Кітай: для выпускнікоў ВНУ прагназуецца цяжкі сезон працаўладкавання

- 14:26Паралелі
Выпускнікі ВНУ 2013 года хутка пакінуць родныя ўніверсітэты, аднак сітуацыя з пошукамі работы чакаецца як ніколі складаная.

Па статыстычных даных, сёлета кітайскія ВНУ закончаць 6,99 млн студэнтаў, што стане рэкордным паказчыкам у гісторыі краіны. Аднак з-за пэўнага замаруджвання тэмпаў росту кітайскай эканомікі частка прадпрыемстваў не надта жадае набіраць новых работнікаў.
Фота з сайта www.ikcla.comЗа паўгоддзе ў розных рэгіёнах Кітая адбылося каля 14 тысяч мэтавых кірмашоў вакансій і іншых падобных мерапрыемстваў для выпускнікоў ВНУ, што больш чым на тысячу перавышае паказчык аналагічнага перыяду мінулага года, аднак яны не змаглі задаволіць попыт студэнтаў.
Паводле даклада адной з кітайскіх кансалтынгавых кампаній у галіне адукацыі, з 29 кастрычніка 2012 г. па 10 красавіка 2013 г. толькі 26% рэспандэнтаў сярод магістраў склалі дагаворы аб найме на работу, што на 11 % ніжэй узроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Сярод бакалаўраў доля тых, хто заключыў дагавор аб працаўладкаванні, крыху вышэйшая — 35%, аднак гэта ніжэй за мінулагодні паказчык на 12%.
Міністэрства працоўных рэсурсаў і сацыяльнага забеспячэння, Міністэрства адукацыі і Мінфін сумесна апублікавалі цыркуляр, у якім паведамляецца, што з 2013 года выпускнікам ВНУ з маламаёмных сем’яў будзе выплачвацца аднаразовая матэрыяльная дапамога для пошуку работы.
Акрамя таго, некаторыя ВНУ сталі заахвочваць выпускнікоў да адкрыцця ўласнага бізнесу і аказваюць ім у гэтай справе значную падтрымку. Так, напрыклад, рэктар Цзіліньскага ўніверсітэта Лі Юань заявіў, што яго ўніверсітэт мае намер на працягу 3—5 гадоў павялічыць долю гэтай катэгорыі выпускнікоў да 3—5%.