Кітай: устаноўлены рэкорд па разгортванні глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы

Кітай завяршыў работу па разгортванні асноўнай часткі навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы “Бэйдоу” пасля паспяховага запуску 52-га і 53-га спадарожнікаў, тым самым устанавіўшы новы сусветны рэкорд па разгортванні глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы.

Апошнія гады сістэма “Бэйдоу” ўступіла ў перыяд запускаў высокай інтэнсіўнасці. Яе галоўны канструктар Ян Чанфэн паведаміў журналістам на стартавай пляцоўцы, што да гэтага моманту былі ажыццёўлены 18 паспяховых запускаў спадарожнікаў сістэмы “Бэйдоу-3” пасля таго, як у 2017 годзе на арбіту быў выведзены яе першы спадарожнік.

“Бэйдоу” — гэта глабальная навігацыйная спадарожнікавая сістэма, самастойна пабудаваная і эксплуатуемая Кітаем. Кітай пачаў будаваць сістэму “Бэйдоу-3” у 2009 годзе, а 5 лістапада 2017 года запусціў першы спадарожнік “Бэйдоу-3”.

Дзякуючы намаганням больш як 100 тысяч вучоных і інжынераў з прыкладна 300 навукова-даследчых і вытворчых устаноў, 28 спадарожнікаў сістэмы “Бэйдоу-3” і два рэзервовыя спадарожнікі “Бэйдоу-2” былі паспяхова адпраўлены на зададзеныя арбіты на працягу прыкладна двух гадоў, сказаў Ян Чанфэн.

Сістэма “Бэйдоу” мае 3 ступені. У 2000 годзе была завершана работа над сістэмай “Бэйдоу-1”, якая прадастаўляе паслугі ў Кітаі, у канцы 2012 года — над сістэмай “Бэйдоу-2” па прадастаўленні паслуг у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Да 2020 года, як чакаецца, будзе завершана работа, звязаная з “Бэйдоу-3”, якая дазволіць прадастаўляць паслугі карыстальнікам па ўсім свеце.

Адначасова Кітай распачаў работу над стварэннем шэрага ключавых тэхналогій, якія дапамогуць пабудаваць комплексную сістэму пазіцыянавання, навігацыі і вызначэння часу PNT на аснове “Бэйдоу” да 2035 года, паведамляе “Жэньмін жыбаа анлайн”.