Кітай: жанчына атрымала вышэйшую адукацыю ў 81 год

Па інфармацыі “Сіньхуа”, 81-гадовая кітаянка Сюэ Міньсю атрымала дыплом аб заканчэнні Цяньцзінскага ўніверсітэта. Дзеля гэтага доўгачаканага моманту яна старанна працавала некалькі гадоў.

“Я лічу, што сэнс жыцця — пастаянна ставіць перад сабой новыя задачы і самаўдасканальвацца, таму хачу падзякаваць Цяньцзінскаму ўніверсітэту за каштоўную магчымасць увасобіць у жыццё мару, ажыццявіць якую ў больш раннім узросце я не змагла”, — сказала наваспечаная выпускніца на цырымоніі ўручэння дыпломаў.

Жанчына аддала належнае сучаснай сістэме дыстанцыйнага навучання, якая дазволіла ёй атрымаць вышэйшую адукацыю, а таксама выказала асаблівую падзяку выкладчыкам універсітэта, якія падтрымлівалі і дапамаглі ёй здзейсніць даўнюю мару.

Сюэ Міньсю паступіла ў Цяньцзінскі ўніверсітэт на курс “Электронная камерцыя” па праграме дыстанцыйнай адукацыі ў сакавіку 2014 года, калі ёй было 77 гадоў.

Яна была не толькі самай старэйшай студэнткай у сваёй групе, але і адной з самых руплівых — кожны дзень уставала ў 5 гадзін раніцы і перш за ўсё ўключала камп’ютар, каб займацца.

Чатыры гады Сюэ Міньсю не глядзела тэлевізар, таму што вырашыла праводзіць час больш плённа, прысвяціўшы яго вучобе.

Фінальны экзамен ёй удалося здаць толькі з сёмай спробы. У выніку яе намаганні ўвянчаліся поспехам, яна атрымала дыплом.

Гэтая 81-гадовая жанчына валодае пяццю мовамі: кітайскай, англійскай, французскай, рускай і латынню. Яна таксама добра засвоіла такія праграмы, як Excel і Photoshop. Сюэ Міньсю захапляецца фатаграфіяй, катаннем на каньках і плаваннем.