Кітай адыграў вырашальную ролю ва ўзмацненні абараназдольнасці Беларусі

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з членам Цэнтральнага ваеннага савета, членам Дзяржсавета, міністрам абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі Вэем Фэнхэ.

“У наш час вы адыгралі вырашальную ролю ва ўзмацненні абараназдольнасці Беларусі. Вы дапамаглі нам стварыць самыя сучасныя касмічныя падраздзяленні, адправіць на арбіту самы сучасны спадарожнік. Мы з вамі стварылі ў Беларусі самы сучасны цэнтр кіравання палётамі. Вы дапамаглі нам стварыць самае сучаснае ракетнае ўзбраенне для беларускай арміі. На падставе гэтага, я думаю, мы стварылі больш сучасныя ўзоры ракетнага ўзбраення, якія зацікавяць ужо і вашу армію. Я ўдзячны вам за тую бязвыплатную дапамогу, якую вы аказваеце нашай арміі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь у даўгу не застанецца. “Вы гэта павінны ведаць, і ўсё кіраўніцтва Кітая павінна аб гэтым ведаць”, — сказаў ён.

“Вы нам падставілі плячо ў самы складаны час, калі ўвесь Захад увёў санкцыі супраць Беларусі. Мы гэта помніць будзем доўга. У вас ёсць тут надзейныя сябры”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады гэтай сустрэчы. “Тым больш ёсць аб чым пагаварыць. Я перш за ўсё хачу павіншаваць вас з паспяховым завяршэннем усіх палітычных кампаній і баталій у КНР і канстатаваць факт стабільнасці ў палітычных і сацыяльных адносінах у Кітайскай Народнай Рэспубліцы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі папрасіў яшчэ раз асабіста перадаць Старшыні КНР Сі Цзіньпіну самыя добрыя віншаванні і пажаданні.

Звяртаючыся да міністра абароны Кітая, Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў Вэя Фэнхэ з назначэннем на найвышэйшую пасаду не толькі ва ўрадзе Кітая, але і з тым, што ён стаў на чале адной з наймагутнейшых армій свету.

“Хачу падзякаваць у вашай асобе кіраўніцтву КНР за тую неацэнную эканамічную, фінансавую падтрымку, якую вы аказваеце Беларусі. Асаблівая ўдзячнасць вам за тое ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, якое склалася паміж нашымі краінамі”, — сказаў беларускі лідар.