Кірунак па гусце

- 14:23Якасць адукацыі

Сярэдняя школа № 1 Бярозы, што на Брэстчыне, пастаянна вызначаецца сярод навучальных устаноў раёна сваімі інавацыямі ў адукацыйным працэсе. Яна даўно вядома дзейнасцю кадэцкіх класаў, профільным вывучэннем вучэбных прадметаў на ІІІ ступені і дзейнасцю факультатываў мастацка-архітэктурнага ўхілу. На сёння гэта адзіная школа Бярозаўшчыны, дзе навучэнцы не толькі атрымліваюць якасны ўзровень ведаў, але і фарміруюць мастацкі густ, уменне бачыць і ствараць прыгожае, вучацца маляваць на добрым узроўні.

Зараз у школе, акрамя факультатыўных заняткаў па выяўленчым мастацтве, эфектыўна выкладаецца і працоўнае навучанне ў 10-х базавых класах па спецыяльнасці “Жывапісец”. Адміністрацыі сярэдняй школы № 1 Бярозы перад пачаткам гэтага навучальнага года не трэба было доўга думаць, якімі спецыяльнасцямі зацікавіць сваіх дзесяцікласнікаў. З першых дзён навучання жывапіс выбралі 14 вучняў установы, і да іх далучыліся яшчэ 24 навучэнцы з іншых школ горада і найбліжэйшых вёсак.

Валерый Уладзіміравіч Наумлюк, вопытны настаўнік выяўленчага мастацтва і па сумяшчальніцтве працоўнага навучання, расказвае, што не разгубіўся і адразу склаў вучэбную праграму па жывапісе. У яе ўвахо­дзіць тры модулі: “Жывапіс”, “Графіка” і “Камп’ютарная графіка”. Два першыя раздзелы вывучаюцца ў спецыялізаваным вучэбным кабінеце выяўленчага мастацтва. Кабінет даўно з’яўляецца гордасцю раёна. Ужо не адна дэлегацыя педагагічных работнікаў наведала гэты арт-аб’ект у час правядзення абласных семінараў. Клас вызначаецца сваім эстэтычным афармленнем. Са сцен наведвальніку адразу кідаюцца ў вочы лепшыя карціны выпускнікоў, партрэты мастакоў-класікаў, настаўніцкія і вучнёўскія граматы і дыпломы за ўдзел у шматлікіх выставах.

Па кутках знаходзяцца прыгожыя выставы-нацюрморты са штучнай садавіны, агародніны і посуду, уражваюць белыя скульптуры-разеткі. Для зручнасці дэманстрацыі нагляднасці і пошуку інфармацыі ў інтэрнэце ўсталяваны на галоўную сцяну сучасны тэлевізар. Пасярод кабінета знаходзяцца — святая святых — звычайныя мальберты, за якімі і працуюць навучэнцы.

Раздзел вучэбнай праграмы “Камп’ю­тарная графіка” выкладаецца ў кабінеце інфарматыкі. Тут дзесяцікласнікі асвойваюць праграмны рэдактар Photoimpact 12 з мэтай малявання геаграфічных фігур, стварэння анімацыйнага тэксту і малюнкаў, апрацоўкі фотаздымкаў, работы са слаямі і інш.

Валерый Уладзіміравіч радуецца поспехам вучняў, іх наведванню і вынікам. Калі паглядзець у класны журнал дзесяцікласнікаў, то па ўсіх раздзелах вучэбнай праграмы юныя жывапісцы атрымліваюць “дзявяткі” і “дзясяткі”, не прапускаюць без прычын вучэбныя заняткі.

— Няхай дзеці не стануць прафесійнымі мастакамі, — працягвае Валерый Ула­дзіміравіч, — але ўменне маляваць, безумоўна, спатрэбіцца ім у жыцці. Падабраць колеравую гаму для сцен свайго пакоя, распісаць сваімі рукамі хатні куток, намаляваць на дзень нараджэння сябра пейзаж ці яго партрэт — вось далёка не поўны пералік уменняў, якія дапамогуць старшакласнікам паспяхова сацыялізавацца і здзівіць сваіх сяброў. Самае галоўнае  — гэтыя заняткі дапамогуць выпускнікам у будучыні стаць дастаткова падрыхтаванымі абітурыентамі, каб потым здаць уступны ўнутраны экзамен ва УВА ці каледж, напрыклад, на настаўніка выяўленчага мастацтва, дызайнера, мадэльера, цырульніка, архітэктара і, вядома ж, мастака. Такі вопыт ужо ў 1-й школе ёсць. Нашы выпускнікі па­стаянна выказваюць па­дзяку адміністрацыі і настаўнікам за выдатную падрыхтоўку.

Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.