Кітай: трэці этап клінічных выпрабаванняў кітайскай вакцыны супраць COVID­19 запушчаны ў Перу

Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва “Сіньхуа” са спасылкай на Дзяржаўную біятэхналагічную карпарацыю Кітая (CNBG), якая ўваходзіць у склад Кітайскай дзяржаўнай фармацэўтычнай карпарацыі Sinopharm, у Перу стартаваў трэці этап клінічных выпрабаванняў кітайскай інактываванай вакцыны супраць COVID-19.

Цырымонія запуску выпрабаванняў адбылася ў Пекіне ў чацвер. CNBG атрымала афіцыйны дазвол на клінічныя выпрабаванні вакцыны ад Міністэрства аховы здароўя Перу.

Гэта яшчэ адзін важны крок для развіцця міжнароднага супрацоўніцтва Кітая па распрацоўцы вакцыны супраць каранавіруса. Як стала вядома, 23 чэрвеня гэтага года вышэйзгаданая кітайская вакцына атрымала адабрэнне для клінічных выпрабаванняў у рамках трэцяга этапу ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а пасля — у Бахрэйне.

Трэці этап клінічных выпрабаванняў кітайскай вакцыны ў Перу будзе сумесна праведзены CNBG і перуанскімі экспертамі з Універсітэта Каэтана Эрэдыя і дзяржаўнага ўніверсітэта “Сан-Маркас”. Па словах старшыні праўлення Sinopharm Лю Цзінчжэня, ён праходзіць планава і паспяхова.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.