“Кішэнная” экалогія

Работнікі дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці прадэманстравалі эфектыўны педагагічны вопыт падчас абласнога фестывалю педагагічнага майстэрства педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі “Крок у будучыню”. З дапамогай анлайн-галасавання былі вызначаны лепшыя экспанаты інтэрактыўнай выставы “Экаленд” і лепшыя метадычныя матэрыялы. У намінацыі “Мая педагагічная знаходка” першае месца атрымаў калектыў ясляў-сада № 26 Ліды з праектам “Кішэнная” экалогія”.

Аўтары праекта — выхавальніцы Наталля Славаміраўна Грынчанка, Алена Рыгораўна Каспяровіч і настаўнік-дэфектолаг Таццяна Юр’еўна Жыжыч. На фестывалі педагогі прадставілі серыю выдавецкай міні-прадукцыі, прызначаную не толькі для выхаванцаў, але і для іх мам, татаў, бабуль і дзядуляў, каб далучыць іх да адукацыйнага працэсу па экалагічным выхаванні. Спецыялісты стварылі кішэнныя нататнікі, закладкі, магніты, сцяжкі, Mini Book, Shoko Box і інш. Работа вялася на працягу месяца. Матэрыялы зараз прахо­дзяць апрабацыю ў адной з груп.

“Усе дзеці ў той ці іншай форме ўзаема­дзейнічаюць з прыродай. Іх прыцягваюць зялёныя лугі і лясы, яркія кветкі, матылі і г.д. Бясконцы свет прыроды абуджае жывую цікавасць, дапытлівасць, заахвочвае да мастацка-маўленчай дзейнасці, гульні, — адзначае настаўнік-дэфектолаг Таццяна Юр’еўна Жыжыч. — Вельмі важна, каб малыя раслі выхаванымі, з цікавасцю і беражліва ставіліся да ўсяго жывога, былі сябрамі прыроды, радаваліся, усведамляючы сябе яе часткай, каб у іх былі сфарміраваны ўяўленні аб агульных для жывых істот (чалавека, жывёл, раслін) прыкметах. Серыя міні-прадукцыі “Кішэнная” экалогія”, якая будзе знаходзіцца пад рукой, падкажа, як паводзіць сябе ў прыродзе, чым заняць дзіця дома і на прыродзе, у падарожжы, а таксама прапануе цікавыя пазнавальныя гульні і гульнявыя заданні па азнаямленні з прыродай, якія развіваюць у дашкольнікаў мысленне, маўленне, увагу, памяць, уяўленне”.

На пытанне “Што такое добра, што такое дрэнна?” дапамогуць адказаць сцяжкі “Наша дружная сям’я — мама, тата і экалогіЯ”. З дапамогай дазваляльных і забараняльных знакаў, размешчаных на сцяжках, дзіця зможа засвоіць правілы паводзін у прыродзе.

Абудзіць у малышоў цікавасць да прыроды, паказаць яе прыгажосць можна не толькі праз непасрэдныя зносіны з жывёламі і раслінамі, гульні, але і праз літаратурныя творы. Яркія фарбы, прыгожыя мелодыі, мастацкае слова прыцягваюць дзіця, абуджаюць у яго асацыятыўнае мысленне, уяўленне, фантазію, жаданне пазнаваць, тварыць. Усе малышы любяць казкі, апавяданні і павучальныя гісторыі. Бацькі мо­гуць паспрабаваць разам з імі скласці пазнавальныя апавяданні пра прыроду, якія дапамогуць развіць маўленне, цікавасць і, вядома, правесці час з карысцю. Гэта можна зрабіць з дапамогай серыі Mini Book “Вучымся з мамай расказваць…” — невялікіх кніжачак, складзеных гармонікам (памер аднаго вырабу — 8,5 на 12 см).

