На базе Фядорскага ясляў-сада Столінскага раёна прайшоў міжраённы кірмаш педагагічных ідэй выхавальнікаў дашкольных устаноў. Педагогі Столінскага і Пінскага раёнаў дзяліліся цікавымі напрацоўкамі і даведваліся пра адрасы лепшага вопыту калег.
Кірмаш праходзіў у форме стэндавых прэзентацый аўтарскіх матэрыялаў педагогаў і майстар-класаў. Удзельнікі мерапрыемства набывалі і прадавалі напрацоўкі па розных напрамках адукацыйнай дзейнасці. Так, выхавальніца Вольга Анатольеўна Мышапуд з ясляў-сада № 1 Століна прэзентавала вопыт выкарыстання музейнай педагогікі ў дашкольнай адукацыі і азнаёміла калег з дзейнасцю міні-музея пісьменнасці. Кіраўнік фізічнага выхавання Ларыса Паўлаўна Літвінка з ясляў-сада № 3 Століна расказала пра сістэму работы па алімпійскай адукацыі дашкольнікаў. Выхавальніца Марыя Іванаўна Пешка з Альманскага ясляў-сада падзялілася напрацоўкамі па фарміраванні ў дзяцей уяўленняў пра прыроду роднага краю праз выкарыстанне праектнага метаду навучання і прэзентавала праекты “Альманскі заказнік”, “Журавіны” і “Чарніцы”. Загадчыца Церабяжоўскага ясляў-сада Святлана Міхайлаўна Новік азнаёміла калег з сюжэтна-ролевай гульнёй “Медыцынскі цэнтр” для рознаўзроставай групы. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Століна Святлана Мікалаеўна Ляшкевіч прадавала ідэі па добраўпарадкаванні тэрыторыі дашкольнай установы. Загадчыца рэчыцкага ясляў-сада № 3 Таццяна Канстанцінаўна Карпінская падзялілася вопытам арганізацыі і правядзення педсаветаў.
З цікавымі напрацоўкамі прыехалі педагогі з Купяціцкага, Лагішынскага і Парахонскага ясляў-садоў, а таксама з ясляў-сада № 4 Пінскага раёна.
Выхавальніца Таццяна Міхайлаўна Гойка з ясляў-сада № 3 Століна правяла майстар-клас “Казачныя лабірынты і гульні В.В.Васкабовіча ў рабоце з дзецьмі малодшага дашкольнага ўзросту”, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Століна Алена Віктараўна Мошчанка — “Інтэрактыўныя формы работы з кадрамі”, выхавальніца Галіна Аляксандраўна Дульская з рэчыцкага ясляў-сада № 3 — “Маўленчае развіццё дашкольнікаў сродкамі ТРВЗ”, выхавальніца Наталля Аляксандраўна Машлякевіч з Хорскага ясляў-сада — “Развіццё цікавасці да нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пры арганізацыі лепкі з гліны”.
Вялікую цікавасць удзельнікаў кірмашу выклікалі майстар-класы педагогаў Пінскага раёна, прысвечаныя ручной творчасці, выкарыстанню тэхнікі канзашы, арганізацыі лялечнага тэатра “Батлейка”, вырабу атрыбутыкі з паралону для тэатральна-гульнявой дзейнасці.
— Кірмаш вучыць педагогаў дастойна ацэньваць сябе і сваю працу, быць мабільным і запатрабаваным, дазваляе наладжваць прафесійныя зносіны і абменьвацца карысным вопытам, папоўніць уласны багаж ведаў і павысіць педагагічнае майстэрства, — адзначыла метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Н.А.Кавальская.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.