Кітай: павышаюцца дзяржаўныя стыпендыі для замежнікаў

- 12:43Паралелі

Як паведамляе “Жэньмінь жыбаа” анлайн, Міністэрства адукацыі і Міністэрства фінансаў КНР выпусцілі сумеснае паведамленне аб павышэнні стыпендый кітайскага ўрада для прыцягнення замежнікаў, якія вывучаюць кітайскую мову альбо займаюцца навуковымі даследаваннямі.

У адпаведнасці з названым паведамленнем, мінімальная гадавая дапамога бакалаўрам будзе складаць 59 200 юаняў, аспірантам — 70 200 юаняў, дактарантам — 87 800 юаняў. Максімальны памер стыпендыі для бакалаўраў — 66 200 юаняў, для аспірантаў — 79 200 юаняў, для дактарантаў — 99 800 юаняў (1 долар США = 6,25 юаня). Кітай і далей будзе рэгуляваць механізмы вызначэння стандартаў стыпендый у адпаведнасці з эканамічным і сацыяльным развіццём, а таксама змяненнем цэн у краіне.
Кітайскі ўрад будзе працягваць улічваць адрозненні ва ўзроўні навучання пры прызначэнні стыпендыі, фінансавая дапамога дактарантам будзе вышэй, чым аспірантам, а аспірантам — вышэй, чым бакалаўрам. У той жа час дысцыпліны, якія вывучаюцца, таксама падзяляюцца на тры катэгорыі: гуманітарныя і сацыяльныя навукі, навука і тэхніка, мастацтва і медыцына, пры гэтым стандарты стыпендый паступова павялічваюцца ад першай да трэцяй катэгорыі.
У 50-я гады мінулага стагоддзя ў Кітаі была ўстаноўлена дзяржаўная стыпендыя для замежнікаў, якія прыязджаюць у Кітай для вывучэння кітайскай мовы ў ВНУ або правядзення навуковых даследаванняў. Стыпендыя ўключае ў сябе аплату за навучанне, пражыванне, бытавыя выдаткі і цалкам фінансуецца цэнтральным урадам.
Апошнім часам колькасць навучэнцаў, якія атрымліваюць дзяржаўную стыпендыю, хутка расце. У 2014 годзе дзяржаўную стыпендыю атрымлівалі каля 37 тысяч студэнтаў, што складае каля 10% ад усіх замежных студэнтаў, якія вучацца ў Кітаі.