Вялікае выхаваўчае значэнне маюць сямейныя паездкі ў лес, на раку ці возера. У непасрэдных зносінах з прыродай у дзяцей развіваецца назіральнасць, дапытлівасць, цікавасць. Калі бацькі з дзецьмі адпраўляюцца ў паход у лес, пажадана паўтарыць правілы паводзін у лесе. Педагогі прапануюць зрабіць гэта з дапамогай яркіх магнітаў “Лясны этыкет” (памер аднаго вырабу — 8 на 14 см), на якіх занатаваны важныя парады: не збівай неядомыя грыбы — яны неядомыя для нас з табой, але служаць ежай і лекамі многім жывёлам; не ламай дрэў, не выразай на іх надпісаў — ад гэтага яны сохнуць і гінуць; у лесе хадзі па дарожках або сцяжынках — у траве жыве шмат маленькіх жывёл, якіх можна незнарок раздушыць, акрамя таго, ты можаш загубіць рэдкую расліну; не рві кветак — яны  крыніца нектару для матылькоў і пчол, акрамя таго, сарваныя расліны хутка загінуць і не дадуць насення, а не будзе насення — не будзе і цудоўных кветак і інш.

З серыі буклетаў “Дзіўны свет прыроды” (“Прагулка ў прыроду”; “Памочнікі прыроды”; “Сартаванне адходаў”; “Гуляем усёй сям’ёй”, “Самае лепшае адкрыццё — тое, якое дзіця робіць само”) бацькі даведаюцца, як можна арганізаваць доследы і эксперыменты ў дамашніх умовах, што рабіць са смеццем, як дапамагчы прыродзе.

Камплект закладак-лінеек “Вясёлае падарожжа па порах года” накіраваны на замацаванне ўяўленняў аб сезонных зменах у прыродзе, з дапамогай якіх дзіця паўтарае прыкметы пор года.

Кішэнныя нататнікі “Прыказкі і прымаўкі паўтарай — поры года вывучай” (памер аднаго вырабу — 7 на 10 см) дапамогуць дзяўчынкам і хлопчыкам, а таксама іх бацькам паўтарыць прыказкі і прымаўкі на беларускай мове,  успомніць прыкметы пор года. Напрыклад, па тэме “Нясе завеі Беласнежка-фея” размешчаны трапныя выразы: “Зіма без снегу — лета без хлеба”, “Жураўлі ляцяць нізка — зіма ўжо блізка”, “Зімовы дзянёк, што камароў насок”, “Зімою сонца свеціць, ды не грэе”, “Зіма — ліха, а без зімы яшчэ горш”.

Калі малыш засумаваў, то настрой яму падыме яркая і прыгожая ўпакоўка маленькага салодкага пачастунку з набору Shoko Box “5 крокаў па арганізацыі экалагічнага выхавання дзяцей у сям’і” (памерам 17 на 12 см), якая нагадае малому пра асноўныя напрамкі экалагічнага выхавання ў сям’і. Шакаладку малыш з задавальненнем з’есць, а на абгорт­цы разам з бацькамі прачытае карысную інфармацыю: звяртайце ўвагу дзіцяці на прыроду вакол нас; хадзіце ўсёй сям’ёй у лес; чытайце кнігі і часопісы аб прыродзе; вучыце дзяцей беражліва ставіцца да прыроды; вучыце дзяцей сартаваць смецце.

Серыя “Кішэнная” экалогія” дазволіць бацькам удакладніць, пашырыць, замацаваць і ацаніць уяўленні малышоў пра аб’екты і з’явы прыроды. А таксама дапамагчы дзецям стаць уважлівымі да свету прыроды і да ўсяго, што ў ім адбываецца, заняць пазіцыю абаронцы і стваральніка прыгажосці на Зямлі. Эмацыянальная спагадлівасць, радасць і ўпэўненасць пазнання, цікавасць, нецярпенне і хваляванне ад сустрэчы з невядомым — усё гэта чакае дзяцей пры знаёмстве з прыродай. Не забудзьце пры гэтым узяць з сабой “Кішэнную” экалогію” — маленькага гіда па экалагічным выхаванні!

Надзея ЦЕРАХАВА.