Кірмаш валанцёрскіх ініцыятыў

- 11:51Навіны рэгіёнаў

Валанцёр — гэта чалавек з вялікай душой, які спяшаецца рабіць добрыя справы. Валанцёрская дзейнасць набірае ўсё большую папулярнасць сярод моладзі, што не можа не радаваць. І гэтыя пачынанні маюць падтрымку. У Барысаве адбыўся IV форум дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў “Кірмаш валанцёрскіх ініцыятыў”.

Маладыя людзі Барысава і раёна даўно зарэкамендавалі сябе як неабыякавыя і актыўныя грамадзяне. Яны ініцыіравалі і ажыццявілі мноства цікавых праектаў. У раёне дзейнічаюць валанцёрскія атрады БРСМ, БРПА, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Асацыяцыі беларускіх гайдаў і Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Абменьвацца вопытам і прапагандаваць валанцёрскую дзейнасць менавіта ў форме “кірмашу” барысаўскія актывісты пачалі чатыры гады назад. Першы “Кірмаш валанцёрскіх ініцыятыў” дазволіў дзецям пазнаёміцца з дзеючымі валанцёрскімі аб’яднаннямі, выбраць для сябе цікавы занятак на гульнявых майстар-класах, трэнінгах, у майстэрнях па падрыхтоўцы валанцёраў, творчых майстэрнях. Другі форум заклікаў іх выказаць сваё меркаванне аб розных аспектах валанцёрства, была выказана думка аб неабходнасці стварэння ў Барысаве школы валанцёраў. Трэці форум быў прысвечаны Году моладзі і 70-годдзю ААН. Удзельнікі падвялі вынікі Года моладзі ў Барысаўскім раёне і абмеркавалі Мэты развіцця тысячагоддзя, распрацаваныя на саміце ААН, пазнаёміліся з ініцыятывай “Экспрэс ААН-70”.

Чацвёрты форум дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў быў прысвечаны Году культуры, Міжнароднаму дню валанцёра і XIX Сусветнаму фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы. Самых творчых, таленавітых і актыўных форум сабраў пад дэвізам “Мары спраўджваюцца!”.

У гімназіі № 1 Барысава, дзе і адбывалася мерапрыемства, сабралася больш за 200 удзельнікаў. Да барысаўчан далучыліся прадстаўнікі клубаў ЮНЕСКА са Слуцкага раёна і Мінска. На інтэрактыўнай выставе падлеткі маглі пазнаёміцца з разнастайнымі відамі актыўнага адпачынку, якія даступны ў горадзе. Госці мерапрыемства гулялі ў “мафію”, лазертаг і пазнавальную камп’ютарную гульню-віктарыну, прысвечаную Барысаву. Яны пазнаёміліся з квест-румам, антыкафэ, клубам гістарычнай рэканструкцыі “Баявая спадчына”, праектам “МыЗаТанцы!” і інш.

Далей падлеткаў чакалі 9 трэнінгавых пляцовак, дзе яны абмяркоўвалі тое, што турбуе моладзь, праблемы і перспектывы, з якімі яны сустракаюцца ў сваім жыцці, якія бачаць навокал. На кожнай пляцоўцы ўдзельнікі мерапрыемства распрацоўвалі сацыяльныя праекты. Далей яны былі прадстаўлены на суд журы і гледачоў. Падлеткі прапанавалі праекты, закліканыя дапамагчы бяздомным жывёлам, арганізаваць у Барысаве маладзёжны рок-фестываль, а таксама праводзіць трэнінгі, якія б дапамаглі маладым людзям усталёўваць узаемаадносіны з іншымі людзьмі. Пераможцамі сталі праекты “Вольны час” і Life school. Першы праект прапаноўвае арганізаваць пэўную маладзёжную прастору, месца, дзе дзеці і падлеткі маглі б займацца любімымі захапленнямі, сустракаць аднадумцаў. Ідэя праекта Life school у тым, што неабходна развіваць нефармальную адукацыю — праводзіць трэнінгі па запытах, па тэмах, якія хвалююць моладзь, напрыклад, узаемаадносіны з бацькамі, булінг, кіраванне фінансамі і г.д.

Скончылася мерапрыемства запальнымі танцавальнымі флэш-мобамі, якія падрыхтавалі ўдзельнікі клуба ЮНЕСКА “Маладзёжны парламент” з Барысава. Так што госці пакідалі кірмаш з цудоўным настроем, а таксама новым вопытам, ведамі, задумкамі.

— Я лічу, што менавіта ў такой творчай і нязмушанай атмасферы нараджаюцца новыя, свежыя ідэі, — дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца форуму Эдуарда Хорава, член клуба ЮНЕСКА “Маладзёжны парламент”. — Можна прапаноўваць, аспрэчваць, развіваць ідэі, мець зносіны з людзьмі, пазнаваць нешта новае і цікавае. У выніку можна атрымаць нядрэнныя праекты, ацаніць сваю работу. Кірмаш валанцёрскіх ініцыятыў — добрая магчымасць атрымаць вопыт і веды. Як вядома, лепш за ўсё мы засвойваем матэрыял, які прапускаем праз сябе і праходзім на практыцы.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена клубам ЮНЕСКА “Маладзёжны парламент”.