Кiрмаш на вулiцы Шапэна, 5

Незабыўнае свята для вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска — традыцыйны школьны кірмаш. Вось і цяпер школа запрасіла ўсіх ахвотных наведаць “Кірмаш на Шапэна”.

Адкрылі мерапрыемства канцэртам узыходзячых зорак школы. Вясёлымі прадстаўленнямі маладыя таленты зазывалі гасцей i пакупнікоў на свята.

У Год малой радзімы кожны клас прадставіў багаты стол, аформлены і ўпрыгожаны ў беларускім народным стылі. Юнакі паўсталі перад публікай у нацыянальных строях — у саламяных капелюшах і кашулях з беларускім арнаментам. Дзяўчаты апранулі самабытныя спадніцы, вышываныя кашулі і галаўныя ўборы са стужкамi. Кожны пастараўся на славу!

Кірмаш парадаваў багатым асартыментам: садавіна і гародніна, жывыя расліны і вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, зробленыя сваімі рукамі. А як жа без пачастункаў? Тут і торты, і піражкі, і пячэнне — усяго не пералічыш. Не было адбою ад пакупнікоў каля сталоў малодшых класаў: іх вучні аказаліся спрытнымі гандлярамі і ўдала рэкламавалі свае тавары.

Прыемна, што побач з навучэнцамі знаходзіліся іх бацькі, класныя кіраўнікі, сябры. Школьны кірмаш адметны тым, што дзецi і бацькі могуць праявіць свае таленты, майстэрства, фантазію і знаходлівасць.

Д.В.ПАБУДЗЕЙ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.