Кірмаш ідэй, вопыту, крэатыву

- 15:30Адукацыйная прастора

Абласны метадычны кірмаш “Ад ідэі да творчасці” прайшоў у Гродне

У мерапрыемстве, арганізаваным для настаўнікаў-прадметнікаў Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, прынялі ўдзел каля 1000 педагогаў. Члены асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Дыямант-студыя” з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці прапанавалі свае педагагічныя ідэі і аўтарскія матэрыялы. Упершыню метадычны кірмаш адбыўся ў дыстанцыйнай форме.

У першы дзень прайшлі 6 метадычных адукацыйных мерапрыемстваў, сярод іх — гульня-практыкум для педагогаў пачатковых класаў, некалькі метадычных майстэрняў, майстар-класы педагогаў па розных кірунках. Яны тычыліся ў асноўным выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, прыёмаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу.

— Розныя прыёмы мастацкага пісьма прадставілі педагогі. Сярод іх — наша гуру эпісталярнага жанру настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 1 Скідзеля Наталля Іванаўна Чаркес, удзельніца шматлікіх міжнародных конкурсаў, якія тычацца рускай мовы і літаратуры, выкарыстання розных педагагічных тэхналогій у адукацыйным працэсе, дзе яна прадстаўляе вопыт і свой, і вучняў, — расказала начальнік упраўлення метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА Марына Дабрадушанка.

Настаўніца пачатковых класаў Васілішкаўскай сярэдняй школы Святлана Антонаўна Ханько асвоіла інфармацыйныя тэхналогіі, не маючы адукацыі ў галіне інфарматыкі, прайшла навучанне на розных дыстанцыйных курсах, з’яўляецца педагогам-інаватарам, эксперыментатарам, прымала ўдзел у эксперыментальным праекце ўкаранення адукацыйнай мадэлі “1 вучань — 1 камп’ютар”. На кірмашы яна прадэманстравала, як можна правесці ўрок цікава, уключыць дзяцей у ­актыўную вучэбна-пазнавальную дзейнасць з дапамогай розных інфармацыйных сэрвісаў. Усё гэта было прадстаўлена вельмі крэатыўна, у выглядзе гульні-практыкуму “Урок як кубак кавы”. Водары кавы педагог падала праз розныя прыёмы, якія можна выкарыстоў­ваць на ўроку, калі трэба дадаць нейкую іскрыначку, зрабіць акцэнт. Пры гэтым падключыла розныя сэрвісы і, вядома, прапанавала педагогам шмат матэрыялаў, якія яны маглі ў рамках кірмашу захаваць сабе і затым выкарыстоўваць у адукацыйнай практыцы.

Не менш цікавым, разнапланавым быў другі дзень кірмашу. Калі ў першы дзень у асноўным вопытам дзяліліся філолагі, то ў другі — настаўнікі хіміі, біялогіі, геаграфіі, гісторыі, інфарматыкі, працоўнага навучання, музыкі. Настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Ваўкавыска Ірына Багданаўна Клак прэзентавала маршрутны ліст па дыстанцыйным навучанні. Настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 16 Ліды Святлана Іванаўна Гагалушка — майстар-клас “QR-код на ўроках працоўнага навучання: стварэнне і прымяненне”. З дапамогай QR-кодаў педагог паказала, як можна кіраваць адукацыйным працэсам і зрабіць яго цікавым, у той жа час атрымліваць хуткую зваротную сувязь.

Шырока былі прадстаўлены камунікатыўныя, інтэрактыўныя метады работы. Адзін з напрамкаў — самаменеджмент. Настаўнік-метадыст Ёдкаўскай сярэдняй школы Леа­нід Часлававіч Шафарэвіч, які сёлета стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2020”, на майстар-класе паказаў прыёмы самаменеджменту на ўроку — як кіраваць сваёй дзейнасцю.

Яшчэ адзін удзельнік — настаўніца музыкі Гродзенскай гарадской гімназіі Святлана Міхайлаўна Адамчук (яна ўвайшла ў васьмёрку суперфіналістаў конкурсу “Настаўнік года — 2020”) — прадставіла розныя прыёмы развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў з дапамогай метадаў эўрыстычнага навучання. Яна гэта паказала на прыкладзе ўрока музыкі, аднак гэта можна рэалізаваць і на іншых прадметах.

— Вельмі прыемна, што педагогі цікавяцца вопытам іншых прадметнікаў, бо кожны можа прымяніць яго ў сваёй прадметнай галіне, — адзначыла Марына Дабрадушанка. — Адметнасцю мерапрыемства стала форма прэзентацыі. Папярэдне кожны ­ўдзельнік запісаў невялікі відэаролік або прэзентацыю — адным словам, прарэкламаваў тое, аб чым будзе гаварыць на кірмашы. Важна было прыцягнуць удзельнікаў да свайго метадычнага адукацыйнага мерапрыемства. Калегі заходзілі на сайт, праглядалі рэкламныя ролікі і адразу ж маглі зарэгістравацца на метадычнае мерапрыемства, можна было выбраць адно або ўсе 13.

На метадычным кірмашы настаўнікі шырока прадставілі прыёмы даследчай дзейнасці, іх рэалізацыю праз прадметныя галіны. Вопыт адных стаў для іншых штуршком рухацца ў новым для сябе кірунку.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ГрАІРА.