Кітай: для навучання за мяжой кітайскія студэнты часта выбіраюць Японію

- 11:19Паралелі, Рознае

На апошнім курсе навучання студэнтка Тяньцзіньскага навукова-тэхнічнага ўніверсітэта Чжу Цяньлін некалькі разоў падавала заявы на паступленне ў навучальныя ўстановы Японіі. 

Напярэдадні выпуску дзяўчына атрымала пісьмовае паведамленне аб залічэнні ва Універсітэт Ціба на спецыяльнасць “Садоўніцтва”. “Мая шматгадовая мара збылася”, — гаворыць яна. — Бацькі ўхваляюць мой выбар”.
Акрамя Чжу Цяньлін, яшчэ больш за 10 студэнтаў Тяньцзіньскага навукова-тэхнічнага ўніверсітэта прынялі рашэнне прадоўжыць навучанне ў Японіі.
Сёння Краіна ўзыходзячага сонца па-ранейшаму застаецца адной з найбольш прыцягальных для навучання за мяжой сярод кітайскай моладзі. Паводле даных, апублікаваных на сайце японскай арганізацыі дапамогі студэнтам, колькасць кітайцаў сярод замежных студэнтаў застаецца адносна стабільнай і па стане на май 2013 года складала 97,9 тысячы чалавек. Гэта каля 60% усіх замежных студэнтаў, якія вучацца ў Японіі. Дырэктар Інстытута японскай мовы Тяньцзіньскага ўніверсітэта замежных моў Чжу Пэнсяо лічыць, што галоўнай прычынай прывабнасці японскіх ВНУ з’яўляецца адносна развітая сістэма адукацыі Японіі. Акрамя гэтага, прытоку кітайскіх студэнтаў паспрыяла і дэвальвацыя іены, якая зрабіла навучанне ў Японіі больш даступным.
Са свайго боку, Японія таксама з’яўляецца адным з найбуйнейшых “пастаўшчыкоў” замежных студэнтаў у Кітай. У 2013 годзе яна заняла 4-е месца сярод усіх краін, студэнты з якіх атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў КНР. У 2012 годзе ў Кітай з Японіі прыбыло звыш 21 тысячы студэнтаў, што на 3 тысячы перавысіла ўзровень папярэдняга года.