпускнікі атрымалі па 100 балаў. У лік лепшых устаноў адукацыі па выніках ЦТ увайшлі 2 установы раёна. Дар’я Ракала з Церабяжоўскай сярэдняй школы двойчы адзначалася прэміяй спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў як пераможца заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

— Што, на вашу думку, неабходна для павышэння прэстыжу настаўніцкай працы?
— Прэстыж настаўніцкай прафесіі забяспечваюць педагогі. Менавіта ад іх стаўлення да сваёй справы залежаць адносіны грамадскасці да іх. Не сакрэт, што для большасці педагогаў — гэта нават не прафесія, а прызванне і лёс. Можна шмат разважаць пра цяжкасці прафесіі, але ніколі нельга забываць пра павагу да людзей, якія вучаць разумнаму, добраму, вечнаму.
Мне вельмі падабаюцца сімвалы настаўніцкай прафесіі (у Беларусі — “Крыштальны журавель”, у Расіі — “Ружовы пелікан”), якія ўвасабляюць імкненне наперад і поўную аддачу сваёй справе.

— У кожнага раёна ёсць пэўныя фішкі, якія вылучаюць яго на фоне іншых. Чым у гэтым плане можа пахваліцца Століншчына?
— Фішкай нашага раёна з’яўляецца яго густанаселенасць. Таму штогод у раёне адкрываюцца дашкольныя ўстановы. Сёлета яны з’явіліся ў вёсцы Рубель і Давыд-Гарадку.
Штогод каля 400 нашых выпускнікоў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, у тым ліку 120 — на педагагічныя спецыяльнасці. Палова з іх вяртаецца на малую радзіму, астатнія працуюць ва ўстановах адукацыі іншых рэгіёнаў краіны.
На Століншчыне вельмі багатая аўтэнтычная культура, да якой далучаюцца ўсе вучні.

— У якім напрамку, па-вашаму, павінна развівацца сістэма адукацыі ў найбліжэйшай перспектыве ў краіне ў цэлым і ў Столінскім раёне ў прыватнасці?
— Змены, якія амаль штогод адбываюцца ў сістэме адукацыі, сведчаць пра тое, што ў краіне апрабуюцца ўсе магчымыя шляхі па аптымізацыі адукацыйнай галіны і фарміраванні высокаадукаванай асобы. Прыярытэтамі павінны быць развіццё сеткавага ўзаемадзеяння, фарміраванне адукацыйнага асяроддзя на базе воблачных тэхналогій, распаўсюджванне дыстанцыйнай формы навучання. Для гэтага неабходна мадэрнізацыя тэхнічнай інфраструктуры.
З увядзеннем профільнага навучання, лічу, варта стварыць профільныя ўстановы адукацыі: мастацкія, музычныя, лінгвістычныя, тэхналагічныя і г.д.
Сістэма адукацыі Століншчыны ідзе ў нагу з часам, чуйна рэагуючы на змены, якія адбываюцца ў краіне. Нашым установам неабходна актывізаваць сацыяльнае партнёрства з УВА і павысіць магчымасці прафесійнага навучання, прадоўжыць работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы вучэбных кабінетаў.

— Чым асабліва ганарыцеся ў сваёй рабоце? Чаму вас навучыў амаль 20-гадовы кіраўніцкі вопыт?
— Ганаруся таленавітымі педагогамі і зладжанай камандай з ліку спецыялістаў і метадыстаў, якія дазваляюць паспяхова вырашыць усе надзённыя задачы. Мае асноўныя жыццёвыя і прафесійныя прынцыпы гучаць так: “Кіраваць — значыць прыводзіць да поспеху іншых” і “Кіраваць — значыць прадбачыць станоўчыя змены”.

— Вельмі радуе, што на працягу многіх гадоў педагогі Століншчыны з’яўляюцца аднымі з найбольш актыўных чытачоў “Настаўніцкай газеты” на Брэстчыне. Чым, па-вашаму, абумоўлены стабільны інтарэс да прафесійнага выдання і пра што гэта сведчыць?
— А хіба можа быць інакш?! Гэта ж наша прафесійнае выданне, якое дазваляе быць інфармаваным пра тое, што адбываецца ў сістэме адукацыі краіны і нават за яе межамі.
“Настаўніцкую газету” чытаю з задавальненнем. Канечне, перш за ўсё знаходжу навіны з Брэстчыны, а потым — станоўчы вопыт кіраўніцкай дзейнасці. Цікаўлюся эфектыўнай практыкай работы настаўнікаў. Ведаю меркаванні педагогаў Століншчыны пра тое, што ім таксама цікавы матэрыялы “Настаўніцкай газеты”.

Гутарыў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.