Кітай: cтаршыня КНР Сі Цзіньпін заклікаў да прасоўвання рэформ і інавацый адукацыі за кошт IT

Важнасць гэтага пытання кіраўнік краіны адзначыў у сваім прывітанні да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі “Інфарматызацыя адукацыі”, якая днямі адбылася ў Цындаа. У пасланні Старшыня КНР заклікаў да прасоўвання рэформ і інавацый у адукацыйнай сферы за кошт развіцця інфармацыйных тэхналогій.

“Неабходна стварыць сеткавую, лічбавую, індывідуальную сістэму, якая дазваляла б чалавеку ўдасканальваць сваю адукацыю на працягу ўсяго жыцця”, — адзначыў Сі Цзіньпін, падкрэсліўшы важнасць стварэння “грамадства, якое вучыцца”, дзе кожны чалавек можа вучыцца ў любы час і ў любым месцы.
Назваўшы падрыхтоўку інавацыйных спецыялістаў найважнейшай задачай чалавецтва, кіраўнік кітайскай дзяржавы адзначыў, што КНР прыкладае нястомныя намаганні для прасоўвання інфарматызацыі адукацыі, распаўсюджвання высакаякасных адукацыйных рэсурсаў з дапамогай IT. Ён паабяцаў скарачаць інфармацыйны разрыў паміж горадам і вёскай, а таксама паміж рознымі рэгіёнамі краіны.
Старшыня КНР заявіў пра гатоўнасць Кітая разам з астатнім светам пашыраць пляцоўкі міжнароднага абмену і супрацоўніцтва, актыўна паскараць інтэграцыйнае і інавацыйнае ўзаемадзеянне паміж IT і адукацыяй.
Ініцыятарамі цяперашняй канферэнцыі выступаюць Міністэрства адукацыі КНР і ЮНЕСКА. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі звыш 90 дзяржаў, міжнародных арганізацый і прадпрыемстваў.